МІНСК, 8 кас – Sputnik. Наступныя 48 гадзін перагавораў Ізраіля і ХАМАС у Егіпце будуць мець вырашальнае значэнне для перспектыў урэгулявання канфлікту ў сектары Газа, пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Непрамыя перагаворы паміж дэлегацыямі руху ХАМАС і Ізраіля пры ўдзеле пасрэднікаў з Егіпта, Катара і Турцыі пачаліся ў панядзелак, 6 кастрычніка.
Як паведамляе тэлеканал Fox News, Трамп паставіў задачу перад сваімі амерыканскімі прадстаўнікамі на перагаворах Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам перад іх паездкай у Егіпет дамагчыся заключэння здзелкі паміж бакамі канфлікту.
Галоўная тэма перагавораў – умовы вызвалення заложнікаў-ізраільцян, іх абмен на палесцінскіх зняволеных, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах.
Пры гэтым рух ХАМАС ужо заявіў у мінулую пятніцу, што гатоў адпусціць усіх заложнікаў і перадаць целы загінулых, як гэта прапанаваў прэзідэнт ЗША. Амерыканскі лідар таксама заяўляў, што Ізраіль павінен неадкладна спыніць удары па сектары Газа.
План Трамп
Раней прэзідэнт ЗША вызначыў шэраг крокаў урэгулявання канфлікту і аднаўлення мірнага жыцця ў сектары Газа. Адпаведны план, які складаецца з двух дзясяткаў пунктаў, апублікаваў Белы дом.
У прыватнасці, ён прадугледжвае неадкладнае спыненне канфлікту, вывад ізраільскіх войск і спыненне баявых дзеянняў у абмен на вызваленне ізраільцян-заложнікаў, якія знаходзяцца ў палоне ў ХАМАС.
У дакуменце таксама прадугледжваецца, што сектар Газа будзе "пазбаўлены тэрарызму" і перабудаваны. Па плане гаспадара Белага дома, ХАМАС і іншыя групоўкі павінны адмовіцца ад кіравання сектарам Газа як прама, так і ўскосна.
Акрамя гэтага, Трамп прапанаваў амністыю для членаў ХАМАС – яна закране тых, хто здасць зброю.
План таксама прадугледжвае часовае кіраванне сектарам Газа тэхнакратычнымі ўладамі пад наглядам спецыяльна створанага міжнароднага органа, які ўзначаліць Трамп, і іншыя моманты.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"