МІНСК, 25 сак – Sputnik. Беларускія вытворцы пашыраюць асартымент прадукцыі для дзіцячага і школьнага харчавання, заявіла журналістам першы намеснік старшыні канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Таццяна Шадко, перадае карэспандэнт Sputnik.
Асноўнымі патрабаваннямі, паводле яе слоў, з’яўляюцца захаванне жорсткіх стандартаў якасці, натуральнасць і смак.
Сёння ў Мінску прайшоў Дзень якасці плодаагародніннай прадукцыі для школьнага і дашкольнага харчавання, у рамках якога была прадстаўлена прадукцыя айчынных вытворцаў кансерваў для дзяцей.
"Кантроль якасці забяспечваецца на ўсіх этапах вытворчага працэсу. Ва ўсіх арганізацыях кансервавай галіны, якія ўваходзяць у канцэрн, функцыянуюць выпрабавальныя лабараторыі", - заявіла Шадко.
Паводле яе слоў, прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Белдзяржхарчпрам, пастаянна павялічваюць вытворчасць кансерваванай прадукцыі для школьнага харчавання. У першую чаргу размова ідзе аб соках прамога адціскання.
Патрабаванні да сокаў і сокавай прадукцыі ўзмоцнены ў сувязі з тым, што з-за мяжы ў Беларусь паступае шмат кантрафактнай прадукцыі.
Аб гэтым было паведамлена ўраду, пасля чаго былі распрацаваны метадычныя ўказанні па ідэнтыфікацыі, ідэнтычнасці, натуральнасці сокавай прадукцыі, якія сталі прымяняцца з 1 снежня 2025 года.
Пячэнне з вітамінамі
Першы намеснік старшыні Белдзяржхарчпрама адзначыла, што айчынныя вытворцы імкнуцца да пашырэння асартыменту карыснай, смачнай і якаснай прадукцыі для дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту.
Акрамя кансерваванай агародніннай прадукцыі, вырабляюцца фруктова-малочныя кактэйлі, раслінныя сокі на аснове арэхаў і збожжавых, пюрэ з садавіны і агародніны, соусы, замарожаныя сумесі.
Таксама ў Беларусі некалькі гадоў таму сталі выпускаць гэтак званыя карысныя прысмакі, якія вельмі падабаюцца дзецям. Гаворка ідзе пра жавальны мармелад з натуральнага соку.
Акрамя гэтага, беларускія кандытары сталі выпускаць спецыяльнае пячэнне для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, якое ўзбагацілі вітамінамі і мінераламі.
На Дні якасці таксама паведамлялася аб тым, што ў Беларусі вырабляецца замарожаная агародніна спецыяльна для школьнага харчавання: бульба, брокалі, капуста, агуркі памідоры, буракі, гарошак, шампіньёны.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"