Незаменны агурок: смачна есці, карысна сніць

© Ларыса МятлеўскаяАгурочная градка
Агурочная градка - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Самы смачны агурок – першы і апошні. У маіх суседзяў даўно ссох агурочнік. І ўраджай, у каго які быў, таксама даўно спарадкаваны.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Марынаваныя і салёныя агуркі схаваныя па каморах і скляпах да зімы. У мяне ж агурочная градка чакала верасня, і цяпер, як кажуць у народзе, агуркоў у мяне "валом валісь"!

Сніць агуркі — да кавалераў

Бабуля казала: прысніўся агурок — чакай кавалера ў госці. Маладзенькі, хрусткі зялёненькі агурочак заўсёды выклікае прыхільнасць, як і малады кавалер! Нездарма ж у народзе на здаровага чалавека, які добра выглядае, кажуць: "Ты бы агурок!".
Агуркі на Беларусі здаўна ў пашане. Нароўне з капустай іх нарыхтоўваюць на зіму ў вялікай колькасці, каб хапіла да новага ўраджаю. Наш клімат спрыяе развядзенню гэтай старажытнай культуры.
Асабліва славіцца аб'ёмамі вырошчвання агуркоў Століншчына, што на поўдні Беларусі. Калі давядецца пабываць у гэтых краях, то амаль на кожным падворку абавязкова пабачыце велізарныя па памерах цяпліцы. Ужо ўзімку тут пачынаецца праца над будучым ураджаем, а ў красавіку палесскімі агуркамі ласуюцца ў сталіцы.
Увосені ж, калі ўраджай сабраны, а на дварэ яшчэ цёпла, у гэтых цяпліцах, часам, наладжваюць бяседы з вялікай колькасцю гасцей.
Тутэйшыя лічаць агурочнай сталіцай вёску Альшаны. Народ у гэтай вялікай вёсцы жыве працавіты і прадпрымальны. Грошы тут на вецер не кідаюць, у карчме не пакідаюць, таму і жывуць заможна. Пра іх у навакольных вёсках жартаўліва кажуць: "Скупы, як альшанец". А я б сказала не скупы, а бачлівы альшанец, тым больш, што ведаю, як працуюць вяскоўцы, каб атрымаць добры ўраджай. Дарэчы, за права называцца агурочнай сталіцай спаборнічаюць нароўне з Альшанамі гарады Пінск і Шклоў. У Шклове ёсць нават помнік агурку!

Нашы звычаі

28 мая ў Народным календары адзначаецца прысвятак "Пахом", які лічыўся агародным святам. У гэты час толькі лянівая гаспадыня не сее каля хаты агуркі, паколькі паўсюдна ўсталёўваецца цёплае надвор'е. З гэтай нагоды ў народзе кажуць: "Пахом павее цяплом" і "Садзі, дзеўка, агуркі на Пахом — будзеш насіць агуркі мяхом".

Праўдзівы час агурка

Чакаючы агуркі, часта паўтаралі: "Каб бог даў скарэй даждацца агуркоў, бо ета вялікая помач у ядзе".
Беларускі этнограф Часлаў Пяткевіч падрабязна апісваў характар і побыт сялян Рэчыцкага Палесся. У той частцы сваёй кнігі, дзе ён апісвае, што мае селянін на працягу лета са свайго агарода, пра агуркі ён адзначаў, што "…праўдзівы час агуркоў настае тады, калі яны пажоўкнуць, даспеюць.
Таму шляхта гаворыць, што паляшук ступень спеласці агурка вызначае не толькі па колеру лупін, але і па зярнятах, якія падчас ежы павінны выскокваць з рота і пырскаць у твары бяседнікам, што сядзяць вакол стала".
Вось такія паляшуцкія жартачкі!
Дарэчы, зялёныя агуркі, якія мы ўжываем, лічыліся ў палешукоў горшымі і называліся яўрэйскімі. Чаму? А хто пра тое ведае!
У маёй сям'і спрадвеку была цікавая завядзёнка. Першы агурок з градкі павінен быў адарваць гаспадар. Лічылася, што тады на працягу лета будзе добры ўраджай на гэту гародніну. Звычайна гэта рабіў бацька. Кожную раніцу, пакуль маці паліла ў печы, тата наведваўся на агурочную градку, правяраючы, ці добра падрос першы агурочак, каб нарэшце можна было паласавацца "расолам".
Расолам на вёсцы называлі халодны суп на аснове мінулагодняга агурочнага расолу. Так і казалі: "Зрабіць расолу з агурком".

