"Увядзенне прыйшло, зіму прывяло…", або Снежаньскае частаванне з поснымі ноткамі

Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае гісторыю праваслаўнага свята Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы, раіць прыслухацца да народных прыкмет снежня ды прапануе прыгатаваць па старажытных посных рэцэптах клёцкі спускныя ды водарны суп з сушаных грыбоў.
Sputnik
4 снежня ў народным календары пазначаны як памятны дзень, прысвечаны Увядзенню ў храм Прасвятой Багародзіцы. Гэтае хрысціянскае свята, заснаванае на позніх апокрыфах, распавядае аб тым, як бацькі Божай Маці – святы Іаакім і святая Ганна, – выконваючы зарок прысвяціць сваё дзіця Богу, у трохгадовым узросце прывялі дачку Марыю ў Іерусалімскі храм, пры якім яна жыла 12 гадоў да сваіх заручын з праведным Іосіфам.
Абраз Божай Маці ў вясковай хаце
Назву афіцыйнага свята праваслаўнай царквы Увядзенне (ці інакш Вадзенне) народ тлумачыў па-свойму.
Па-першае, Бог прыводзіць на зямлю зіму.
"Увядзенне прыйшло, зіму прывяло…"
Па-другое, у лесе, збіраючыся ў зграі, "водзяцца ваўкі".
Воўчая зграя
І, урэшце, па-трэцяе, частуючы варэнікамі з мёдам і макам, "водзяць па хатах Барбару", прысвятак якой таксама адзначалі ў гэты дзень.
Мёд у сподку

"Пень-калода, чы заўтра будзе пагода?.."

Зіма пачалася з адсутнасці снегу, таму пакуль апошні месяц года сваю назву "снежань" не апраўдвае. Сёлета яму больш адпавядае старабеларускае найменне – "прасінець", што азначае "прасвет у аблоках".
І сапраўды, бліжэйшыя дзесяць дзён сіноптыкі абяцаюць плюсавую тэмпературу. У Беларусі снежань – найбольш пахмурны месяц у годзе, ды і трывалых моцных маразоў у ім амаль не здараецца. Дарэчы, адлігі ў гэты час – звычайная справа. І асабліва пасля Увядзення, калі чакаецца магчымае пацяпленне. З гатай нагоды ў народзе казалі:
"Уведзенне разбіваець ледзенне",
а яшчэ
"На Увядзенне не бываець лядзенне".
Аднак жыхары беларускіх вёсак добра ведалі, што адсутнасць снегу кепска ўплывае на прыроду і будучы ўраджай. Як прыкмячалі продкі:
"У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха".
"Прасінець" азначае "прасвет у аблоках"
Мабыць, таму сяляне ў выпадках цёплай маласнежнай зімы, каб атрымаць патрэбную колькасць вільгаці вясною, выконвалі адмысловае снегазатрыманне.
Наогул, па зімовых снежаньскіх прыкметах вяскоўцы вызначалі стан надвор’я ў будучым годзе. Так, добрае надвор’е першага снежня прадракала раннюю і пагодлівую вясну. Наступны дзень адказваў за сенакос, трэці – за жніво... І такім чынам за надвор’ем сачылі ўсю Піліпаўку.
Існавалі і гаспадарчыя прыкметы, накшталт з’яўлення кропель вільгаці на саланіне (да дажджу) ды стаяння свойскай гусі на адной назе (да марозу).
А яшчэ, калі дровы ў печы весела гараць, то гэта верная прыкмета, што ў ёй хутка згатуецца абед!
Дровы ў печы весела гараць

Абед на Увядзенне – адно заглядзенне!

Паколькі цяпер працягваецца перадкалядны пост, то самы час занатаваць у кулінарны сшытак новыя рэцэпты посных страў старажытнай беларускай кухні.

Грыбны суп

З чаго гатаваць:
30 г сушаных грыбоў,
250 г агародніны (морква, караняплоды пятрушкі, сельдэрэю і пастарнаку),
1-2 цыбуліны,
40 г алею,
1 ст. л. мукі,
1 ст. л. здробленай зеляніны кропу,
соль (да смаку).
Грыбы для стравы
Як гатаваць. Добра вымыць сухія грыбы, заліць іх халоднай вадой у патрэбным аб’ёме, дадаць цыбулю і паставіць варыць. У сярэдзіне варкі пакласці скрышаную кубікамі наступную агародніну – моркву, караняплоды пятрушкі, сельдэрэю і пастарнаку.
Падрумяніць на сухой патэльні муку, змяшаць яе з алеем, развесці ахалоджаным грыбным булёнам да ўтварэння негустой аднароднай масы. Уліць атрыманую закалоту ў працэджаны булён, дадаць нарэзаныя грыбы, соль, даць закіпець і заправіць дробна парэзаным кропам.
Духмяны грыбны суп
Грыбны суп падаюць з падсмажанымі на алеі грэнкамі з часнаком. Аднак замест іх можна згатаваць ячную кашу ці мучныя клёцкі.

Клёцкі спускныя посныя

З чаго гатаваць:
400 г мукі,
вада (па патрэбе),
цыбуля (для смажання),
соль (да смаку).
Клёцкі посныя
Як гатаваць. У прасеяную муку дадаць соль і паступова ўліваць вады столькі, каб атрымалася негустое цеста, якое можна набіраць лыжкай. Таксама, каб клёцкі былі больш пышныя, цеста трэба добра выбіць лыжкай – такім чынам яно ўбярэ ў сябе больш паветра.
Лыжкай, змочанай у вадзе, выкладваюць невялікія кавалачкі цеста ў падсолены кіпень. Калі клёцкі ўсплывуць, трэба перакласці іх у друшляк і абліць гарачай вадой.
Дарэчы, падобныя клёцкі ў пост могуць быць асобнай стравай, тады да іх смажыцца на алеі цыбуля, якой яны здабрываюцца.
Смачна есці на посным цесце!
Цыбулька да клёцак
Чытайце таксама:
"Хутка Піліпей – гатуем стол смачней", або "Морозцы" для павітухі
"Ад Матроны зіма становіцца…", або Традыцыйныя стравы позняй восені
"На двары лёд – кавалю мёд…", або Святочная кухня на Кузьмінкі