13:04 11 снежня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.12
  • EUR2.42
  • 100 RUB3.20
На працягу ўсяго ХІХ веку сукенкі мяккія, бескаркасныя

Гарсэты push up і стыль мілітары: як апраналіся ў часы Напалеонаўскіх войнаў

© Sputnik / Анастасия Волчок
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
20384

Што было модна сярод беларускіх шляхціцаў у пачатку XIX стагоддзя, як адбывалася эвалюцыя бальнай сукенкі і навошта аловак на мундзіры ад'ютанта, Sputnik даведаўся на выставе "Куфэрак: на вайне і ў бальнай зале".

Калі справядліва сцверджанне, што мода — люстэрка эпохі, у пачатку XIX стагоддзя ў ім можна было ўбачыць адлюстраванне "апошняй прыгожай вайны": бездакорна элегантныя мундзіры і лёгкія сукенкі, якія падкрэсліваюць далікатнасць і жаноцкасць. У гэтым годзе выстава "Куфэрак" ахоплівае першую палову XIX стагоддзя, тут можна ўбачыць ваенныя мундзіры рускай і французскай арміі, а таксама жаночыя касцюмы, у якіх, як мы б сказалі цяпер, выразна прасочваецца стыль "мілітары".

Гусарскія матывы ў жаночай вопратцы

Выставачная зала Лошыцкай сядзібы ўмоўна падзелена на 2 часткі. У першай прадстаўлены касцюмы часоў Напалеонаўскай вайны 1812 года.

Сукенка выканана па партрэце 1811 года княгіні Маргарыты Даўгарукай. Яе можна назваць высокай модай свайго часу
© Sputnik / Анастасия Волчок
Сукенка выканана па партрэце 1811 года княгіні Маргарыты Даўгарукай. Яе можна назваць "высокай модай" свайго часу

Побач — мундзір генеральскага старэйшага ад'ютанта па пяхоце расійскай імператарскай арміі.

"Яго адметная асаблівасць — аксельбант, які і з'яўляўся знакам, і быў функцыянальнай дэталлю мундзіра штабных афіцэраў, — распавядае Дзмітрый Ракаў, кіраўнік клуба ваеннай рэканструкцыі" Фузілёры-грэнадзёры імператарскай гвардыі". — Тут прысутнічаюць аловачкі, якімі пісалі даручэнні адразу на месцы і адпраўлялі".

Аловачкі, якімі ад'ютанты пісалі даручэнні
© Sputnik / Анастасия Волчок
Аловачкі, якімі ад'ютанты пісалі даручэнні

У мундзіры ўсяго адзін эпалет, і гэта таксама з'яўляецца яго адметнай асаблівасцю, як і залатое поле — у ад'ютантаў у палках палі ў эпалетаў былі каляровыя.

Фрачны крой з фалдамі стварае модны ў тыя часы вытанчаны сілуэт. Мундзір старанна саджалі па фігуры гаспадара.
© Sputnik / Анастасия Волчок
Фрачны крой з фалдамі стварае модны ў тыя часы вытанчаны сілуэт. Мундзір старанна саджалі па фігуры гаспадара.
Узнагароды на мундзіры - за ўдзел у рэканструкцыі бітваў і копія медаля ў памяць вайны 1812 года, які выдаваўся ўсім удзельнікам вайны з 1813-14 гадоў
© Sputnik / Анастасия Волчок
Узнагароды на мундзіры - за ўдзел у рэканструкцыі бітваў і копія медаля ў памяць вайны 1812 года, які выдаваўся ўсім удзельнікам вайны з 1813-14 гадоў

Французскі касцюм прадстаўлены шынялём і двувуголкай.

Галаўны ўбор дамы па сваім фасоне і ўпрыгожванню капіруе ўланскі ківер-канфедэратку
© Sputnik / Анастасия Волчок
Галаўны ўбор дамы па сваім фасоне і ўпрыгожванню капіруе ўланскі ківер-канфедэратку

"Мы падумалі, што будзе вельмі міла, калі ён будзе падобны да Напалеона, — усміхаецца Маргарыта Шаўцова, адзін з арганізатараў выставы. — У пару да яго паставілі даму ў пелісе, каб паказаць, як вайна адбівалася ў жаночым гардэробе".

Пеліс - род верхняга адзення ў гусарскім стылі
© Sputnik / Анастасия Волчок
Пеліс - род верхняга адзення ў гусарскім стылі

Шынель належыць фузілёру-грэнадзёру арміі Напалеона.

"У гэтага палка быў своеасаблівы колер шыняля — не цёмна-сіні, як у большай частцы гвардыі, а бліжэй да васільковага, у французскай традыцыі называўся gris de fer, сталёвы колер. Гэта розныя адценні светла-сіняга колеру", — звяртае ўвагу наведвальнікаў Дзмітрый.

