01:23 20 мая 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.09
  • EUR2.33
  • 100 RUB3.23
Шлем, які знайшлі на беразе Бярэзіны

Гісторык Ігар Марзалюк: бабруйскі шлем-сенсацыя круцей за шапку Манамаха

© Photo: Bobrlife
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
11660

Гісторык Ігар Марзалюк падзяліўся са Sputnik планамі па рэстаўрацыі ўнікальнага шлема, гіпотэзай прыналежнасці і распавёў, ці вернецца знаходка назад у Бабруйск.

Шлем з тысячагадовай гісторыяй, які знайшлі на пачатку красавіка ў бабруйскім рачным порце, больш за два тыдні знаходзіцца ў Нацыянальным музеі Вялікай Айчыннай вайны на рэстаўрацыі. Яго аднаўляе майстар-рэстаўратар Васіль Пчэльнікаў. Некалькі гадоў таму ён жа займаўся рэстаўрацыяй унікальных, на думку гісторыкаў, рыцарскіх даспехаў XVI стагоддзя, паднятых са дна ракі Віхра пад Мсціславам. Знойдзены камплект цяпер захоўваецца ў музеі гісторыі Магілёва.

Па словах Ігара Марзалюка, мінімум месяц шлем будзе знаходзіцца ў дыстыляванай вадзе для механічнай ачысткі. Неабходна, каб з шлема вымыліся солі, якія могуць нашкодзіць каштоўнаму артэфакту. Пасля ўнутранай і вонкавай ачысткі будзе праведзена поўная кансервацыя. Тады шлем будзе даследаваны навукоўцамі-крыміналістамі.

Игорь Марзалюк
© Sputnik / Мария Зуева
Гісторык Ігар Марзалюк

"Пры дапамозе самай лепшай апаратуры, якая ёсць у свеце, якая знаходзіцца ў цэнтры следчых экспертыз Следчага камітэта, з навукоўцамі-крыміналістамі разам зробім поўны спектральны аналіз шлема. Узновім усе тыпы напылення, якія былі, усе нюансы, звязаныя з тым, з якога металу ён зроблены, дакладна вызначым тэхналогіі, месца, дзе ён быў выраблены. Гэта мы зробім у гэтым годзе", - патлумачыў Ігар Марзалюк.

"Наш 20-ы, юбілейны"

Гісторык распавёў, што знаходка вельмі добра датаваная. Самыя раннія шлемы такога тыпу з'явіліся ў другой палове X стагоддзя. Цалкам зніклі ў першай палове XI стагоддзя. Верагодней за ўсё, мяркуе Ігар Марзалюк, ён быў зроблены ў Скандынавіі.

Шлем вельмі статусны. Да бабруйскай знаходкі самым лепшым па захаванасці быў шлем, знойдзены ў знакамітай "чорнай магіле" у Чарнігаве. Але ён моцна дэструктыраваны ў агні. Цяперашняя знаходка знаходзілася ў вадзе, гэта значыць, што для гісторыкаў яна ў ідэальным стане.

"На сёння вядома па ўсёй зямлі 20 такіх артэфактаў, гэта 20-ы такога тыпу. Толькі 20. Знаходкі такіх шлемаў ёсць у Польшчы, на тэрыторыі Украіны, два фрагменты ў Ноўгарадзе, нешта ў Скандынавіі. Наш 20-ы, юбілейны. Самы лепшы па якасці захавання. Як правіла, гэта княжацкія шлемы, таму яны рэдкія. Такі шлем насіў толькі ваеначальнік. Толькі манарх, які ўзначальваў дружыну", - патлумачыў суразмоўца.

Здагадкі некалькіх гісторыкаў ужо супалі наконт таго, каму належала старажытная рэч. Гэта полацкі князь Ізяслаў. У прыватнасці, на гэты конт з меркаваннем Ігара Марзалюка згодны Сцяпан Цемушаў, вядомы беларускі спецыяліст па гістарычнай геаграфіі і картаграфіі, кандыдат навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які займаецца тым жа перыядам гісторыі, да якога належыць шлем. Да такой высновы гісторыкі прыйшлі, выкарыстоўваючы метад выключэння астатніх кандыдатаў на валоданне шлемам. Але гэта толькі рабочая гіпотэза.

"Рагвалод забіты ў Полацку. Значыць, не яму. Уладзімір Святаслававіч Хрысціцель Русі, пахаваны ў Кіеве, 1015 год, не яму. Брачыслаў і Усяслаў Чарадзей таксама адпадаюць. Брачыслаў, хутчэй за ўсе, пахаваны быў у Полацку ў адным з храмаў, а Усяслаў хутчэй за ўсе у Кіева-Пячэрскай лауры. Застаецца толькі Ізяслаў. Ізяслаў - сын Уладзіміра і Рагнеды", - распавёў Ігар Марзалюк.

Што далей - грабніца?

Цікавасць археолага і гісторыка падагрэлі і іншыя знаходкі з таго ж месца, дзе быў знойдзены шлем. Гэта баявая сякера X стагоддзя і наканечнік дзіды.

Як распавёў Марзалюк, высветлілася, што адзін мясцовы працоўны знайшоў іх яшчэ мінулай восенню. Сёння ён не працуе ў рачным порце. Аднак, калі прачытаў пазней у інтэрнэце пра шлем, прынёс знаходкі прарабу і аддаў. Зараз яны ў бабруйскім музеі.

Такім чынам, у наяўнасці ўжо комплекс рэчаў, якія, на думку Ігара Марзалюка, цалкам могуць сведчыць пра тое, што гаворка ідзе пра месца пахавання статуснага воіна. Таму раскопкі ў Бабруйску будуць працягнутыя. Маштабная экспедыцыя пачнецца будучым летам.

На берегу Березины нашли уникальный шлем
На берегу Березины нашли уникальный шлем

"У мяне такое адчуванне, што мы яшчэ і грабніцу знойдзем. Калі ўсе будзе нармальна. Калі мы зробім поўнафарматныя даследванні. Я дамовіўся аб тэхніцы, летам там мы перавярнем усе. Можа, нават ваду спусцім на гэтай затоцы. Есць такія тэхналогіі. Я зраблю ўсё магчымае і немагчымае, каб належным чынам даследваць гэту тэрыторыю", - падзяліўся планамі гісторык.

Круцей за шапку Манамаха

Рэстаўрацыя шлема будзе доўжыцца максімум год. Потым ён вернецца ў горад на Бярэзіне. Па словах Ігара Марзалюка, юрыдычных правоў забраць шлем у мінчан няма. Бо пасля яго выяўлення Бабруйскі краязнаўчы музей адразу ж прыняў яго да сябе на ўтрыманне. Гэта значыць на сённяшні дзень шлем з'яўляецца ўласнасцю музея.

Улічваючы цікавасць грамадскасці, дапоўніў Ігар Марзалюк, да вяртання шлема дадому ў сталіцы будзе арганізавана выстава, каб кожны жадаючы змог убачыць старажытны артэфакт на свае вочы.

"Аўтарытэтна магу заявіць. Беларусь на сённяшні дзень мае самы старажытны сімвал дзяржаўнасці і ўлады. Ізяслаў, калі казаць словамі сённяшняй канстытуцыі, быў кіраўніком Полацкай дзяржавы. Гэта круцей за шапку Манамаха. Бо шапка Манамаха, якая захоўваецца ў Расіі, гэта шапка хана-узбека, падораная аднаму з маскоўскіх князеў. Гэта 15 стагоддзе. А ў нас канец 10-га-пачатак 11-га. Вось і ўсё", - падсумаваў гісторык.

Тэги:
археалагічныя знаходкі, Ігар Марзалюк, Бабруйск

Галоўныя тэмы