07:10 21 чэрвеня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.01
  • EUR2.32
  • 100 RUB3.15
Этнограф Ларыса Мятлеўская

Аўдакей на парозе: назіраем за надвор’ем і гатуем цвікленю

© Фото : з асабістага архіва Ларысы Мятлеўскай
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
5720

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, як працуе вясковы гідрамет, прапануе пасеяць памідоры на расаду і прыгатаваць смачную посную страву.

Зіма сёлета выдалася даволі цёплая і маласнежная, а вось першы месяц вясны пакуль адпавядае кліматычным нормам. І сапраўды, з пачатку месяца снегу насыпала багата. Ён яшчэ пэўны час праляжыць цёплым покрывам на палетках, перш чым пачне чарнець і раставаць. Раней нашыя продкі пра надвор'е ў сярэдзіне сакавіка казалі: "Яўдохі — снегу па бокі " і "Яўдокі — з гары патокі".

Завея на Аўдонню — чакай вялікага голаду

Беларускі народны каляндар сцвярджае, што сапраўдная вясна пачынаецца менавіта на Аўдакея, або Аўдоццю Вясноўку, Яўдоху, Аўдонню, Аўдуську, Галдакея. Вось колькі назваў мае прысвятак, які адзначалі 14 сакавіка.

Сяляне былі ўпэўненыя, што чатыры дні ад гэтай даты адлюстроўваюць стан надвор'я напрацягу ўсяго года: першы дзень уяўляе сабою нібы вясну, другі — лета, трэці — восень, а чацвёрты —зіму. Якім будзе надвор'е ў гэтыя дні, такімі будуць і адпаведныя поры года.

У народзе казалі, што калі  Галдакей цёплы, свеціць  сонца, то вясна і лета таксама будуць цёплымі, калі ідзе дождж — варта чакаць ураджай на жыта. Калі  моцны мароз, то ён жа памарозіць грэчку падчас цвіцення. Калі будзе туман, то пашанцуе з ураджаем на боб, фасолю і гарох. Калі ж мяцеліца і завея, што зрэшты бывае рэдка, то верылі, што ў бягучым годзе трэба чакаць вялікага голаду, які быццам "вымеце людзей".

Смак цвіклені — не ад'есціся!

Па народных уяўленнях Аўдакей трымае ў руцэ лета, а разам з ім і надзею на добрыя ўраджаі. Руплівыя гаспадыні ў гэты дзень пачыналі рыхтавацца да агародніцтва. Напрыклад, у Лельчыцкім раёне казалі: "Оўдокый помідоры на расаду сажалі і на окне дзержалі". Народную мудрасць праверыла і я: цяпер на падваконніках і кату няма дзе сесці — кругом адна расада.

Таксама на Аўдакеі гаспадары працягвалі сячы дровы. У валачобных песнях так і спявалі: "Аўдакеі дровы сякуць, у клады кладуць".

Калісьці ў гэты дзень сяляне елі асаблівую страву — "націну", якую гатавалі з лісця рэпы. Лісце рэпы зараз здабыць складана, чаго не скажаш пра бурачкі, таму прапаную вам рэцэпт першай стравы, якую гатуюць у Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці. Ён зусім не скаладаны, але паверце: смак у стравы — не ад'есціся!

Цвікленя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Цвікленя

Цвікленя можа быць як поснай, так і скаромнай. Я прыгатавала яе на рыбным прыварку з вялікага свежага карпа, які мяцеліў мяне хвастом, пакуль несла яго з крамы. Дарэчы, з рыбіны атрымалася не толькі цвікленя, а яшчэ некалькі смачных посных страў, аб якіх  распавяду наступным разам.

Інгрыдыенты:

  • 500 г рыбы;
  •  500 г квашаных або марынаваных буракоў;
  •  2 л вады;
  •  150 г смятаны;
  •  3 зубкі часнаку;
  •  соль да смаку.

Як гатаваць:

Спачатку трэба зварыць рыбны прыварак, для якога я ўзяла галаву, хвост і ладны кавалачак мяса ад карпа, як на звычайную юшку. Укінула ўсё ў ваду разам з лаўровым лістом і гарошынамі чорнага перца.

Заправа для цвіклені
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Заправа для цвіклені

Калі рыба зварылася, то акуратна, каб не развалілася, дастала яе з рондаля на талерку і адсунула ў бок. Тое, што засталося ў юшцы, адкінула на дуршлаг, старанна выбраўшы косткі з мяса. Яго можна з'есці і так, але лепей пакласці ў прыварак, што я і зрабіла.

Пасля гэтага бяромся за буракі. Не ведаю як вы, але я штогод марыную ў слоіках маленькія бурачкі. У марынадзе яны надзвычай смачныя і калі лянота варыць ці квасіць сырыя буракі, то марынаваныя выручаюць хутка прыгатаваць халаднік, вінегрэт або цвікленю. Натуральна, квашаныя буракі маюць інакшы смак і вітаміннай карысці ў іх крыху болей, але ж і квасіць іх трэба пачынаць з восені. Дарэчы, калісьці буракі ў большасці сваёй менавіта так і нарыхтоўвалі. Добра вымытыя складалі ў вялікія бочкі і залівалі вадой. Так яны квасіліся некалькі месяцаў, пасля чаго і буракі, і бурачны квас елі амаль штодня. Квас гэты вельмі каштоўны для здароўя. Натуральная кісліня і колер у ім ні з чым не параўнальныя.

Як рабіць бурачны квас >>

У прыварак з кавалачкамі рыбы неабходна дадаць нацёртых на бурачнай тарцы марынаваных буракоў і паварыць усё не больш як 10-15 хвілін, каб бурачкі аддалі свой салодкі смак прыварку. Калі ж у вас квашаныя буракі, то варыць іх трэба прыкладна гадзіну, пакуль не памякчэюць.

Смятанна-часночны соус
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Смятанна-часночны соус

Пакуль буракі варацца, трэба зрабіць соус са смятаны і часнаку. Націснуць часнаку, змяшаць са смятанай і забяліць ёй цвікленю перад ядой.

Заўвагі:

  • Зубкі ў часнака бываюць розныя па памеру, таму трэба абраць сярэднія, каб востры часнок не перабіў смаку гатовай стравы.
  • Калі ж вы вырашылі варыць цвікленю з мяса, то варта для гэтага ўзяць свініну або ялавічыну.

Смачна вам есці і да сустрэчы!

Тэги:
посныя стравы, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы