01:16 17 верасня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.04
  • EUR2.26
  • 100 RUB3.20
Кадр з кліпа Піліпа Беспамылковага Мова

Беспамылковы пра свае кліпы: чаму мова і сэкс не могуць кантактаваць?

© Photo: Youtube / Краіна Мараў
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
11750

Музыка, якога адны абвінавачваюць у сэксізме, а другія ўхваляюць за патрыятызм, называе вар’яцкай рэакцыю некаторых людзей на свае кліпы.

Былы футбаліст Юрый Юрчанка больш вядомы як музыка Піліп Беспамылковы. Хлопец спыніў спартовую кар'еру ў 2013 годзе, але, як кажа сам, "былых спартсменаў не бывае".

Зараз ён працуе ў Маскве, займаецца рэкламай нерухомасці.

"Некаторыя пішуць, што я жыву ў Маскве пастаянна, але гэта не так. Я даволі часта бываю тут па сваіх працоўных пытаннях, але сам я з Мінску — мінскі хлопец", — дадае Юрый.

У сваіх песнях і кліпах ён прызнаецца ў любові да мовы і бульбы, а таксама вучыць замежнікаў правільна называць нашу краіну. За гэта работы маладога чалавека ўжо атрымалі званне "самых патрыятычных" у сеціве. Не абыйшлося і без крытыкі — некаторыя лічаць відэаработы сэксісцкімі і абвінавачваюць Юрыя ў прапагандзе гендэрнай няроўнасці.

"На адзін кліп — да 2 тысяч долараў"

На пытанне аб тым, чаму вырашыў заняцца музыкай, Юрчанка, не саромеючыся адказвае, што "таленавіты чалавек з'яўяляецца таленавітым ва ўсім".

Тэксты песень і сцэнары для кліпаў Беспамылковы піша сам, з музыкай і відэа дапамагаюць сябры. Адзін кліп каштуе па-рознаму — прыкладна ад 200 да 2000 долараў.

"Спонсараў ніякіх няма. Нажаль, а можа, на шчасце", — кажа хлопец.

Ён спрабаваў звязацца са многімі беларускімі кампаніямі з прапановай рэкламы, але ніхто не адказаў. Адмовілася толькі "Мілавіца", сказалі, што для іх гэта нецікава.

"На самай справе, у мяне няма мэты зарабляць. Проста хачу расказаць, што ёсць у мяне ў галаве. Раблю гэта на мове, таму што лічу яе лепшым сродкам для гэтага", — падкрэслівае Юрый.

"Непрыемна чуць ад людзей "Белоруссия"

Ідэі кліпаў — а іх у скарбонцы Беспамылковага ўжо чатыры — з'яўляюцца нечакана. "Каб ведаў, што з'яўляецца для іх падставай, кліпаў было б значна больш", — усміхаецца Юрый.

Напрыклад, апошняе відэа — "Беларусь, не Белоруссия" — з'явілася значна раней, чым знакамітая цымбалістка са Смаргоні навучыла правільна называць нашу краіну вядомага расійскага шоумэна Максіма Галкіна.

"Ідэя гэтага кліпа была ў мяне даўно, а песню мы запісалі месяцы на два раней, чым здарылася сама сітуацыя. Гэта ніяк не звязана, проста так выпадкова атрымалася. І кліп мы знялі раней. Я даволі часта бываю ў Маскве і маю зносіны з рознымі людзьмі, чую шмат выказванняў з назвай "Белоруссия". Гэта не вельмі прыемна, таму і з'явілася такая тэма", — тлумачыць музыка.

Дарэчы, публікуе свае кліпы Юрчанка на канале "Краіна Мараў". У 2015 годзе ён спрабаваў стварыць беларускамоўную сацыяльную сетку з такой назвай, але з гэтага нічога не атрымалася.

 "У сваіх кліпах кажу пра сэкс, літаратуру і палітыку"

Крытыку сваіх кліпаў Беспамылковы ўспрымае станоўча. Лічыць, што ступень крыўднасці каментароў залежыць ад адукацыі чалавека і яго выхавання.

"Бываюць каментары, якія мяне вельмі здзіўляюць: людзі пішуць, што я апашліў мову. На мой погляд, гэта штосьці вар'яцкае.  Мова — гэта сродак перадачы інфармацыі, і беларуская  — не выключэнне. На беларускай мове можна падымаць любыя тэмы, ці то сэкс, літаратура ці палітыка. Пакуль мы будзем абмяжоўваць рэчы, пра якія можна казаць на мове, яе не будзе ў штодзённым ужытку", — упэўнены музыка.

"На жаль, мы ставімся да мовы так, што гэта выключна мова беларускай літаратуры і на ёй можна казаць толькі пра Коласа і Багдановіча, а не пра сучасныя рэчы", — дадае ён.

Не разумее Беспамылковы і абвінавачванняў у сэксізме, бо на ўсіх музычных каналах гэтага хапае.

"У многіх людзей мова і сэкс не могуць кантактаваць паміж сабой, і гэта няправільна. Кожны чуе тое, што хоча пачуць. Нават кліп пра Беларусь многія таксама ўспрамаюць як агрэсію, але гэта проста жарт. Лічу, што гэта неадэкватна", — заключае музыка.

По теме

Піліп Беспамылковы ў новым відэа заклікае спаліць тлушч
Тэги:
Беларуская мова, Піліп Беспамылковы, Беларусь

Галоўныя тэмы