МІНСК, 3 мая — Sputnik. Збор подпісаў супраць змянення аўтэнтычнага архітэктурнага выгляду беларускіх цэркваў распачаўся ў Беларусі.
Падпісантаў заклікаюць выступіць супраць "антырэстаўрацыі" — выкарыстання недапушчальных пры рэстаўрацыі элементаў і методык.
У петыцыі пералічаны аб'екты, якія ўжо пацярпелі ад "антырэстаўрацыі" — Успенскі сабор у Жыровічах, Траецкая царква ў Слоніме, Свята-Геогіеўская ў Валавелі і іншыя. Сабрана ўжо больш за 700 подпісаў.
"Мы выступаем за спыненне знішчэння аўтэнтычнай беларускай архітэктуры і насаджэння чужародных элементаў. Патрабуем правесці расследаванне і патлумачыць, як у прававой дзяржаве беспакарана можа змяняцца аблічча помнікаў рэспубліканскага значэння, хто за гэтым стаіць, ці робіцца гэта з дазволу Мінкультуры, і калі так, на якой падставе такія дазволы былі дадзены", — гаворыцца ў тэксце дакумента.
Петыцыю плануецца накіраваць у Міністэрства культуры і Генеральную пракуратуру Беларусі напрыканцы мая.