МІНСК, 28 ліп — Sputnik. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" прыступіла да здымак гістарычнай драмы пра лёс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы па сцэнары Алёны Калюнавай. Першы здымачны дзень прайшоў недалёка ад Смалявічаў.
Памер натурной пляцоўкі "Беларусьфільма", якую мясцовыя жыхары называюць "Смалявудам", каля 80 гектараў. Тут ёсць вытворчыя карпусы, дэкарацыі з інтэр'ерам і невялікае возера, дзе і прайшло асноўнае дзейства першага здымачнага дня.
Па задумцы стваральнікаў, карціна пад працоўнай назвай "Пакуль будзе неба" пакажа асноўныя этапы жыцця і творчасці вялікага паэта.
Кінапраекту, над якім працуе рэжысёр Уладзімір Янкоўскі, прысвоены статус "нацыянальны фільм".
Як заяўляў раней дырэктар "Беларусьфільма" Уладзімір Карачэўскі, выніковы прадукт будзе разлічаны не толькі на ўнутраны рынак, таму што асоба і творчасць Купалы вядомыя не толькі ў Беларусі.
"Мы хочам зрабіць фільм максімальна аўтэнтычным — дзеянні будуць адбывацца ў Польшчы, Расіі, Беларусі, а героі будуць размаўляць на мовах канкрэтнай мясцовасці", — сказаў кіраўнік нацыянальнай кінастудыі.
Ён таксама падкрэсліў, што фільм не стане адказам на пытанне, чаму загінуў вялікі паэт, гаворка будзе ісці пра яго жыццё.
Тым не менш, стваральнікі ўсё ж такі абяцаюць адкрыць невядомыя са школьнай праграмы факты і расказаць пра асабістае жыццё Купалы. Плануецца, што вынікам працы стане не толькі чатырохсерыйны ігравы фільм, але і кінаверсія.