02:37 25 лістапада 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.55
  • EUR3.03
  • 100 RUB3.37
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
18250

Сярод прадстаўленых на выставе карцін - знакамітыя палотны "Ісус Хрыстос", "Дрыяда", "Ізіда".

МІНСК, 22 сак — Sputnik. Выстава жывапісных і графічных работ Аляксандра Ісачова "Ля забытых алтароў" адкрылася ў мінскай галерэі "Арцель". Яна прымеркавана да 30-годдзя выставы мастака ў палацы Прафсаюзаў — людзі тады выстойвалі вялізныя чэргі, каб зірнуць на творы Ісачова.

На выставе прадстаўлены каля 70 эскізаў і карцін з калекцыі Алега Арлова. Мастак, музыкант, калекцыянер твораў мастацтва, ён з пачатку нулявых гадоў збірае работы Аляксандра Ісачова і гаворыць, што ў тым, як складалася яго калекцыя, ёсць нешта містычнае.

Трыпціх Магія: Індыя, Еўропа, Сярэднявечча
© Sputnik / Анастасия Волчок
Трыпціх Магія: "Індыя", "Еўропа", "Сярэднявечча"

Так, літаральна месяц таму яму ўдалося купіць часткі страчанай карціны "Магія" — яны на працягу 35 гадоў захоўваліся ў жыхара Рэчыцы.

Калекцыянер Алег Арлоў месяц таму набыў фрагмент карціны Магія
© Sputnik / Анастасия Волчок
Калекцыянер Алег Арлоў месяц таму набыў фрагмент карціны "Магія"

Таксама на выставе можна ўбачыць фрагмент няскончанай карціны "Дыяніс", разарванай папалам самім мастаком.

Дыяніс, фрагмент
© Sputnik / Анастасия Волчок
"Дыяніс", фрагмент

Выстава "Ля забытых алтароў" — 17-я па ліку ў Беларусі. Кожны раз выстава твораў Ісачова прыцягвае мноства аматараў мастацтва.

"Я бачыў, як людзі плачуць, стоячы перад карцінамі", — распавёў Алег Арлоў.

Прарок, Лот, Цар Саламон
© Sputnik / Анастасия Волчок
"Прарок", "Лот", "Цар Саламон"

У сваёй творчасці Аляксандр Ісачоў звяртаўся да рэлігійнай і міфалагічнай тэматыкі. Сярод прадстаўленых на выставе карцін — знакамітыя палотны "Ісус Хрыстос", "Дрыяда", "Ізіда".

Акно, Ізіда
© Sputnik / Анастасия Волчок
"Акно", "Ізіда"

Па словах Алега Арлова, жывапіс Ісачова ні аднаго чалавека не пакідае абыякавым: хтосьці хваліць мастака, які рана пакінуў гэты свет, хтосьці, у асноўным людзі з прафесійнай мастацкай адукацыяй, называе яго творы кічам. Але нельга не прызнаць, што Ісачоў, які год не дажыў да ўзросту Хрыста, што сумна і строга пазірае на наведвальнікаў галерэі з яго карцін, пакінуў гіганцкую культурную спадчыну, палотны Ісачова знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце, і нават два экс-прэзідэнта — Жак Шырак і Рональд Рэйган — захоўваюць карціны рэчыцкага мастака.

Жывапіс Ісачова нікога не пакідае абыякавым
© Sputnik / Анастасия Волчок
Жывапіс Ісачова нікога не пакідае абыякавым

Жыццю і творчасці Аляксандра Ісачова прысвечаны шматлікія артыкулы — не толькі ў прэсе, але і ў акадэмічных выданнях, выпушчана некалькі каталогаў яго твораў, а ў 1987 годзе на кінастудыі "Беларусьфільм" выйшаў паўнаметражны дакументальны фільм "Не плачце па мне…" рэжысёра Анатоля Алая, асноўная частка якога была знятая падчас першай выставы мастака.

Алег Арлоў дэманструе каталог твораў Ісачова. На стале - падручнік гісторыі Беларусі за 9 клас, дзе мастаку прысвечаны параграф
© Sputnik / Анастасия Волчок
Алег Арлоў дэманструе каталог твораў Ісачова. На стале - падручнік гісторыі Беларусі за 9 клас, дзе мастаку прысвечаны параграф

Аляксандр Ісачоў нарадзіўся 11 студзеня 1955 года ў пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У пачатку 70-х гадоў жыў у Ленінградзе, дзе ствараў абстрактныя і сюррэалістычныя карціны і ўдзельнічаў у выставах мясцовага андэграўнду. У сярэдзіне 1970-х Ісачоў вярнуўся ў Рэчыцу, дзе і стварыў свае асноўныя творы. Ён напісаў мноства ікон для Рэчыцкай царквы, распісаў храм у Мазыры. 5 снежня 1987 года (праз тры днi пасля заканчэння першай у сваім жыцці персанальнай выставы ў Рэчыцы, якую наведала каля 20 тысяч гледачоў) Ісачоў памёр ад сардэчнага прыступу каля мальберта ў сваёй майстэрні. За свае 32 гады Аляксандр Ісачоў стварыў каля 500 жывапісных карцін і тысячы графічных работ.

Тэги:
выстава, жывапіс, мастацкая галерэя "Арцель", Аляксандр Ісачоў, Мінск, Беларусь

Галоўныя тэмы