Фота

Беларускія "зубры" бездарожжа: гоначная гісторыя "МАЗ-СПОРТаўто" ў фатаграфіях

"Чырвоныя зубры" – так называюць беларускую каманду балельшчыкі – за 15 гадоў сабралі мноства трафеяў за перамогі і прызавыя месцы ў розных ралійных гонках. Яркія моманты з гоначнага жыцця "стайні" глядзіце ў фотастужцы Sputnik.
Sputnik
Загад аб стварэнні каманды "МАЗ-СПОРТаўто" быў падпісаны 1 снежня 2010 года, хаця да гэтага беларускія грузавікі паспелі паказаць сябе як на цяжкім бездарожжы ў расійскім і еўрапейскім першынствах, так і ў кальцавых гонках на легендарных трасах – прычым паспяхова.
За 15 гадоў існавання "МАЗ-СПОРТаўто" экіпажы на спартыўных грузавіках у чырвонай ліўрэі праехалі дзясяткі гонак на некалькіх кантынентах і сабралі цэлую калекцыю кубкаў за прызавыя месцы, у тым ліку на "Шаўковым шляху" і "Дакары".
Гісторыю каманды, якая налічвае ўжо дзясяткі тысяч кіламетраў, глядзіце ў фотастужцы Sputnik.
1 / 16

Гоначная гісторыя мінскіх грузавікоў пачалася яшчэ 1980-х, і пісалі яе вадзіцель "Саўтрансаўта" Сяргей Бялько, а потым адзін з лепшых беларускіх гоншчыкаў тых часоў Генадзь Драпкін. МАЗы спаборнічалі ў тым ліку на легендарных трасах "Нюрбургрынг" у Германіі і "Хунгарынг" у Венгрыі. Лепшы вынік беларускіх грузавікоў – другое месца ў французскім Дыжоне ў 1992 годзе.

2 / 16

"Кальцавую" гісторыю грузавікоў, пабудаваных у Мінску, затым змяніла пазадарожная – прычым больш паспяховая. Каманда "МАЗ-Яравіт" у канцы 1990-х – пачатку 2000-х вызначалася ў чэмпіянатах Расіі і Еўропы па трак-трыяле. Чэмпіёнамі Еўропы ў 2000 годзе сталі Пётр Орсік і Дзмітрый Кніга.

3 / 16

Грузавік-легенду аднавілі ў 2019 годзе – ён знаходзіцца ў цалкам працоўным стане. Атрымалася ўзнавіць нават арыгінальны вонкавы від па фатаграфіях.

4 / 16

Гоначныя МАЗы ва ўжо звыклай нам чырвонай ліўрэі з’явіліся ў 2010 годзе – дакладней грузавік быў на той момант у адзіным экзэмпляры, на ім экіпаж у складзе пілота Пятра Орсіка, штурмана Андрэя Рудніцкага і механіка Дзмітрыя Запарошчанкі ўдзельнічаў у ралі-рэйдзе "Шаўковы шлях", фінішаваўшы па выніку на 12 месцы.

5 / 16

Многія сапернікі не верылі, што беларусы дабяруцца да фінішу на фактычна серыйным грузавіку, дапрацаваным пад тэхнічны рэгламент ралі-рэйду.

6 / 16

У наступным годзе ўжо ў афіцыйным статусе заводскай каманды "МАЗ-СПОРТаўто" выставіла на "Шаўковы шлях" два грузавікі, і абодва яны таксама даехалі да фінішу.

7 / 16

Затым надышоў час "Дакара" – самага складанага і небяспечнага ралі-рэйду планеты, у якім у грузавым заліку традыцыйна перамагалі расіяне на КамАЗах. Беларусы выставілі на "Дакар-2012" два экіпажы.

8 / 16

Але ў тым годзе поспех адвярнуўся нават ад "КАМАЗ-МАЙСТАР" (лепшым з расіян стаў Артур Ардавічус, які фінішаваў трэцім), а адзін з МАЗаў сышоў на сёмым этапе з-за тэхнічных праблем.

9 / 16

Калі поспеху ў "Шаўковым шляху" каманда дасягнула амаль адразу – першую "бронзу" экіпаж Сяргея Вязовіча, Дзмітрыя Віхрэнкі і Аляксандра Палішчука заваяваў ужо ў 2013-м...

10 / 16

...і праз 10 гадоў у скарбонцы каманды з’явілася першая ўзнагарода за "золата" ралі-рэйду...

11 / 16

...а ўсяго прызавых кубкаў за "Шаўковы шлях" у каманды пяць – трэцяе месца ў 2013-м, 2022-м і 2024-м, другое ў 2021-м, і першае ў 2023-м...

12 / 16

...то поспех у "Дакары" каманда святкавала праз шэсць гадоў пасля першага старту ў ралі-рэйдзе – у 2018 годзе Сяргей Вязовіч, Павел Гаранін і Андрэй Жыгулін сталі другімі, прайграўшы толькі Эдуарду Мікалаеву на КамАЗе. Ззаду засталіся знакамітыя каманды на грузавіках Iveco, Hino, MAN і Tatra, а таксама астатнія экіпажы "КАМАЗ-МАЙСТАР".

13 / 16

А на "Дакары-2020" быў паспяхова выпрабаваны новы грузавік капотнай кампаноўкі – фінішам на трэцім месцы.

14 / 16

МАЗы перамагалі ў Morocco Desert Challenge (на фота), у ралі-рэйдах "Амуль-Хазар" і Turkmen Desert Race.

15 / 16

І напярэдадні 15-годдзя каманда зрабіла сабе падарунак і заняла першыя тры месцы бахі "Вялікі стэп" – гэта завяршальны этап чэмпіянату Расіі па ралі-рэйдах.

16 / 16

Балельшчыкі звычайна бачаць гоначныя грузавікі, якія на вялікай хуткасці праносяцца міма іх, аднак карэспандэнтам Sputnik аднойчы ўсміхнулася ўдача пабываць у кабіне спартыўнага МАЗа і выпрабаваць на сабе адчуванні язды па бездарожжы, праўда, у якасці пасажыраў.

Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"