13:11 26 мая 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.00
  • EUR2.34
  • 100 RUB3.25
Кнігі Францыска Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Будызм, эротыка і спонсары: пра што яшчэ пісаў у сваіх кнігах Скарына

© Sputnik / Алеся Шершнёва
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
19250

Навошта Францыск Скарына перакладаў на царкоўнаславянскую мову любоўныя прыгоды цара Саламона? Ці праўда, што першадрукар здаваў свае выданні на макулатуру?

Сімвалічным пачаткам беларускага кнігадрукавання ў 1517 годзе стала Біблія, але мала хто ведае, што самым плённым для першадрукара стаў не гэты, а наступны год.

Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва пагутарыла з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесем Сушай пра невядомыя, але не менш цікавыя старонкі скарынаўскай кніжнай спадчыны.

Першы беларускі эксперыментатар

У 1518 годзе Скарына пачаў эксперыментаваць над сваімі выданнямі. Магчыма, таму гэты год стаў самым плённым для першадрукара — свет убачылі "Эклезіяст", "Песня песняў", "Кнігі царстваў" і іншыя.

Большасць з гэтых кніг, дарэчы, у галоўнай бібліятэцы краіны захоўваецца ў арыгіналах. Навукоўцы падкрэсліваюць іх унікальнасць таму, што скарынаўскія выданні захаваліся ў Беларусі дрэнна і ўвогуле прадстаўлены вельмі фрагментарна.

Выкарыстанне двух колераў у тыя часы лічылася сапраўдным прарывам
© Sputnik / Алеся Шершнёва
Выкарыстанне двух колераў у тыя часы лічылася сапраўдным прарывам

І хаця зараз друк у два колеры, выкарыстанне знакаў прыпынку, з'яўленне тытульнага аркуша ці гульня з формай тэксту успрымаюцца як звычайная справа, на той час гэта сапраўды было прарывам.

"Кнігі Скарыны не былі фаліянтамі ці шматтоннымі кнігамі, як гэта здаецца многім. Іх фармат — чацвёртая доля друкарскага аркуша, што на той час было наватарскай прапановай для выдання біблейскіх кніг", — тлумачыць Алесь Суша.

Увогуле, беларускі першадрукар зрабіў усё магчымае, каб кнігі сталі даступнымі для многіх людзей, а не толькі для прывілеяваных слаёў грамадства.

Выданні, напрыклад, друкаваліся без цвёрдай вокладкі. Уладальнік купляў унутраную частку і мог зусім яе не пераплятаць або рабіў пераплёт у адпаведнасці са сваімі густам і фінансавымі магчымасцямі.

Багатыя людзі ўласную бібліятэку афармлялі ў адзіным стылі — вокладкі кніг былі аднаго колеру і з аднаго матэрыялу — дрэва, скуры, пергаменту, радзей — з кардону ці паперы.

Любоўны трохкутнік у скарынаўскім перакладзе

"Песня песняў" — гэта гісторыя кахання цара Саламона да пастушкі, якая была закаханая ў мясцовага пастуха. Па Біблейскіх паданнях, аўтарства кнігі пра любоўны трохкутнік належыць самому цару, магчыма, таму ў арыгінальным тэксце шмат натуралізму  і нават эротыкі.

Друкар-эксперыментатар паспрабаваў патлумачыць сэнс тэксту з пункту гледжання тэалогіі свайго часу і пераклаў яго праз алегорыю: Саламон — гэта Хрыстос, а сялянка — царква. Такім чынам, эратычная гісторыя стала ўвасабленнем рэлігійнай стрыманасці.

"Песня песняў" — гэта помнік старажытнаяўрэйскага пісьменства, які паказвае не толькі вельмі высокі ўзровень літаратуры тысячагадовай даўніны, але і талент нашага асветніка", — падкрэслівае Алесь Суша.

Даследчыкі лічаць, што свой пераклад Скарына зрабіў на падставе чэшскага перакладу Венецыянскай Бібліі 1506 года. З чэшскай мовы ён пераклаў кнігу на старабеларускую, але ў так званай царкоўнай рэдакцыі: многія словы вельмі падобныя да царкоўнаславянскай мовы.

Дарэчы, самы вядомы пераклад "Песні песняў" на беларускую мову зрабіў Васіль Сёмуха, і аздоблены ён гравюрамі знакамітага мастака Арлена Кушкарэвіча, змест якіх таксама даволі далёкі ад сціпласці.

Будысцкая мудрасць па-беларуску

Калі параўноўваць "Эклезіяст" з "Песняй песняў" — гэта супрацьлеглы варыянт. Лічыцца, што аўтарства выдання таксама належыць Саламону. Алесь Суша ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку гэта малаверагодна з-за вялікай колькасці храналагічных адыходжанняў.

© Sputnik / Алеся Шаршнёва / Аляксандр Шурмялёў
Пра што пісаў у сваіх кнігах Францыск Скарына

"Фактычна, гэта будысцкі трактат, па якім каханне, страсці, радасці і любыя пачуцці — гэта няправільна. Арыгінальны тэкст песімістычны і фаталістычны. У гэтай кнізе мы маем справу з фатальным поглядам на тое, што ў жыцці шмат праблем і цяжкасцей і цёмны бок заўсёды перамагае", — тлумачыць навуковец.

