Францішка Багушэвіча называюць пачынальнікам новай беларускай літаратуры. І сапраўды, яго творы – ледзь не першыя, якія былі прызваныя абудзіць нацыянальную свядомасць беларусаў. Яго вершы адразу сталі ідэалагічным падмуркам нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя.
Нарадзіўся Францішак Багушэвіч у фальварку Свіраны, каля Вільні і паходзіў з дробнай шляхты. Цікавасць у яго выклікалі як матэматыка і заканадаўства, так і мова, гісторыя, культура і фальклор беларускага краю. З Пецярбургскага ўніверсітэту Багушэвіча выключылі праз два месяцы за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.
Шлях Багушэвіча – гэта шлях барацьбы, якая адбілася і на яго творчасці. Багушэвіч быў актыўным удзельнікам паўстання 1863 - 1864 гадоў, вымушаны быў хавацца ад рэпрэсій.
Толькі дзякуючы амністыі 1883 года, калі новы імператар Аляксандр ІІІ атрымаў карону, Францішак Багушэвіч змог вярнуцца на радзіму і прысвяціць сябе судовай справе. Але і там галоўнымі яго кліентамі былі сяляне.
Неўзабаве Багушэвіч пачаў друкаваць свае вершы. Першы яго зборнік, "Дудка беларуская", выйшаў пад псеўданімам Мацей Бурачок у 1891 годзе, а праз тры гады – "Смык беларускі". Наступныя яго выданні да гэтага часу не знойдзены, хоць і згадваюцца ў даследваннях.
Пісаў і друкаваў свае творы Багушэвіч лацінкай. Пры жыцці яго творы былі забароненыя ў Расіі і выдадзеныя асобнымі кнігамі і лістоўкамі толькі падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Нажаль, сын Францішка Багушэвіча вызначаў сябе толькі як паляка і адмовіўся перадаць архіў бацькі зацікаўленым асобам. У савецкай Беларусі "Дудка беларуская" была выдадзена толькі ў 1922 годзе.
Імя Францішка Багушэвіча вядома далёка за межамі Беларусі, а яго верш "Хмаркі" часта вучаць на памяць у беларускіх школах. Sputnik прапануе вашай увазе яго абраныя творы.
Чытайце таксама:
- Зямля мая, ты – кніга непрачытана: вершы пра Беларусь
- Вершы пра беларускую мову: родная мова, цудоўная мова
- Бацька, маці і родная мова: 5 лепшых вершаў пра сям'ю
- Пра пачуцці па-беларуску: топ-10 вершаў пра каханне
- Трэба многа ўсім вучыцца: вершы пра школу