МІНСК, 23 сту - Sputnik. Прадстаўніка Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2019" выберуць галасаваннем членаў прафесійнага журы, паведаміла Sputnik у пятніцу кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.
Старт нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" ад Беларусі быў дадзены ў гэты аўторак. Згодна з апублікаваным Белтэлерадыёкампаніяй палажэннем, выберуць прадстаўніка рэспублікі на папулярным конкурсе шляхам галасавання членаў журы.
"Белтэлерадыёкампанія як арганізатар адбору і адзіны ў рэспубліцы член Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) спрабуе розныя формы, метады і спосабы выбару прадстаўніка на "Еўрабачанне". У гэтым годзе было вырашана выбіраць прадстаўніка шляхам публічнага галасавання членаў прафесійнага журы", - заявіла суразмоўніца агенцтва.
Як нагадала кіраўнік прэс-службы медыяхолдынга, у папярэднія гады адборы праводзіліся па-рознаму: часам рашэнне прымалася галасаваннем толькі тэлегледачоў, часам - сумаваннем галасавання гледачоў і членаў журы.
"Усе сілы кампаніі накіраваны на тое, каб выбраць годнага прадстаўніка, які паспяхова прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе", - падкрэсліла Смалонская-Краскоўская.
Краіны-ўдзельніцы "Еўрабачання" не абавязаныя праводзіць адкрыты адбор прадстаўнікоў. Некаторыя краіны праводзяць закрытыя адборы, іншыя і зусім без усялякіх "шорт-лістоў" абвяшчаюць імя прадстаўніка.
Заяўкі ад жадаючых прыняць удзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2019" бяруць да 31 студзеня. Фінал адбору павінен прайсці да 8 сакавіка.
Конкурс песні "Еўрабачанне-2019" пройдзе ў Тэль-Авіве з 14 па 18 мая.