04:16 20 ліпеня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.03
  • EUR2.28
  • 100 RUB3.22
Сімвал Камаедзіцы - мядзведзь

Камаедзіца на парозе: як нашы продкі адзначалі Дзень мядзведзя

© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (60)
43270

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, як у старажытныя часы нашы продкі адзначалі свята Мядзведзя і чаму гэтая жывёла была такой шанаванай.

У старажытныя часы 6 красавіка было прынята адзначаць язычніцкае свята ўшанавання Мядзведзя. У беларускім і ўвогуле ў славянскім фальклоры існуе шмат легенд аб паходжанні гэтай жывёлы.

Паданні сведчаць, што мядзведзь быў калісьці чалавекам, якога варажбіт ператварыў у звера за крадзёж чужога мёда. А яшчэ мядзведзь успрымаўся старажытнымі людзьмі як Бог-Грамоўнік або Пярун, які быццам разбівае нябесныя вуллі і прагна з'ядае схаваны ў іх мёд.

Калі "мядвед" — гэта Пярун, то хмары былі вуллямі, а дажджавая вада ўяўлялася мёдам. Нашы продкі свята верылі, што прырода навокал жывая, усё адчувае, на ўсё рэагуе.

Аднак не толькі беларусы ўшаноўвалі мядзведзя. У старажытных германцаў, напрыклад, мядзведзь лічыўся царом усіх звяроў. Дарэчы, беларускі фальклор сведчыць пра тое ж самае.

А яшчэ ў гэты дзень святкуецца Камаедзіца, неўзабаве пасля вясновага раўнадзенства. Людзі верылі, што 6 красавіка Бог-Грамоўнік зноў запальвае патушаны нячыстай сілай сонечны агонь.

Святкаванне Камаедзіцы

Раніца пачыналася з прыгатавання святочнай ежы. Спачатку гатавалі сушаны рэпнік у гонар таго, што мядзведзь харчуецца пераважна раслінным кормам і травамі. Далей ставілі на стол загадзя прыгатаваны аўсяны кісель, паколькі зверь любіць авёс, і трэцяя абавязковая страва гэтага дня — гарохавыя камы або аладкі.

Святочная ежа на Камаедзіцу
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Святочная ежа на Камаедзіцу

Грыбны суп з аўсянай крупой

Інгрыдыенты:

  • 40 гр сушаных баравікоў
  • 40 гр аўсяных круп
  • 1 морква
  • 30 гр кораня пятрушкі
  • 1 цыбуліна
  • 2 ст лыжкі алею (вяршковага масла)
  • Соль, перац, лаўровы ліст

Як гатаваць:

Памыць грыбы і заліць цёплай водой, каб набраклі. Мачыць іх можна 2-3 гадзіны.

Грыбы для супа і натхнення
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Грыбы для супа і натхнення

Грыбы варым, затым працэджваем і шаткуем. Пакуль варацца грыбы, дробна крышым карэнне і цыбулю, абсмажваем іх на алеі або вяршковым масле.

Аўсяную крупу (не геркулес) 2-3 разы прамываем у гарачай вадзе і засыпаем у кіпень з грыбным адварам. Варым на маленькім агні 30 хвілін. Калі амаль што ўсё зварылася, адпраўляем у каструлю абсмажанае карэнне, нашаткаваныя грыбы, соль, перац, лаўровы ліст.

Гарохавы кісель

Далей самы час пакаштаваць гарохавага кісялю, бо аўсяны кісель мы ўжо гатавалі. Гэты кісель разам з аўсяным — дзед усіх сучасных кісялёў на крухмале. Гатуецца ён вельмі проста. Трэба толькі змалоць гарох на муку і разбоўтаць яе ў халоднай гатаванай вадзе. Затым акуратна выліць гарохавую масу ў кіпячую падсоленую ваду з алеем, добра мяшаючы, каб не ўтварыліся камячкі.

