Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

"Росатом" адкрыў першы ў Беларусі Цэнтр адытыўных тэхналогій

Новы праект урада Беларусі і "Ростома" дасць магчымасць сфарміраваць у Беларусі індустрыю 3D-друку, прадукцыя якой будзе запатрабавана ў такіх стратэгічных галінах, як ракетабудаванне, авіябудаванне, машынабудаванне і медыцына.
Sputnik
МІНСК, 29 вер – Sputnik. Беларусь і Расія адкрылі ў Мінску першы ў краіне міжнародны Цэнтр адытыўных тэхналогій, які створаны дзяржкарпарацыяй "Росатом" і ўкамплектаваны найноўшымі 3D-прынтарамі.
У цырымоніі адкрыцця міжнароднага Цэнтра адытыўных тэхналогій прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер урада Беларусі Віктар Каранкевіч, кіраўнік дзяржкарпарацыі "Росатом" Аляксей Ліхачоў, дырэктар бізнес-напрамку "Адытыўныя тэхналогіі" паліўнага дывізіёна "Росатома" Ілья Кавелашвілі і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка.
Як адзначыў на адкрыцці цэнтра кіраўнік дзяржкарпарацыі "Росатом" Аляксей Ліхачоў, гэты праект быў створаны па ініцыятыве прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і накіраваны на імпартазамяшчэнне ў такіх стратэгічных галінах, як ракетабудаванне, машынабудаванне і прамысловасць у Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі.
"Вельмі важна разумець, што гэта цалкам імпартазамешчаныя тэхналогіі, гэта цалкам тэхналогіі Саюзнай дзяржавы – расійскія і беларускія. Больш за палову абсталявання выраблена ў "Росатоме", і ўсё астатняе не залежыць ні ад якога калектыўнага Захаду, ні ад Усходу. Гэта ўсё зроблена на нашай з вамі зямлі", - заявіў Ліхачоў на адкрыцці цэнтра ў Мінску.

Тэхналогіі "Росатома" застануцца ў Беларусі

Па словах кіраўніка "Росатома", у Цэнтры прадстаўлена ўся тэхналагічная лінейка прынтараў – металічныя, пластыкавыя і пясочныя.
"У прадпрыемства ёсць і вялікі экспартны патэнцыял – мы сумесна працуем для таго, каб на наступным этапе пачаць вырабляць прынтары меншых форм-фактараў і прадаваць іх за мяжу", - адзначыў Ліхачоў.
Ён дадаў, што ідэя стварыць у Беларусі такі цэнтр належыць прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. На цырымоніі адкрыцця БелАЭС ён выказаў зацікаўленасць у тым, каб тэхналогіі "Росатома" не сыходзілі з Беларусі.
"Менавіта тады прэзідэнт папрасіў, каб "Росатом" не сыходзіў з Беларусі, каб мы разгарнулі шэраг новых праектаў, так ці інакш звязаных з ядзернымі ведамі… у тым ліку і з адытыўнымі тэхналогіямі, на якіх грунтуецца цэлая галіна, без якой немагчымы ўклад у будучыню", - сказаў Ліхачоў.
Кіраўнік "Росатома" падкрэсліў, што ў далейшым дзяржкарпарацыяй разам з урадам Беларусі была створана вялікая дарожная карта, і гэты пункт – аб стварэнні Цэнтра адытыўных тэхналогій у Мінску – быў нумарам адзін.
Пры гэтым Ліхачоў адзначыў, што гэты значны праект пачынаўся некалькі гадоў таму дзякуючы старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Раману Галоўчанку, які ў той час узначальваў беларускі ўрад.
"Мы настойліва шукалі (з "Росатомом". - Sputnik) працяг сумеснага атамнага праекта. Было даручэнне прэзідэнтаў Беларусі і Расіі аб тым, што трэба выкарыстоўваць усе кампетэнцыі "Росатома" – у адытыўных тэхналогіях, ядзернай медыцыне, у IT-сферы – для таго, каб атрымаць максімум карысці для краіны і ў цэлым для Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі", - адзначыў Раман Галоўчанка на адкрыцці цэнтра.

Дарожная карта "Росатома" і ўрада Беларусі

Супрацоўніцтва Беларусі і дзяржкарпарацыі "Росатом" паспяхова развіваецца, і ўвод гэтага аб’екта – яркі прыклад рэалізацыі першага неатамнага інавацыйнага праекта, адзначыў віцэ-прэм’ер урада Беларусі Віктар Каранкевіч на адкрыцці цэнтра.
Паводле яго слоў, у дарожную карту ўрада Беларусі і "Росатома" закладзены і іншыя неатамныя праекты.
"Прадукцыя адытыўных тэхналогій ужо выкарыстоўваецца ў прамысловасці, і я ўпэўнен, што адкрыццё гэтага цэнтра дасць дадатковы імпульс у рэалізацыі новых тэхналогій, якія будуць ужывацца ў розных галінах – ад медыцыны да энергетыкі і авіябудавання", - сказаў віцэ-прэм’ер.

Імпартазамяшчэнне і падрыхтоўка кадраў

У сваю чаргу дырэктар бізнес-кірунку "Адытыўныя тэхналогіі" ("Росатом") Ілья Кавелашвілі адзначыў, што ў гэтым цэнтры будуць не толькі вырабляць прадукцыю, запатрабаваную ў розных галінах, але і рыхтаваць кадры.
"Прызначэнне гэтага цэнтра – гэта ўкараненне адытыўных тэхналогій на прадпрыемствах Беларусі і выпуск прадукцыі з новымі характарыстыкамі... Асноўнымі спажыўцамі гэтай тэхналогіі з’яўляюцца такія галіны, як авіябудаванне, ракетабудаванне, рухавікабудаванне, машынабудаванне, ахова здароўя", - сказаў ён.
Дырэктар бізнес-кірунку "Адытыўныя тэхналогіі" паліўнага дывізіёна "Росатома" Ілья Кавелашвілі
Паводле слоў Кавелашвілі, гэта будзе першы замежны Цэнтр адытыўных тэхналогій "Росатома" (сем ужо адкрыліся ў Расіі).
"Гэты цэнтр стане месцам прыцягнення, развіцця і папулярызацыі адытыўных тэхналогій у Беларусі. Мы будзем працаваць не толькі з прадпрыемствамі, канструктарамі, дырэктарамі, але і будзем запрашаць студэнтаў на навучанне і на практыку – для таго, каб выхоўваць кадры, якія прыйдуць на прадпрыемствы ў будучыні", - адзначыў ён.
Гаворачы аб важнасці адкрыцця гэтага цэнтра, Кавелашвілі адзначыў, што многія прадпрыемствы Беларусі пераходзяць ужо на друкаванне сваёй серыйнай прадукцыі.
"Спецыялісты "Росатома" пры падтрымцы беларускага ўрада аб’ехалі больш як 50 прадпрыемстваў Беларусі, правялі тэхналагічныя аўдыты, паглядзелі, дзе могуць укараняцца адытыўныя тэхналогіі, і на сённяшні дзень такія прадпрыемствы, як МАЗ, БелАЗ, Мінскі трактарны завод, 558-ы авіярамонтны завод, "Белэнергарамналадка" ужо друкуюць вырабы, якія раней закуплялі за мяжой", - сказаў Кавелашвілі.
"Праз 10 гадоў гэта дасць краіне пакаленне інжынераў і кіраўнікоў, якія ўмеюць выкарыстоўваць усе перавагі адытыўных тэхналогій", - адзначыў на ўрачыстай цырымоніі дырэктар бізнес-кірунку "Адытыўныя тэхналогіі" Паліўнага дывізіёна "Росатома" Ілья Кавелашвілі.
Аб тым, што "Росатом" адкрыў першы ў Беларусі Цэнтр адытыўных тэхналогій, было аб’яўлена на міжнароднай выставе "ИННОПРОМ. Беларусь", якую наведалі прэм’еры-міністры краін СНД.
Як адзначылі ў дзяржкарпарацыі "Росатом", за год беларускі цэнтр адытыўных тэхналогій зможа вырабляць да 1,5 тон вырабаў з розных металаў, да 3 тон пясчана-палімерных форм і да 100 кг вырабаў з інжынерных пластмас у год.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі
Расійская кампанія лакалізуе вытворчасць трох аналагаў інсуліну ў Беларусі