У дадзеным выпадку гэта стандартны шынель з гузікамі, які насілі ў пяхотных падраздзяленнях. Двувугольную шапку маглі апранаць і ў паходах, і ў бітвах, пры выхадной форме ў горадзе ці адпраўляцца ў ёй на баль.

Гарсэты з эфектам пуш-ап

У вітрыне можна ўбачыць як рэплікі, так і антыкварныя прадметы. Гарсэты пачатку XIX стагоддзя не фармавалі талію. Яны патрэбныя былі для таго, каб, па-першае, падтрымліваць спіну, па-другое — грудзі.

"У гэты час сукенка не аблягала фігуру, затое вельмі добра падкрэслівала грудзі. Каб было што падкрэсліваць, дама іх падымала. Гэта значыць, гэтыя гарсэты бліжэй за ўсё да сучаснай бялізны пуш-ап", — тлумачыць Маргарыта.

Гэтыя гарсэты мяккія, у іх толькі крыху касцей, у асноўным шчыльнасць ствараецца за кошт прасцежкі ніткамі двух або трох слаёў тканіны. Спераду ў гарсэт ўстаўлялася драўляная планшетка - менавіта яна забяспечвала прамую выправу, таму што фізічна не дазваляла даме сагнуцца
© Sputnik / Анастасия Волчок
Гэтыя гарсэты мяккія, у іх толькі крыху касцей, у асноўным шчыльнасць ствараецца за кошт прасцежкі ніткамі двух або трох слаёў тканіны. Спераду ў гарсэт ўстаўлялася драўляная планшетка - менавіта яна забяспечвала прамую выправу, таму што фізічна не дазваляла даме сагнуцца

Такі фасон туфлікаў быў актуальны на працягу ўсёй першай паловы стагоддзя. Яны былі непрыдатныя для хаджэння па вуліцы — такія туфлі параўнальныя з сучасным танцавальным абуткам. На назе яны фіксаваліся стужкамі і больш за ўсё былі падобныя на пуанты балерыны.

У вітрыне таксама можна пабачыць антыкварныя прадметы пачатку ХХ стагоддзя: сумачку, карункі і дарсецкія гузікі, якія былі вядомыя ўжо ў пачатку XIX стагоддзя.

Лапці vs слуцкі пояс

Касцюмы, якія адлюстроўваюць моду пачатку XIX стагоддзя на беларускіх землях, прадстаўлены на выставе сармацкім і еўрапейскім строямі.

Традыцыйны шляхецкі, сармацкі касцюм, кунтуш і копія слуцкага пояса
© Sputnik / Анастасия Волчок
Традыцыйны шляхецкі, сармацкі касцюм, кунтуш і копія слуцкага пояса

"У нас у гэты час усё яшчэ быў у хаду традыцыйны шляхецкі, сармацкі касцюм, кунтуш і слуцкія паясы. На самай справе мода, якая была на беларускіх землях, распаўсюджвалася ў Еўропе, малюнкі касцюмаў друкаваліся ў модных часопісах, гэта было звязана з усеагульнай цікавасцю да лёсу няшчаснага Варшаўскага герцагства", — тлумачыць Маргарыта.

На бірульцы-падвесцы, якая какетліва выглядае з-пад фрака, у тыя часы насілі гадзіннікі
© Sputnik / Анастасия Волчок
На бірульцы-падвесцы, якая какетліва выглядае з-пад фрака, у тыя часы насілі гадзіннікі

"На жаль, у нас у Беларусі ўяўленне, што альбо тут былі сяляне ў лапцях, альбо ўсе апраналіся па еўрапейскай модзе. Ніхто не ведае, як выглядала беларуская шляхта на самай справе", — гаворыць Маргарыта.

Талія не на месцы, затое зручна

У другой частцы экспазіцыі прадстаўлена эвалюцыя бальнай сукенкі з пачатку XIX стагоддзя да 40-х гадоў. На працягу ўсяго гэтага перыяду сукенкі мяккія, бескаркасныя. Да гэтага ў XVIII стагоддзі былі пышныя фіжмы на кітовым вусе, на лазе, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя з'явіліся жорсткія крыналіны, якія нагадваюць сучасныя вясельныя.

У першай палове ХІХ стагоддзя сукенкі мяккія, бескаркасныя
© Sputnik / Анастасия Волчок
У першай палове ХІХ стагоддзя сукенкі мяккія, бескаркасныя

Сукенку эпохі Ампір можна назваць самай смелай з усіх, яна аблягала жаночае цела ў руху.

Бліжэй да 20-х гадоў сукенкі ўжо больш сціплыя, але ў той жа час з больш раскошным аздабленнем.

У 30-я гады талія вяртаецца на месца, рукавы становяцца вялікімі, а спадніца ўсё яшчэ застаецца канічнай і багата ўпрыгожанай.

Сукенка ўжо можа трымаць форму за кошт краю, які падварочваўся і набіваўся ватай альбо пухам - гэты край вельмі лёгкі і ў танцы літаральна ўзлятаў
© Sputnik / Анастасия Волчок
Сукенка ўжо можа трымаць форму за кошт краю, які падварочваўся і набіваўся ватай альбо пухам - гэты край вельмі лёгкі і ў танцы літаральна ўзлятаў

Пазней у спадніцы знікае жорсткі край, і яна трымае форму за кошт ніжніх слаёў бялізны. Сукенка ўсё яшчэ досыць сціплай формы і з усяго XIX стагоддзя больш за ўсё падобна на сучасную вопратку. Але паступова павялічвалася колькасць ніжніх спадніц, іх аб'ём і моцна мяняўся крой ліфа.

"Гэта было звязана ў тым ліку з сацыяльным становішчам дамы, — тлумачыць Маргарыта. — У гэтай сукенцы дама проста не можа падняць руку, яна — выдатная кветка, якая сядзіць і ўпрыгожвае сабой гасціную".

Змена полу манекену і грандыёзныя планы

Выстава, што адкрылася напярэдадні, ужо трэцяя, якая праходзіць у Лошыцкай сядзібе. Раней "Куфэрак" дэманстраваў свае ўборы ў 2014 і 2015 гадах.

"Выставу ў гэтым годзе планавалі як цэнтральную, — распавядае Васіль Сідаровіч, старшы навуковы супрацоўнік філіяла музея "Лошыцкая сядзіба". — Кожны раз яны вельмі добра наведваюцца. Вельмі высокі ўзровень работ, далёка не ўсе музеі могуць пахваліцца такой выставай, і мы вельмі рады, што "Куфэрак" менавіта ў нас выстаўляецца ў трэці раз. Ужо нават плануем пяты, юбілейны".

Лошыцкая сядзіба не толькі прадаставіла памяшканне, але і ў супрацоўніцтве з Гістарычным музеем арганізавала манекены для экспанатаў. Праўда (маленькі сакрэт) усе яны — жаночыя, так што рэканструктарам прыйшлося павазіцца, каб мужчынскія касцюмы добра селі на іх.

Карнет, вы - жанчына?!
© Sputnik / Анастасия Волчок
Карнет, вы - жанчына?!

"Нам прапаноўваў супрацоўніцтва і Мірскі замак, але пакуль усё ўпіраецца ў немагчымасць правядзення выставы з-за адсутнасці там неабходнай колькасці манекенаў, — кажа Святлана Іванова-Кліманская, адзін з арганізатараў выставы і аўтар большасці касцюмаў. — Як толькі ў іншых музеях будзе дастаткова манекенаў патрэбнага памеру — лепш, вядома, паменш — выстава будзе прадстаўлена ў іх".

Экспанаты выставы арганізатары настойліва просяць не чапаць рукамі — на сукенках з дарагіх тканін потым застаюцца плямы, якія не бярэ ніводная хімчыстка.

У рамках экспазіцыі плануюцца лекцыі, майстар-класы і балі — адзін закрыты, для рэканструктараў, адзін публічны. Зрэшты, і на закрыты баль можна трапіць, калі наведваць заняткі па танцах і абзавесціся гістарычным касцюмам.

"Калі надвор'е будзе добрае, мы хоць усю вуліцу для танцаў аддамо. Калі горш — белую бальную залю", — абяцае Васіль Сідаровіч.

Для адкрытага балю не існуе строгага дрэс-кода, жадаючым дадуць касцюмы з фотакутка. Дата пакуль невядомая, папярэдне гэта другая палова лета.

На выставе можна не толькі далучыцца да гісторыі моды, але і прымерыць касцюмы ў фотакутку
© Sputnik / Анастасия Волчок
На выставе можна не толькі далучыцца да гісторыі моды, але і прымерыць касцюмы ў фотакутку

Выстава будзе працаваць да 9 верасня.

"Як мінімум", — дадаў Васіль Сідаровіч.

По теме

Шляхецкая ідылія ў гарадзенскім замку
Эпоха, перакладзеная на мову тканіны і танца: як жыве сям'я рэканструктараў
Падарожжа ў Галантнае стагоддзе здзейснілі мінскія рэканструктары
Вайна і Мір: гістарычны фестываль-рэканструкцыя бітвы 1812 года
Пікнік у маёнтку Агінскага: сонца, гульні, дзіцячы смех
Тэги:
касцюм, Гістарычная рэканструкцыя, "Куфэрак: на вайне і ў бальнай зале" (выстава), Лошыцкая сядзіба, Мінск, Беларусь

Галоўныя тэмы