Гарохавая мука на кісель
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Гарохавая мука на кісель

Калі пачне гусцець, вылівайце яго ў змазаныя маслам формы і нясіце на холад. Як кісель застыне, можна яго перавярнуць з пасудзін на талеркі. Пабачыце, як ён добра будзе трымаць форму.

Гарохавы кісель
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Гарохавы кісель

Гарохавыя аладкі (гарохавыя камы)

Можна зрабіць гарохавыя камы, і, абсмажыўшы іх, крыху патушыць са смажанай цыбулькай у печы або духоўцы. Але можна і прасцей — спячы гарохавыя аладкі. На камы і на аладкі рэцэпт практычна аднолькавы.

Гарохавыя камы з агуркамі
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Гарохавыя камы з агуркамі

Інгрыдыенты:

  • 200 гр гароху
  • 100 гр мукі
  • Соль
  • Раслінны алей

Як гатаваць:

Саспелы гарох загадзя замачыць, прамыць і доўга варыць, пакуль не разамлее. Гарох і фасолю лепш за ўсё гатаваць у печы. Разам з вадкасцю працерці да аднароднай масы, дадаўшы муку і соль. Атрымалася цеста. З яго фармуем аладкі, абвальваем іх у муке і смажым на раслінным алеі.

Гарохавыя камы
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Гарохавыя камы

Нагода пакачацца з жонкай у ложку

На абуджэнне Мядзведзя ў сялян існаваў асаблівы звычай.

Пасля абеду ўсе — і старыя і малыя — клаліся адпачываць, але не спалі, а варочаліся з боку на бок, нібы мядзведзь у бярлозе. Цырымонія гэтая доўжылася каля дзвюх гадзін, гэта рабілі дзеля таго, каб мядзведзю было лягчэй прачынацца пасля зімовай спячкі. Пасля "ўрачыстых качанняў" па ложку пачыналася свята.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што свята Камаедзіца атрымала сваю назву ад камоў з гарохавай мукі. Але ёсць і іншая версія, па якой Мядзведзь мае яшчэ два імя — Ком і Бер. Мядзведзь-Ком прачынаецца ў бярлозе (хата Бера) ад сну. Сон славяне лічылі маленькай смерцю і нават спалі седзючы. Зіма таксама атаясамлівалася са смерцю. Таму абуджэнне Мядзведзя ад смерці-зімы ўяўлялася, як перамога ўсяго жывога над смерцю. Мядзведзь прачнуўся — і разам з ім абудзілася прырода, надышла вясна.

Адзначалі яго многія славянскія народы, але з цягам часу, як і іншыя язычніцкія звычаі, яно было забытае. Але на Беларусі ў ХІХ стагоддзі Камаедзіца бытавала ў Бягомльскім прыходзе Барысаўскага павету.

У канцы ХХ стагоддзя гэта свята пачала адраджаць суполка моладзі, якая шанавала нацыянальныя традыцыі. 

Камаедзіца ў аграсядзібе
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Камаедзіца ў аграсядзібе

Сабраўшыся на ўскрайку Мінска моладзь і дзеці гулялі ў народныя гульні, а адзін з дарослых гульцоў, апрануўшыся ў вывернуты на левы бок кажух, насунуўшы на твар маску мядзведзя, качаўся па траве, лавіў дзяцей, якія пры гэтым учынялі лямант. Усе весяліліся, спявалі вясновыя песні і елі прынесеныя з сабой гарохавыя камы.

Праз некалькі гадоў адрадзілася гэта свята і ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, дзе яго і сёння могуць замовіць групы экскурсантаў. Штогод святкуюць Камаедзіцу і на Кобрыншчыне ў аграсядзібе Алы і Сяргея Палікарпукоў "На зарэчнай вуліцы". Свята ў іх цікавае, з аўтарскім поглядам на старажытнасць, з абавязковым частаваннем абрадавымі стравамі.

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (60)
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, Нацыянальная кухня, Камаедзіца, Беларусь

Галоўныя тэмы