20:16 22 кастрычніка 2017
«Радыё Sputnik»
Посны боршч з грыбамі

Лопай боршчык з грыбамі і дзяржы язык за зубамі

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
8171

У самым разгары Вялікі пост, правіл якога ў наш мітуслівы час прытрымліваецца далёка не кожны. І тым не менш, цікава часам даведацца, як нашы продкі ставіліся да той ці іншай жыццёвай завядзёнкі.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

З усіх пастоў — перадвелікодны прызнаваўся за найважнейшы. У народзе казалі: "То святы Хрыстоў пост: на ём гавеюць хрышчоныя людзі".

"Шабаш, Масленіца згарэла"!

Падрыхтоўка да посту пачыналася з вечара апошняга дня Масленкі. Пасля вячэры гаспадыні старанна мылі і шаравалі ўсё кухоннае начынне дагэтуль ужыванае і выносілі яго ў камору ажно да велікодных святаў. Смецце са старанна вымеценай хаты выносілі на вуліцу і выкідвалі на вязку саломы, якую загадзя прыносіў хто-небудзь з сямейнікаў. Пазней, гэту салому ўрачыста спальвалі і казалі: "Шабаш, Масленіца згарэла"!

Абрад Чырачка
© Sputnik / Сергей Лескеть
Абрад "Чырачка"

Паласказуб

Так называўся першы панядзелак Велікоднага посту. Дзень пачынаўся з таго, што старэйшыя члены сям'і, за рэдкім выключэннем, хадзілі ў бліжэйшую карчму "паласкаць зубы". Гэта "паласканне" складалася з узаемнага частавання адзін аднаго гарэлкай. Чысціць зубы быццам бы трэба для таго, каб там не застаўся кавалачак скаромнай ежы.

"Лопай боршчык з грыбамі і дзяржы язык за зубамі"

Увесь пост царква не дазваляла есці мяса, піць малако, спяваць песні, танцаваць. Таму салодкім успамінам для тых, хто посціў адгукаўся мясаед і сырная нядзеля. Каб цяжка не саграшыць на першым тыдні не елі нават рыбу, стравы часцей былі "нішчымныя", бо ў іх не дадавалі алею. Каля стагоддзя таму на Палессі можна было падслухаць гутарку, дзе гаспадар пытаўся ў гаспадыні:

— Што мы будзем сягоня есці ў абед?

— Боршч з грыбамі і камы з макам.

— Значыцца сала патала, а масла пагасла?

— Эгэ ж, а цяпер лопай боршчык з грыбамі і дзяржы язык за зубамі, штоб не грашыў Богу перад святым гавеннем (гавець — спавядацца).

— Чым жа мой язык так вельмі грэшыць?

— А тым, што ўспамінае сала ды масла замест таго, каб сціснуць пуза папругай, якое раздулася за Масленіцу як трыбух у надворнага кабана ад зелля!

"Посны гаршчок"

Жанчыны трымалі пост настолькі шчыра, што чыгунок, у якім варыліся мясныя стравы, старанна вышмараваны і прапараны некалькі разоў чыстым кіпенем, усё адно не выкарыстоўвалі для прыгатавання посных страў. Гаспадыні былі перакананыя, што ежу трэба варыць у "новом, посном гаршку", бо стары настолькі насыціўся скорамам, што "яму і чорт не дась рады".

З новым посудам у пост
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
З новым посудам у пост

З другога тыдня, акрамя серад і пятніц, трыманне посту было больш лагоднае. З гэтага часу і ажно да велікоднай нядзелі прыправаю да посных страў маглі быць:

  • алей, пераважна ільняны
  • мак у выглядзе малака ці ў сваім нязменным выглядзе
  • грыбы
  • свежая рыба і печкуры, а таксама сушаная рыба "таран"
  • мёд

Усе супы, кашы, печыва, закрашаныя (прыпраўленыя) гэтымі прадуктамі, спажываліся напрацягу ўсяго посту.

Пакуты для ненажэр і п'яніц

На Беларусі хоць і казалі, што "ў пост толькі адышоўся ад стала, завярнуўся тройчы, дык ізноў есці захацелася", аднак пост захоўвалі з усёй строгасцю. За парушэнне пастоў і наогул за аб'яданне і п'янства, па разуменні беларуса, бог мог пакараць чалавека тым, "што на тым свеце паставіць яго сярод усялякай яды і пітва, і яму бясконца будзе хацецца есці і піць, але няможна будзе дастаць нічога".

Каб такога ні з кім не здарылася ні на тым, ні на гэтым свеце, звернемся да беларускага кулінарнага сшытка і згатуем сапраўдны старабеларускі посны боршч. Калі будзеце гатаваць, памятайце, што колькасць інгрыдыентаў і дагэтуль вымяраецца гаспадынямі, як кажуць "на вока". Гатуйце з таго, што ў вас ёсць пад рукой, часам паглядаючы ў гэты рэцэпт.

Посны боршч з грыбамі

50-80 г сухіх грыбоў, корань пятрушкі, корань сельдэрэю, 1 морквіна, 1 шт. цыбулі-парэю, 1 галоўка цыбулі, 500 г. буракоў, 5-6 гарошын перцу, 2 гарошыны духмянага (англійскага) перцу, 1 маленькі лаўровы ліст, соль, цукар, 0,5 л. бурачнага квасу, чарка сухога чырвонага віна або крыху цытрыновага соку.

Посны боршч гатуецца на моцным адвары з гародніны. Гародніну зварыць разам з 4 абабранымі і нарэзанамі тонкімі скрылікамі буракамі, дадаць перац, маленькі лаўровы ліст. У другой каструльцы ў 2-х шклянках вады (0,5 л) зварыць сушаныя грыбы (самыя смачныя — белыя). Абодва адвары працадзіць скрозь сіта і перамяшаць. Пасля гэтага ўліць бурачны квас (на 1,5 л адвару — 0,5 л бурачнага квасу), пакрышыць саломкай звараныя грыбы, або пакласці іх цэлымі.

Боршч давесці да кіпення, але не кіпяціць. Калі колер баршча недастаткова яркі, яго можна падфарбаваць свежым бурачным сокам. Заправа баршча — справа далікатная, паколькі залежыць ад густу гаспадыні. Тут акрамя солі для смаку можна дадаць крыху цукру. Калі боршч атрымаўся недастаткова кіслы, можна ўліць туды чарку сухога чырвонага віна або крыху цытрыновага соку, але ні ў якім разе не воцату. Тоўчаны зубок часнаку, пакладзены ў боршч за некалькі хвілін да падачы на стол, надасць яму прыемны своеасаблівы смак. Замест смятаны можна дадаць крыху алею.

Часта такі боршч ядуць з варанай бульбай, хлебам або грэцкай кашай. Смачна есці!

Бурачны квас

Прыгатаваць бурачны квас не складана. 1,5 кг добра вымытых і абабраных буракоў, накрышыць тонкімі скрылікамі, пакласці ў шкляны слоік і заліць цёплай вадой. Зверху пакласці кавалак жытняга хлеба, што паскорыць працэс закваскі. Слоік абвязаць марляй і паставіць у цёплае месца на 2-5 дзён. Пасля зняць зверху пену і разліць квас па чыстых бутэльках. Шчыльна закаркаваны ў халодным месцы ён не сапсуецца напрацягу некалькіх месяцаў.

Збаны для квасу
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Збаны для квасу

Посцім смачна і, як кажуць — вось вам боршчыку з гэтага горшчыку! Смачна есці і да сустрэчы.

Тэги:
беларуская кухня, Кухня, традыцыі, Вялікі пост, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы