02:11 20 мая 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.09
  • EUR2.33
  • 100 RUB3.23
Аляксандра Буяльская разам са сваімі вучаніцамі

Як ставяць у Беларусі першы дзіцячы спектакль сучаснай харэаграфіі

© Photo : З асабістага архіву Аляксандры Буяльскай
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
16710

Харэограф, балетмайстар і настаўніца беларускіх чэмпіёнаў Аляксандра Буяльская рыхтуецца паказаць сваю дэбютную вялікую пастаноўку.

У гэтым годзе беларуска Ксенія Косава стала другой на фестывалі аднаго з самых прэстыжных харэаграфічных фестываляў свету - Youth American Grand Prix у Нью-Ёрку. Трохразовая чэмпіёнка свету і пераможца беларускага конкурсу "Талент краіны" ўразіла членаў журы сваёй манерай выканання.

Мала хто ведае, але для выхавання маленькай чэмпіёнкі прыклала руку беларуская харэограф Аляксандра Буяльская. Зусім хутка яна разам з вучнямі сваёй школы прадставіць спектакль "Уваходзьце, адчынена!", дзе Ксенія выканае адну з галоўных роляў.

Колькі каштуе зрабіць пастаноўкі і як выхоўваць чэмпіёнаў, харэограф распавяла ў інтэрв’ю карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай.

"Дзеці самі ведаюць, што для іх лепш"

Да прэм’еры балета-фантасмагорыі "Уваходзіце, адчынена!" на сцэне Музычнага тэатра засталіся лічаныя дні – паказ запланаваны на 15 мая.

Ідэя пастаноўкі з'явілася даўно, але рэалізаваць яе змаглі толькі зараз. Зоркі сыйшліся так, что прэм’ера будзе прымеркаваная да дзесяцігоддзя харэаграфічнай школы Аляксандры Буяльскай.

Аляксандра Буяльская са сваімі вучаніцамі падчас рэпетыцыі
© Photo : З асабістага архіву Аляксандры Буяльскай
Аляксандра Буяльская са сваімі вучаніцамі падчас рэпетыцыі

"Зараз дзеці становяцца чэмпіёнамі свету і паступаюць у еўрапейскія харэаграфічныя школы. Гэта сапраўдны прафесійны ўзровень", - тлумачыць Аляксандра.

Выраз "першы ў Беларусі дзіцячы спектакль сучаснай харэаграфіі" выкарыстоўваецца не для прыгажосці: такога дагэтуль у нас сапраўды не рабілі.

"Дарослыя пастаноўкі, у якіх выступалі як аматары, так і прафесіналы, рабілі не раз, а сучасную харэаграфію праз такія стылі як мадэрн і кантэмпарары разам з дзецьмі не прадстаўляў ніхто", - падкрэслівае харэограф.  

Незвычайны харэаграфічны спектакль распавядае аб дзецях і аб тым, што перад кожным з іх ёсць свае дзверы, якія не трэба баяцца адчыняць. Пры дапамозе пластыкі і музыкі гісторыю распавядуць танцоры 6-15 гадоў.

Нягледзячы на відавочна дзіцячую скіраванасць спектакля, стваральнікі ўпэўненыя, што ён спадабаецца і дарослым.

"Мая ідэя была ў тым, каб дарослыя задумаліся, якую ролю маюць у жыцці сваіх дзяцей, якія з’яўляюцца самастойнымі асобамі і нават у самым маленькім узросце лепш ведаюць, што ім трэба. Бацькі павінны толькі дапамагчы ў гэтым", - упэўненая Аляксандра.

400 касцюмаў для 80 чалавек

У адказ на пытанне "Ці дорага каштуе паставіць спектакль у Беларусі?", Аляксандра шчыра адказвае: "Вельмі". Галоўныя накірункі выдаткаў - касцюмы і анімацыйная праекцыя.

Анімацыю для пастаноўкі рыхтуе спецыяліст, дэкарыцыі настаўнікі харэаграфічнай школы робяць самастойна. Касцюмы таксама шыюць па замове, хоць гэта і неверагодныя выдаткі.

Матэматыка вельмі простая: у спектаклі будуць удзельнічаць 80 чалавек, і кожны будзе пераапранацца не аднойчы. Па сціплых падкліках спатрэбіцца каля 400 касцюмаў рознай складанасці.

Зараз у продажы засталося каля 50 квіткоў, пры тым што зала Музычнага тэатра разлічана прыкладна на 800 месцаў.

Аляксандра Буяльская падчас рэпетыцыі
© Photo : З асабістага архіву Аляксандры Буяльскай
Аляксандра Буяльская падчас рэпетыцыі

"Спачатку мы думалі, што прыйдуць паглядзець толькі бацькі і бабулі з дзядулямі, але вельмі шмат людзей, якіх цікавяць вынікі працы студыі, хапае і заўзятых тэатралаў", - распавядае Аляксандра.

Наконт таго, ці адбудзецца другі паказ, яна кажа, што вельмі хацела б, але як будзе далей, ніхто не ведае.

Тэги:
Прэм'ера спектакля, Беларусь, танцы

Галоўныя тэмы