МІНСК, 8 жні - Sputnik. Пракуратура Гомельскай вобласці праверыла, ці выконваецца ў Петрыкаўскім раёне заканадаўства, якое рэгламентуе ахову гісторыка-культурнай спадчыны.
У прыватнасці, яны наведалі закрытыя каталіцкія могілкі Петрыкава, на якіх знаходзіцца магіла дзеда Талаша.
"На тэрыторыі могілак размешчаны аб'екты спадчыны - магіла дзеда Талаша і братэрская магіла савецкіх воінаў, надмагільныя збудаванні, якія ўяўляюць сабой творы мастацтва дарэвалюцыйных і савецкіх майстроў", - удакладнілі ў пракуратуры.
Васіль Ісакавіч Талаш - удзельнік партызанскага руху ў савецка-польскай і Вялікай Айчыннай войнах, народны герой Беларусі, герой аповесці Якуба Коласа "Дрыгва". Лічыцца, што ён самы пажылы удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Памёр у 1946 годзе.
У ходзе пракурорскай праверкі былі выяўленыя факты неналежнага ўтрымання гісторыка-культурных каштоўнасцяў і правядзення на іх работ без неабходных узгадненняў.
Так, на капліцы Васкрасенскай царквы ў Петрыкаве без узгаднення з Міністэрствам культуры і правядзення неабходных даследчых работ зменены яе колер.
А ўласнікі помніка драўлянага дойлідства ў Петрыкаве на вуліцы камунальнай не прынялі мер па рамонце і падтрыманню элементарнага санітарнага стану будынка і зямельнага ўчастка, на якім ён размешчаны.
"Некаторае шкло ў вокнах дома было выбітае, тэрыторыя домаўладання зарасла пустазеллем", - канстатавалі пракуроры.
Па выніках праверкі пракуратура Гомельскай вобласці ўнесла прадстаўленне старшыні Петрыкаўскага райвыканкама, у якім запатрабавала ліквідаваць выяўленыя парушэнні. Выкананне акта нагляду ўзята на кантроль.