05:41 18 студзеня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.12
  • EUR2.36
  • 100 RUB3.45
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Самая чароўная пара ў годзе - Купалле (15)
15070

Наступны тыдзень пасля свята Сёмухі называюць Граным, Русальным, Праводным, Духавым. Увесь тыдзень было прынята праводзіць вясну. Такім чынам ушаноўваўся культ расліннасці і продкаў.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik

Русальны тыдзень (Русальскі, Граны) паводле народных паданняў — час знаходжання русалак на зямлі. На працягу гэтага перыяду русалкі знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад чалавечага жылля і могуць кантактаваць з людзьмі.

Час разгулу русалак адпавядаў перыяду красавання жыта і быў насычаны абрадамі, звычаямі, забаронамі, захаванне якіх звязвалася ў народнай свядомасці з часовым з'яўленнем русалак на зямлі і абумаўляўся жаданнем сялян пазбегнуць іх шкоднаснага ўздзеяння. Ён усвядамляўся як святочны час: уладкоўваліся агульныя трапезы, гулі з карагодамі, танцамі і гульнямі.

Колосья пшеницы
© REUTERS / Benoit Tessier
Тут хаваюцца русалкі

Панядзелак называўся Іван-ды-Мар'я. У аўторак наладжвалі свята Куста, які мусіў садзейнічаць урадлівасці зямлі і лепшай людской долі. Ну і дзяўчаты маглі лішні раз сябе паказаць патэнцыяльным жаніхам.

Самую прыгожую дзяўчыну ў зялёным вянку апраналі ў доўгую сукенку, сплеценую з бярозавых або кляновых галінак і вадзілі з песнямі па вёсцы. Дзяўчаты пры гэтым вадзілі вакол "куста" карагоды і спявалі — за гэта іх адорвалі грашыма і пачастункамі.

Прывялі куста

Дай із зялёнага клёну:

Дай нам, пану, хоч па залатому…

У гэты ж дзень ва Усходнім Палессі выконваліся праводзіны русалкі ў жыта. Русалак баяліся і паважалі. Паводле вераванняў сялян Магілёўшчыны, увесь тыдзень лічыцца велікодным святам русалак. Святкаваць яго трэба разам з русалкамі, каб не наклікаць на сябе іх гневу. Русалак трэба задобрыць, і таму ў некаторых мясцінах жанчыны і дзеўкі развешвалі на дрэвах адзенне для русалак і спявалі: "На Гранай нядзелі русалкі сядзелі на дзевак глядзелі…" У песні распавядаецца пра тое, што русалкі просяць у дзевак падаць ім напіцца крынічнай вады, ад глытка якой у іх ажывіцца душа і вернецца жыццё. Русалкі мараць разам з дзеўкамі "краскі сабіраці, песенькі пяяці"… Лічылася, што русалкі да Св. Пятра жывуць у лесе і жыце. Яны гушкаюцца на дрэвах і крычаць: "Г-у-у!" Магчыма таму, каб дзеці не хаваліся ў жыце, вытоптваючы ў ім сцежкі, іх страшылі русалкамі з жалезнымі цыцкамі, якія нібыта там сядзяць і хапаюць малечу. А яшчэ русалкі не любяць мужчын. Яны на іх нападаюць і могуць заказытаць да смерці.

Сыр для русалкі

Рэцэпт гэтага плаўленага сыру я запісала ад Цыркун Валянціны Іванаўны, якая жыве ў в. Крышылавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобласці.

Для прыгатавання гэтага сыру нам спатрэбіцца:

 

 

3 літры салодкага малака, 1 кг тварагу, 1 чайная лыжка соды, 1 яйка (для колеру), 1 сталовая лыжка солі, 2 сталовыя лыжкі масла, форма.

Сыр для русалак
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Сыр для русалак

Валянціна Іванаўна шчодра дзялілася кулінарнымі сакрэтамі: "Тварог адтапіць. Тваражок павiнен быць крупісты, добра адтоплены. Пакуль закіпае малако, убіваем туды яйка, знімаем пенку і хутка кідаем тварог, каб густавата было, потым ён яшчэ загусцее. Атрымаецца цянучка.Памешваем, пакуль не зробіцца сыроватачка жоўценькая на паверсе. Ставім у печ ці духоўку, каб дагрэўся. Жаўцее, сыроватка аддзяляецца, а мы грэем. От, сыроватка атрымалася зверху, цяпер хутка атцэджваем на марлю, адкідваем на талерку, зараз жа дадаем масла, соду, трошкі падсальваем і таўчом хутка, вымешваем датуль, пакуль не стане тугаватым, а тады перакідваем у сухую форму. Астуджаем і сыр гатовы. Можна есці з мёдам ці варэннем. А сода нам патрэбна, каб ён больш пушысты быў. Без соды яго не размяшаеш ні за якія грошы!"

Смачна есці з русалкамі!

Тэмы:
Самая чароўная пара ў годзе - Купалле (15)
Тэги:
Нацыянальная кухня, Нацыянальныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Беларусь

Галоўныя тэмы