МІНСК, 18 лют — Sputnik. Для аматараў творчасці Янкі Купалы стварылі спецыяльны сайт, які пасля рэгістрацыі пачынае дасылаць вершы беларускага класіка на паштовую скрыню.
"Карысная рассылка для тых, хто хоча больш ведаць пра беларускую літаратуру, але каму заўсёды не хапае часу. Падпішыцеся і атрымлівайце кожны дзень па аднаму вершу Янкі Купалы. Няхай ваш дзень пачнецца з натхнення, а не з офіснай руціны!" — пішуць пра свой праект стваральнікі.
Усяго падрыхтавана сто вершаў "песняра", на думку аўтараў ідэі, гэта дазволіць ужо праз некаторы час смела казаць любому падпісанту, што ён добра знаёмы з творчасцю Янкі Купалы.
Нагадаем, па ўсёй Беларусі праходзяць урачастыя мерапрыемствы ў гонар адкрыцця 135-га, юбілейнага года з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.