Скарыне давялося папрацаваць, каб паказаць, што гэта суб'ектыўны погляд. Сваё тлумачэнне ён традыцыйна прадстаўляе ў прадмове і праяўляе сябе як таленавіты багаслоў і пісьменнік. Індывідуальны падыход першадрукара робіць бессюжэтны тэкст больш простым для разумення.

Змест быў такі складаны, што немагчыма было нават падабраць да яго ілюстрацыі. Скарына размясціў у кнізе гравюру — сустрэча цара Саламона з царыцай Саўскай, але ніякага дачынення да "Эклезіяста" ілюстрацыя не мае.

"Часам праводзяць некаторыя паралелі паміж гэтым і будысцкімі тэкстамі. Кнігу можна аднесці да катэгорыі кніг мудрасці, таму што яна змяшчае філасофскія разважанні пра сэнс жыцця і ролю чалавека ў свеце", — дадае Алесь Суша.

Скарына прадаваў свае выданні на макулатуру?

Прызначаўся "Эклезіяст" для калялітургічнага ўжытку — гэта царкоўная кніга, хаця яе і не чытаюць падчас службаў. Дарэчы, у склад біблейскіх тэкстаў "Эклезіяст" уключаць не хацелі, таму што ён быў не такім рэлігійным у параўнанні з астатнімі выданнямі.

Скарынаўскія выданні захаваліся ў Беларусі дрэнна і ўвогуле прадстаўлены вельмі фрагментарна
© Sputnik / Алеся Шершнёва
Скарынаўскія выданні захаваліся ў Беларусі дрэнна і ўвогуле прадстаўлены вельмі фрагментарна

Даследчык патлумачыў, што кнігі пражскага перыяду працы Скарыны адносяцца да Старога Запавету ці, як кажуць, да яўрэйскай Бібліі, таму ў хрысціянстве яны вельмі часта ўспрымаліся як другасныя ў параўнанні з кнігамі Новага Запавету.

Адносна нядаўна ў Вроцлаве знойдзены чатыры аднолькавыя аркушы з гэтай кнігі. Гэта выклікала шэраг дыскусій у навуковай супольнасці. Выказваліся нават меркаванні, што Скарына прадаваў свае выданні на макулатуру.

"Аркушы, хутчэй за ўсё, паказваюць нам, што ў Празе кнігі не сшываліся. Там Скарына іх толькі друкаваў, складваў у стосы і адпраўляў сшываць у ВКЛ", — патлумачыў Суша.

Сабор Святога Віта ці Храм Саламона?

Адно з самых спрэчных і цікавых выданняў Скарыны па меркаваннях даследчыкаў — "Кнігі царстваў". Дагэтуль ідуць спрэчкі, адна гэта кніга ці чатыры.

Алесь Суша схіляецца да другога варыянту, бо кожная кніга мае свой асобны тытульны аркуш і ўласную прадмову.   

Калі зноў кранаць тэму адаптацыі біблейскіх тэкстаў для сучаснікаў, варта ўзгадаць адну з гравюр, на якой паказана будаўніцтва храма ў Ерусаліме.

"Гэты храм натуральна выглядаў не так. Скарына на гравюры паказвае храм так, як ён будаваўся не ў часы Саламона, а ў яго часы — гэта класічная архітэктура пачатку XVI стагоддзя. Прыблізна ў той час ішло будаўніцтва касцёла Святога Віта ў Празе, які якраз падобны на тое, што мы тут бачым", — дадае спецыяліст.

Дарэчы, кнігі трапілі ў бібліятэку да 400-годдзя беларускага кнігадрукавання. Выданні, якімі раней валодаў расійскі род Цевяшовых, былі куплены ў Ленінградзе за дзяржаўныя грошы.

Чым танней, тым лепей

Яшчэ адно эксперыментальнае выданне пражскага перыяду "Кніга мудрасці божай". Кніга класічнай структуры з прыгожымі гравюрамі і адмысловым скарынаўскім шрыфтам.

На тытульнай старонцы ўзгадваецца спонсар — Багдан Онкаў. Скарына не саромеўся на галоўных старонках сваіх кніг, якія размяшчаліся ў пачатку і канцы, пісаць пра сябе і тых, хто аказваў яму фінансавую падтрымку.

Зараз можна толькі здагадвацца, колькі каштавалі кнігі ад першадрукара. Дакладнага кошту са скарынаўскіх часоў не захавалася, але ёсць звесткі з дакументаў XVI-XVIІІ стагоддзяў пра тое, што выданні перадавалі ў спадчыну ці прадавалі. Сумы ўзгадваюцца самыя розныя — ад двух-трох рублёў да некалькіх соцень. Адна і тая ж кніга магла каштаваць па-рознаму, і ад чаго гэтага залежала, даследчыкі толькі здагадваюцца.

Ясна толькі адно: Скарына рабіў усё магчымае, каб зрабіць кнігі таннымі. Першадрукар заўсёды падкрэсліваў, што стварае іх "людзям паспалітым дзеля добрага навучання".

По теме

Помнік Францыску Скарыну з’явіўся ў Кішынёве
"Сусветная спадчына Францыска Скарыны" атрымала Гран-пры конкурсу кнігі
Копію друкарскага станка Францыска Скарыны зрабілі школьнікі са Шчучына
Бібліятэка Кангрэса ЗША атрымала факсімільнае выданне кніг Скарыны
Кніжная спадчына Францыска Скарыны
Тэги:
кнігадрукаванне, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Алесь Суша, Францыск Скарына, Мінск
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы