Спецыяльна для карэспандэнта Sputnik намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша распавёў, як навукоўцы ставяцца да пытанняў знешнасці Францыска Скарыны.
Па яго словах, у навуковай літаратуры пытанне, ці насіў Францыск Скарына вусы, мінімальна аналізавалася. Гэтым пытаннем займаліся мастацтвазнаўцы, якія вывучалі гравюры Скарыны.
Культуролаг нагадаў, што даследчыкі Мікола Шчакаціхін і Віктар Шматаў звярталіся да гэтага пытання, і яно не новае. Чэшскія даследчыкі не першымі ўзнялі гэтае пытанне.
"Часам гэтае пытанне ўзнікала як жартаўлівае ў коле навуковых абмеркаванняў, а часам як рэальнае. Тым не менш мастацтвазнаўцы, якія займаюцца гравюрамі, сыходзіліся на думцы, што на партрэтных гравюрах Скарыны прадстаўлены чалавек з вусамі", — падкрэсліў Алесь Суша.
"Выказанае меркаванне чэшскіх даследчыкаў, што Скарына не насіў вусы — бяздоказнае. Меркаванне з'яўляецца аўтарскім, бо зроблена не мастацтвазнаўцам", — рэзюмаваў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.