04:22 25 мая 2017
«Радыё Sputnik»
Драўляны бажок у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры

"Велікодная стрілка" надае жыццёвую сілу Ярылы

© Sputnik/ Ларыся Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (14)
10632

Акурат напярэдадні Праводнай нядзелі 22 красавіка ў музеі-скансэне з гульнямі і танцамі працягвалі вадзіць веснавыя карагоды. Гэтым разам прыняць удзел у свяце прыехалі калектывы з розных куткоў Беларусі, мінчане і госці сталіцы.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Адбывалася гэта дзея ў межах навуковай канферэнцыі "Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання", якая ладзілалася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў з 21 па 23 красавіка.

Польская госця на абрадзе Велікодная стрілка
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Польская госця на абрадзе Велікодная стрілка

Вось ужо 14 гадоў запар тут ладзяцца сустрэчы з носьбітамі народных традыцый. Сёлета фальклор беларускай глыбінкі прадстаўлялі вясковыя выканаўцы з Усходняга і Заходняга Палесся, Мінска і Мінскага раёна.  Аўтэнтычныя выканаўцы і студэнцкая моладзь прадставілі мастацкую рэканструкцыю свята "Велікодная стрілка", у якое ўвайшлі велікодны карагод "Стрілка", карагоды, прымеркаваныя да веснавога цыкла з розных рэгіёнаў Беларусі, гульні і побытавыя танцы.

Традыцыйны Палескі каравай
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Традыцыйны Палескі каравай

Велікодны карагод "Стрілка" — частка архаічнага абраду "Ваджэнне і пахаванне стралы", які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Гэты старажытны ахоўна-засцерагальны і магічна-аграрны абрад амаль без змен дажыў да нашых часоў і цяпер традыцыйна адбываецца на Вялікдзень, Юр'я, Ушэсце, а таксама пры аглядзе азімых у вёсках Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Абрадам завяршаўся веснавы каляндарна- земляробчы цыкл, праводзіўся ён з мэтай адвесці "грамавую стралу" ад вёскі, пазбегнуць веснавых пажараў ад Перуновай маланкі.

Лізавета Пятроўская і гурт Вянок з Ракава
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Лізавета Пятроўская і гурт "Вянок" з Ракава

Сула — зброя Перуна

Стрылка, Стрілка, Страла, Сула — усё гэта назвы аднаго абрада, які больш вядомы пад назвай Ваджэнне і пахаванне "стралы" або "сулы". Мала каму вядома, што сула, або суліца, гэта кап'ё або рагаціна. Сула — зброя бога-грамавержца Перуна. 

Акрамя гэтага існуе меркаванне, што стрэлкі — гэта фаласы Ярылы, веснавога, сонечнага божышча, апекуна ўрадлівасці. Стрэлкі трапляюць у зямлю і такім чынам апладняюць яе.

Карагод і ваджэнне Стралы
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Карагод і ваджэнне "Стралы"

Хто знаходзіў стрэлку — шчаслівы чалавек

Шанаванне "громных стрэлак" (камянёвыя сякеры, молаты, коп'і, белямніты) — старажытны абрад. "Стрэлкі" абагаўляліся, іх насілі на целе ("наўзы"), ім надавалася ахоўная, магічна-лекавая і апладняльная функцыя. Беларускія археолагі сцвярджаюць, што "громныя стрэлкі" пачалі зберагацца яшчэ неалітычнымі плямёнамі; А. М. Афанасьеў і У. Я. Проп  лічаць іх фаласамі Ярылы. Паводле вераванняў, той, хто знаходзіў стрэлку, лічыўся шчаслівым чалавекам.

Падчас абраду розныя рэчы, такія, як шпількі, каснікі, гузікі, закопвалі на ярыне. Лічылася, што пры дапамозе такіх дзеянняў ярыне даецца жыццё.

Асноўныя рытуальныя дзеянні: збор удзельнікаў, ваджэнне карагодаў, шэсце радамі ("танок"), гульні, качанне па полі, закопванне "стралы".

Сучасная "Страла"

Калісьці ў абрадзе ўдзельнічалі толькі дзяўчаты і жанчыны. Цяпер прыняць удзел у абрадзе, паслухаць старажытныя спевы штогод на свята прыязджае вялікая колькасць людзей. Яшчэ не так даўно абрад "Страла" ўспрымаўся як вясёлая народная гульня, але за апошняе дзесяцігоддзе стаўленне да гэтага найстаражытнейшага абрада памянялася. Прымаць удзел у абрадзе прыязджаюць не толькі беларускія навукоўцы, але і замежныя турысты. Гэта пэўным чынам ажыўляе край, паколькі прымушае мясцовае насельніцтва больш уважліва ставіцца да захавання культурнай спадчыны.

І вось цяпер у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту былі паказаны абрадавыя дзеі ў выкананні пераемнікаў фальклору.

Традыцыйная абрадавая яечня на Велікодную стрілку
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Традыцыйная абрадавая яечня на Велікодную стрілку

Завяршылася свята танцамі, частаваннем абрадавай яечняй у музейнай карчме і сонцам на небе. Мусіць Ярылу ўсё спадабалася!

Добрага вам здароў'я і хутчэйшага надыходу цяпла. Да пабачэння.

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (14)
Тэги:
гісторыя, Гісторыка-культурныя каштоўнасці, традыцыі, Гістарычная рэканструкцыя, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы