ГРОДНА, 1 ліс — Sputnik, Іна Грышук. Некалькі ўзораў старадаўняй кафлі часоў Стэфана Баторыя знайшлі археолагі ў час раскопак, якія ідуць на тэрыторыі Старога замка ў Гродне. Разам з шахматнай ладдзёй кафля стала адной з найбольш цікавых знаходак на Замкавай гары.
Знойдзеныя пры раскопках прадметы больш падобныя на гліняныя гаршкі, гарлачык якіх мае квадратную форму або форму кветкі з 4 або 6 пялёсткамі. Гэта гаршковая кафля, з якой у даўніну складваліся печы.
Як распавяла кіраўнік археалагічных раскопак Наталля Кізюкевіч, на Замкавай гары гаршковая кафля знойдзеная ўпершыню. Да гэтага падобныя артэфакты знаходзілі на тэрыторыі Лідскага, Мірскага і Крэўскага замкаў.
"Кафля адносіцца да першай палове XVI стагоддзя. Яна магла быць выкладзена не раней першай паловы XVI стагоддзя ці крыху пазней — у сярэдзіне або другой палове гэтага стагоддзя", — адзначае спецыяліст.
Адзін са знойдзеных узораў — шасціпялёсткавая кафля — была знойдзена цалкам. Астатнія даставалі з зямлі па чарапках. Усе яны зроблены з абпаленай гліны і пад цяжарам зямлі лопнулі. Некалькі узораў археолагі сабралі і склеілі па кавалачках. Яшчэ некалькі чакаюць, калі іх збяруць.
Узоры гаршковай кафлі і знойдзеная крыху раней шахматная ладдзя лічацца самым каштоўным з пакуль знойдзенага, іх можна лічыць прыкладна аднолькавымі па маштабе для дадзенага гістарычнага помніка.
"Шахматная фігура больш цікавая шырокаму колу людзей, не толькі вузкаму колу спецыялістаў. Пакуль яна сама па сабе ўнікальная", — кажа Кізюкевіч.
Шахматная ладдзя вышынёй прыкладна 5 сантыметраў і хутчэй за ўсё зроблена з косткі жывёлы. Яе знайшлі ў культурным пласце XIV стагоддзя, але спецыялісты не выключаюць, што вырабіць яе маглі нашмат раней, а затым захоўваць у замку. У апошні раз шахматную ладдзю каля Старога замка знаходзілі падчас раскопак у 1931 годзе. Усяго ў музеі ў Гродне маецца шэсць падобных шахматных фігур.
Незвычайнай знаходкай можна назваць і залатое жаночае кальцо меркавана XIV стагоддзя. Яно стала другім па ліку залатым упрыгожаннем, якое калі-небудзь знаходзілі на тэрыторыі Старога замка. Першае залатое кальцо было знойдзена ў 1949 годзе пры раскопках на тэрыторыі Ніжняй царквы.
Як адзначае Наталля Кізюкевіч, археалагічныя раскопкі пачаліся 11 кастрычніка. На сённяшні дзень спецыялісты апусціліся на глыбіню 2,5 метра і даследавалі 1,5 метра культурнага пласта. Ім трэба будзе вывучыць яшчэ прыкладна 2-2,5 метра. За тры тыдні на аб'екце было знойдзена даволі шмат прадметаў. Гэта кераміка, спражкі, наканечнікі стрэл, цвікі, некалькі кольцаў і іншыя прадметы, а таксама косці жывёл. Вывучаць іх будуць пасля заканчэння палявых работ.
Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Старога замка пачаліся напярэдадні маштабнай рэстаўрацыі замкавага комплексу.
Чытайце чаму спецыялісты лічаць праект рэйстаўрацыі шкодным >>