Нават верабей варыць піва, або Чым займаюцца ў жніўні сапраўдныя гаспадары

© Pixabay / PhotoMIX-CompanyАгуркі, архіўнае фота
Агуркі, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае, чым займаліся ў жніўні нашы продкі, і прапануе некалькі рэцэптаў хатніх нарыхтовак з агуркоў.
У народзе кажуць, што "ў жніўні кожная хата багата", а ўраджаі настолькі добрыя, што "нават верабей піва варыць". Добрыя гаспадары ў гэтую пару і сапраўды маюць добры ўраджай — зямля дзякуе чалавеку за вясновую працу на ёй. Застаецца толькі не марнаваць час і збіраць дары прыроды, бо "хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае".
Агурочная градка - Sputnik Беларусь
Незаменны агурок: смачна есці, карысна сніць
Нарыхтоўка прыпасаў на зіму — спрадвечны клопат гаспадароў. Нягледзячы на тое, што зараз гандль прапануе досыць шырокі асартымент кансерваў з садавіны і гародніны, многія спрактыкаваныя гаспадыні аддаюць перавагу хатнім нарыхтоўкам.  Самыя ўдалыя рэцэпты перадаюцца з пакалення ў пакаленне і нават дзеляцца з суседкамі.
Старадаўнія рэцэпты ды і ўвогуле ўся кухня мінулага вельмі экалагічная, грунтуецца на выкарыстанні натуральных прадуктаў ды і спосабы прыгатавання вельмі простыя. Сёння гэты накірунак вельмі модны — прыгатаванне ежы сваімі рукамі з натуральных прадуктаў.

Жнівень — агурочная пара

З сакавітых, смачных агуркоў можна прыгатаваць шмат нарыхтовак па старадаўнім рэцэптам з беларускіх кулінарных кніг Ганны Цюндзявіцкай і Вінцэнты Завадскай.
Адзінымі кансервантамі раней былі толькі соль і воцат. Стравы салілі памяркоўна, ўжываючы для лепшага смаку вялікую колькасць спецый. Часам спосабы прыгатавання падаюцца без дазіровак, паколькі гаспадыні адштурхоўваліся ад колькасці асноўнага прадукта. Натуральна, што каменны і керамічны посуд, якім карысталіся тагачасныя гаспадыні, лёгка замяніць на сучасны шкляны. Пузыр таксама цяпер ніхто не ўжывае, замест яго выкарыстоўваюць капронавыя крышкі.
Для прыгатавання ўсіх гэтых рэцэптаў, солі бяруць чвэрць фунта на фунт вады. Фунт — гэта 409,5 гр. Можна таксама выкарыстоўваць самаробны яблычны воцат.
Агуркі гарчычныя на зімовую салату да кавалка мяса
Інгрыдыенты:
  • Агуркі
  • Соль
  • Воцат
  • Белы і чорны перац
  • Англійскі (духмяны) перац
  • Гваздзіка
  • Хрэн
  • 2-3 цыбуліны
  • 2 зубкі часнаку
  • 50 гр чорнай гарчыцы
Як гатаваць:
Абабраныя зялёныя свежыя агуркі нарэзаць уздоўж на чатыры або больш частак, лыжачкай вынять зярняткі, крыху пасаліць і пакінуць на 24 гадзіны. Вынуць, пацерці асцярожна ў сурвэтцы, пакласці ў гліняную, паліваную ёмістасць, закіпяціць столькі воцату, каб пакрыў агуркі, заліць кіпячым воцатам і пакінуць на 2 дні. Зліць з іх гэты воцат і заліць кіпячым, зноў даць пастаяць 2 дні і зноў зліць.
Узяць трохі белага і чорнага перцу, столькі ж гваздзікі і трохі больш англійскага перцу, усё гэта досыць груба стаўчы. Пасля гэтага трэба пасячы ці пацерці на бурачную цёрку трохі хрэну, пару цыбулін, зубок-два часнаку і 50 гр чорнай гарчыцы. Агуркі, вынятыя з воцату, абкачаць у сумясі прыпраў, скласці іх у каменны ці паліваны гаршчок або шкляны слоік з герметычнай накрыўкай, пасыпаючы вышэй згаданым хрэнам, цыбуляй і часнаком, заліць моцным кіпячым, калі ёсць,можна вінным, воцатам, добра закрыць і захоўваць у холадзе.
Агуркі да смажаніны позняй восенню
Інгрыдыенты:
  • Агуркі
  • Воцат
Як гатаваць:
Ачышчаныя і накрышаныя кружочкамі агуркі заліць у керамічным посудзе не вельмі моцным воцатам. Папярэдне воцат трэба закіпяціць і астудзіць. Пакінуць так на некалькі тыдняў і назіраць, каб не зацвілі. Калі такое здарыцца, то неабходна зліць воцат і заліць гэткім жа свежым і абодва разы зверху яшчэ алеем.
Падаючы на стол, агуркі варта ачысціць і абліць свежым воцатам і алеем.
Гарбузы для пікуляў
Інгрыдыенты:
  • Гарбуз
  • Воцат
  • Англійскі і чорны перац
  • Гваздзіка
  • Бабковы (лаўровы) ліст
  • Соль
Як гатаваць:
Узяць спелы гарбуз, абабраць і пачысціць ад семак, выразаць з яго мякаці прыгожыя фігуркі або проста пакрышыць як падабаецца.
Пракіпяціць іх у добра пасоленай вадзе, сочачы, каб не разварыліся. Адкінуць на дуршлаг, астудзіць, скласці ў керамічны або шкляны посуд і заліць слабым, пракіпячоным і астуджаным, воцатам. Праз некалькі тыдняў гэты воцат належыць змяніць на моцны, астуджаны і згатаваны з духмянымі прыправамі — англійскі і чорны перац, гваздзіку, бабковы ліст.
Эксперыментуйце і смачна есці!
Стужка навiн
0