МІНСК, 6 ліп — Sputnik. Мерапрыемства прысвечана ваеннай і свецкай культуры, традыцыям нашых продкаў і ставіць сваёй мэтай сфармаваць і ўмацаваць павагу да гісторыі Бацькаўшчыны.
Галоўнае мерапрыемства фестывалю "Наш Грунвальд" — рэканструкцыя бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года каля прусскага мястэчка Грунвальд паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім.
"Святкаванне гадавіны легендарнай перамогі нашых продкаў пад Грундвальдам, галоўным мерапрыемствам якога ў Беларусі ў апошнія гады з'яўляецца фестываль "Наш Грунвальд", ставіць сваёй мэтай прыцягненне ўвагі шырокіх слаёў грамадскасці да забытых старонак гісторыі нашай краіны", — распавялі арганізатары мерапрыемства.
Штогод у межах фестывалю ладзяцца рыцарскія турніры, турніры лучнікаў, масавыя бітвы, відовішчныя конныя турніры па правілах XIV стагоддзя, а адразу на некалькіх канцэртных пляцоўках праходзяць канцэрты з удзелам лепшых фольк і рок калектываў Беларусі, Украіны і іншых краін, ладзяцца майстар-класы па сярэднявечных танцах, працуе "горад майстроў".
Пляцоўкі фестывалю:
- рысталішча — галоўная пляцоўка фестывалю, на якой будуць праходзіць спаборніцтвы рыцараў (маштабны конны турнір, пешы рыцарскі турнір і турнір зброеносцаў, бітва пяцёрак, турнір лучнікаў, турнір алебардзістаў, тэатралізаваная рэканструкцыя "Грундвальскай бітвы");
- канцэртная пляцоўка — дзве сцэны, на якіх цягам двух дзён будуць выступаць рок-фольк гурты;
- цэнтральная пляцоўка сядзібы "Дудуткі" — на ёй будуць ладзіцца майстар-класы па старажытных танцах, тэатралізаваныя пастаноўкі, сярэднявечныя гульні, удзел у якіх зможа ўзяць любы ахвочы;
- гандлёвыя рады — цягам часу ўсяго фестывалю тут можна будзе пазнаёміцца з работай майстроў і рамеснікаў;
- інтэрактыўныя пляцоўкі прапануюць гасцям фестывалю паўдзельнічаць у сярэднявечных гульнях, спаборніцтвах, вывучыцца страляць з лука і арбалета.