Вялікі тэатр Беларусі вярнуўся да жанру аперэты: у апошні раз "Лятучую мыш" ставілі тут у далёкім 1961 годзе. Інтэрнацыянальная каманда, якая працавала над пастаноўкай, удыхнула ў яе новае жыццё і абяцае, што ў персанажах аперэты кожны глядач зможа пазнаць сябе.
Беларуская публіка прывыкла слухаць аперэту ў Музычным тэатры, аднак у рэпертуар Вялікага "Лятучая мыш" трапіла не выпадкова.
"Няма ні аднаго вялікага тэатра ў свеце, які не ставіў бы аперэту. Гэта, можа, не самая высокая гара, але яна вельмі крутая", - запэўніў Уладзімір Рылатка, першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра.
Паводле яго слоў, аперэта патрабуе не толькі вакальнага, але і вялізнага акцёрскага майстэрства ад салістаў і хору.
З чаго пачынаецца музыка
У самай вядомай сцэне з "Лятучай мышы" галоўная гераіня Разалінда выконвае венгерскі народны танец - чардаш, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што рэжысёр-пастаноўшчык, а таксама мастакі па сцэнаграфіі, святлу і касцюмах прыехалі ў Беларусь з Венгрыі.
Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, Міклаш Габар Керэньі, якога ва ўсім свеце ведаюць як Kero, з'яўляецца мастацкім кіраўніком Будапешцкага тэатра аперэты. На яго рахунку мноства пастановак "Лятучай мышы" ў розных краінах, і ў кожнай з іх ёсць свая разыначка.
"Я стараюся зрабіць так, каб спектакль можна было ўспрымаць на розных узроўнях: каб у глядзельнай зале прафесар медыцыны забаўляўся гэтак жа, як прадавец з прадуктовага магазіна або 13-гадовае дзіця", - апісвае галоўную задачу рэжысёра Керэньі.
Па ўласных словах Міклаша, характар у яго дастаткова жорсткі, і ён заўсёды вельмі патрабавальны да артыстаў. У "Лятучай мышы" велізарная роля адводзіцца хору, які павінен не толькі спяваць, але і танцаваць.
Столькі рухаў, колькі патрабуецца ад хору ў гэтай пастаноўцы - вялікая рэдкасць, прызнаецца хормайстар-пастаноўшчык Ніна Ламановіч. У аперэце будзе задзейнічана толькі палова хору, з маладымі людзьмі займаюцца харэографы.
"Настолькі шмат пытанняў, што валасы дуба, а паколькі ў мяне валасоў няма, прыйдзецца, каб у артыстаў хору валасы ўсталі дубка", - жартуе Керэньі.
Складанасць у пастаноўцы аперэты заключаецца ў тым, што ў ёй вельмі шмат прозы, танцаў, усе артысты павінны рухацца разам. Калі оперу ў нейкім сэнсе можа выратаваць добры кампазітар і дырыжор, без выбітнага рэжысёра аперэта асуджаная на правал.
Не менш важна гарманічна злучыць празаічныя ўстаўкі і музыку. Апошняе слова павінна гучаць такім чынам, каб з яго пачалася музыка, а гэта не так і проста, запэўнівае Керэньі.
Галоўны запрошаны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі, італьянец Джанлука Марчана, лічыць, што "Лятучая мыш" - хрэстаматыйны твор, які абавязана быць у рэпертуары тэатра, і параўноўвае яе ў гэтым сэнсе з балетам "Шчаўкунчык".
"Шмат тэксту, дыялогаў, музыка вельмі сур'ёзная тэхнічна", - так ён характарызуе аперэту.
Па словах дырыжора, неабходна спалучыць дыялог з музыкай, захаваць рытм, і гэта вельмі складана.
На сцэне будзе ванна з вадой
Дзеянне аперэты будзе разгортвацца на сцэне, якая верціцца. Месца дзеяння будзе змяняцца без перапынкаў, што ж тычыцца дэкарацый і касцюмаў, мастакі толькі загадкава ўсміхаюцца і просяць абысціся без спойлераў. Пра сёе-тое ўсё ж такі ўдалося даведацца.
"Будзе ванна, у якой будзем купацца, будзе шмат людзей, якія толькі і робяць, што хлусяць", - прывёў прыклад Міклаш Габар Керэньі.
Мастак-пастаноўшчык Тамаш Ракаі прызнаецца, што не хацеў праектаваць цяжкія дэкарацыі, бо на сцэне важна шмат вольнай прасторы. Ён пастараўся стварыць сімвалічную прастору, якая ў першую чаргу кажа пра ўнутраны свет графа Арлоўскага.
"З тых часоў, як я ўбачыў гэтую велізарную сцэну, першы спалох яшчэ не прайшоў. Бяссоннымі начамі я думаў: велізарная прастора, нахільная сцэна, вельмі шмат людзей, якія па гэтай сцэне будуць рухацца. Для вырашэння такіх пытанняў іншай магчымасці, акрамя эфірнай прасторы, няма", - жартуе Тамаш.
Мастак па касцюмах Агнеш Ева Дзярмаці зрабіла камплімент швейнаму цэху Вялікага тэатра, які ў дакладнасці адгадаў яе задумкі.
"Я працавала па ўсім свеце, і такую майстэрню, як тут, мала дзе ў свеце сустрэнеш. Гаворка ідзе не толькі пра тое, што яны добра шыюць - яны добра разумеюць мае малюнкі, мае планы, мой стыль", - сказала Дзярмаці.
Паводле яе слоў, часам з касцюмаў нават даводзіцца зразаць лішнія ўпрыгажэнні, а ў мінскай оперы зрабілі роўна столькі, колькі яна задумала.
Каманда пастаноўшчыкаў абяцае здзівіць мінскага гледача не толькі фантастычнымі дэкарацыямі і касцюмамі, але і свежым чытаннем лібрэта оперы. Яна прагучыць на рускай мове з рускімі і англійскімі субтытрамі.
Для пастаноўкі ў мінскім Вялікім тэатры Керэньі падрыхтаваў уласны варыянт лібрэта, у якім сабраў празаічныя тэксты Мікалая Эрдмана, напісаныя ў 1979 годзе для прэм'еры аперэты ў Расіі, лірыку Міхаіла Вольпіна і Сяргея Вольскага, сучаснага рускага пісьменніка. Будзе ў ім і аўтарскі тэкст самога Міклаша.
Аперэта ніколі не ўстарэе
Венгерскі рэжысёр верыць, што аперэта - важная частка жыцця свету.
"Я лічу, што кожны жанр мае нешта ў аснове, з-за чаго ён атрымаўся такім, які ён ёсць. Грэчаскія драмы - пра мараль, рамантычная опера - пра тое, наколькі свет неспазнавальны, пра сілу лёсу - як быццам зусім бессэнсоўную . Шэкспір заўсёды кажа нам пра ўладу. А аперэта распавядае пра каханне. Вельмі важна, каб заўсёды быў нехта, хто будзе гаварыць пра каханне, і ў большасці выпадкаў казаць пра тое, што каханне часам перамагае. І таму добра, што амаль ва усіх аперэтах 3 акты. Таму што, калі б быў чацвёрты акт, там напэўна ўсё разбурылася бы", - заўважыў Міклаш Габар Керэньі.
"Лятучая мыш" у гэтым асаблівая аперэта, таму што любоўныя бітвы ў ёй яшчэ больш складаныя, чым звычайна, і такім чынам збліжаюць яе з операй.
Прэм'ера "Лятучай мышы" адбудзецца ў Вялікім тэатры 16, 17 і 18 красавіка.
Пра тое, як Оперны тэатр рыхтаваўся да прэм'еры, чытайце ў рэпартажах з бутафорскага, мастацкага і швейнага цэхаў тэатра.