МІНСК, 6 ліп — Sputnik. Урад Літвы прыняў рашэнне аб выдзяленні трох мільёнаў еўра на тэрміновыя будаўнічыя работы па ўмацаванні гары, дзе размешчана вежа Гедыміна — сімвал краіны.
У лютым мінулага года з-за пагодных катаклізмаў адбылася дэфармацыя пагорка, з паўночнай часткі схілу сышоў апоўзень. Тэрыторыю накрылі плёнкай, каб у глебу не трапляла вільгаць. У пачатку кастрычніка стала вядома, што сышоўшы грунт разбурыў частку падпорнай сцяны.
У сярэдзіне снежня апоўзень сышоў ужо з паўднёвай часткі схілу. У сакавіку 2017 года з паўднёва-ўсходняга боку сышоў чарговы апоўзень, плошча разбурэнняў склала 40 квадратных метраў. Пасля вялікіх ападкаў 1 ліпеня з паўднёва-ўсходняга боку пагорка сышоў пласт дзёрну, спецыялісты тады выказалі занепакоенасць у сувязі з узнікненнем чарговага апоўзня.
"Каля трох мільёнаў еўра з рэзерву ўрада будуць выдзелены Нацыянальнаму музею Літвы, які знаходзіцца ў падпарадкаванні міністэрства культуры балтыйскай рэспублікі", — паведамляе прэс-служба ўрада.
Па дадзеных міністэрства культуры Літвы, на прывядзенне ў парадак паўночнай часткі схілу з бюджэту рэспублікі спатрэбіцца выдзеліць 2,9 мільёна еўра, паўднёва-ўсходняга — не менш за 5 мільёнаў еўра.