МІНСК, 14 мая — Sputnik. Прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні 2018", украінскі поп-спявак Alekseev заняў самае нізкае месца ў гісторыі ўдзелу рэспублікі ў міжнародным песенным конкурсе.
"Еўрабачанне 2018" завяршылася ў ноч з суботы на нядзелю ў Лісабоне, перамогу ў міжнародным конкурсе атрымала спявачка Нета Барзілай з Ізраіля. Беларускі ўдзельнік Alekseev у фінале шоу не выступаў — не змог прайсці далей паўфіналу.
Пасля завяршэння конкурсу арганізатары "Еўрабачання" апублікавалі вынікі галасавання ў паўфіналах. Як ужо паведамляў Sputnik, у першым паўфінале Alekseev зарабіў 65 балаў і заняў 16-е месца з 19 канкурсантаў.
Пазней фанаты шоў склалі рэйтынг усіх канкурсантаў "Еўрабачання" гэтага года і высветлілі: у "агульным заліку" Alekseev заняў толькі 37-е месца. Характэрна, што суседнічае з ім расіянка Юлія Самойлава — яна на 36-м месцы.
Такім чынам, вынік Alekseev на конкурсе стаў горшым за ўсе гады ўдзелу Беларусі ў "Еўрабачанні". Да гэтага моманту самым нізкім месцам было 36-е ў Паліны Смолавай у 2006 годзе, а замыкае "антырэйтынг" беларускіх выступленняў Руслан Аляхно.
Калі ацэньваць выключна па колькасці балаў, а не месцы, то Alekseev выступіў на ўзроўні групы Litesound (2012), а меншыя ацэнкі былі толькі ў Аляхно і Смолавай.
Высокія ацэнкі Alekseev у паўфінале "Еўрабачання" паставілі толькі дружалюбныя Беларусі Арменія і Азербайджан. Ацаніла яго таксама журы з Албаніі — на сем з 12 балаў. Яшчэ некалькі краін паставілі яму па некалькі балаў.