13:14 21 кастрычніка 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.56
  • EUR3.02
  • 100 RUB3.29
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
Мінск у творах беларускіх пісьменнікаў (5)
57130

Sputnik прачытаў "Гісторыі" Адама Глобуса і пераканаўся: наяўнасць у Мінску чорта многае магло б патлумачыць і расставіць па месцах.

Алена Васільева, Sputnik.

Доўгі час мiнчукам заставалася зайздросціць Вільні — не толькі таму, што ў іх "Акропаліс", "Ікеа" і зона еўра, але і таму, што ў літоўцаў ёсць Макс Фрай з "Казкамі старога Вільнюса", а ў нас з замацаваннем гарадской міфалогіі ў літаратуры ўсе неяк не складвалася. Адам Глобус усё выправіў і пашырыў сумнаватую мінскую рэальнасць, стварыўшы своеасаблівую "Беларусь у фантастычных апавяданнях-2.0".

Міфалагізаванасць горада — самы відавочны паказчык таго, што ён вырас і развіўся з геаграфічнай з'явы ў культурную. Мінску уласнай міфалогіі адчайна бракавала, а Глобус у сваёй новай кнізе адпраўляе Сіняга чорта ў мясцовыя начныя клубы, іншага прыстаўляе да ўніверсама "Цэнтральны", яшчэ аднаго ў метафізічным абліччы "шэрага шэпта" спускае ў метро. З атрафаваным пачуццём гумару за чытанне лепш не брацца.

Знарочыста праставатыя іранічныя апавяданні Адама Глобуса, створаныя наўмысна па падабенстве лагерных баек ля вогнішча, разгортваюцца ў вышэйшай ступені імкліва і заканчваюцца нечакана. Замест "чорнай-чорнай-рукі" ў "чорным-чорным-пакоі" у Глобуса — залатая ліса на Мінскім моры, белая свінка ў Раўбічах і шэры хамелеон ў бары "Добры настрой" пры ЦУМе. Пазнавальныя краявіды скараюць тых, каго не да канца скарыла пачуцце глобусаўскага гумару. Каб ад раптоўна вялізнай канцэнтраці паганскай магіі ў Мінску ўразлівы чытач не разгубіўся, Глобус падзяліў зборнік на чатыры часткі — "Гісторыі пра людзей", "Гісторыі пра рэчы і з'ява", "Гісторыі пра горад", "Гісторыі пра жывёл". Ілюстрацыі да зборніку мастак і пісьменнік выканаў асабіста.

Вядомы прыхільнік Мінска і карэнны мінчук, Глобус як ніхто ведае горад: у інтэрв'ю ён успамінае, як з сябрамі, якія "называлі сябе цэнтравымі", збіраліся ля "Акварыума" ў Цэнтральным — абмеркаваць новы альбом AC/DC. Адсюль у апавяданнях выдуманая рэчаіснасць цесна пераплецена з рэальнымі гісторыямі горада — ад Глобуса даведаемся, што "Палац мастацтваў" стаіць на былых прыкасцёльных могілках.

Чорты рознага кшталту ўпісаліся ў мінскую рэчаіснасць у вышэйшай ступені гарманічна. Калі ўзгадаць, што Зеўса і Геру, кітоў і чарапах людзі стваралі сабе ў складаныя хвіліны, калі свет здаваўся асабліва незразумелым і неўпарадкаваным, матывы Глобуса становяцца зразумелыя. Можна прыкладаць колькі заўгодна намаганняў, каб растлумачыць, што адбываецца з горадам і краінай апошнія NN гадоў, адкуль на Нямізе — дом Чыжа, а ў валютнага курсу — прагрэсуючая тахікардыя, а можна проста пасяліць у Мінску нячыстага, зваліць на яго адказнасць — і ўсе беды горада адразу стануць персаналізаваныя і зразумелымі.

Даведка Sputnik.by:

Новую кнігу Адама Глобуса "Гісторыі" можна набыць у кнігарні "Логвінаў". Кошт асобніка — 98 тысяч рублёў.

Тэмы:
Мінск у творах беларускіх пісьменнікаў (5)
Тэги:
Адам Глобус, Мінск

Галоўныя тэмы