Халаднік з агурочнага расолу

1 л агурочнага расолу
2-3 яйкі
400 г вады
2 свежых агуркі
жменя пер'я зялёнай цыбулі
некалькі лапак зялёнага кропу
некалькі кветак агурочнага пустацвету
200 г смятаны
Калі расол ад салёных агуркоў быў моцна салёны, яго крыху разводзілі вадой, дадавалі туды скрышаныя агуркі, цыбулю, кроп, кветкі агурочнага пустацвету і забельвалі смятанай. Асобна кожнаму ў міску крышылі зваранае ў крутую яйка. Елі халаднік з варанай бульбай або чорным хлебам.

"Верасень" у верасні

Прыблізна ў апошніх днях ліпеня і першых жніўня адбывалася галоўнае саленне агуркоў на зіму. Цяпер, каб працягнуць спажыванне зялёных агуркоў, гаспадыні і фермеры сеюць агуркі два разы на лета. Гатунак беларускай селекцыі "верасень" вельмі добры для гэтай справы.
Даўней агуркі салілі ў велізарных бочках з двайным дном і захоўвалі да зімы на дне ракі, калі такая была каля вёскі, гараджане рабілі нарыхтоўкі ў дубовых кадушках і цэбарах, у якіх агуркі прыціскалі кружкамі з каменем і апускалі на захаванне ў склеп.
Дубовай кадушкі, цэбара і тым больш бочкі цяпер днём з агнём не вышукаць! Ды і агуркоў цяпер ніхто столькі не нарыхтоўвае.
Іх можна набыць на кірмашах і ў краме.
І ўсё ж, самы смачны агурок пасолены з любоўю рукамі гаспадыні! Замест цэбара можна скарыстаць шкляныя слоікі. Вось вам мой хатні рэцэпт.

Солім агуркі разам!

У трохлітровы слоік укласці не шкадуючы чысты зялёны ліст і абскрэбаны корань хрэну, зеляніну сельдэрэю, лісце смародзіны, некалькі пакрышаных зубкоў часныку, некалькі галінак кропу з суквеццямі, 100 грамаў солі.
Укласці шчыльна агуркі і заліць іх крынічнай не гатаванай вадой. Шчыльна закрыць поліэтыленавай накрыўкай і апусціць у склеп на захоўванне. Калі ёсць жаданне спажыць агуркі раней, то варта іх пакінуць пры пакаёвай тэмпературы.

Па насенне не ў краму

Нашы бабулі не хадзілі ў краму па насенне буракоў, капусты, морквы, агуркоў. Яны вырошчвалі яго самастойна. Расліны на насенне называлі высеўкамі.
Насенныя агуркі, або "насеннікі", збіраюць у першай палове верасня. Насеннік разразаюць упоперак на дзве палавінкі, выбіраюць насенне, прамываюць, а потым сушаць і захоўваюць да вясны. Насенне з палавінак ад пладаножак лічыцца лепшым. Добрых ураджаяў!

Цікавосткі з агурочніку

Каб жывот не балеў, вясковая зялярка цётка Лявоніха раіла есці агуркі!
Цікава ведаць: агурок — адна са старажытных культур, шырока распаўсюджаных у свеце. Яе радзімай лічаць Індыю, дзе яе вырошчвалі не менш 3000 год да нашай эры. Агуркі ўтрымліваюць шмат соляў фосфару, калію, магнію, жалеза і мікраэлементаў, у прыватнасці медзі, марганцу, кобальту, цынку, ёду. Жалеза ў агурках болей, чым у суніцах, вінаградзе і парэчках! Большасць біялагічна актыўных рэчываў знаходзіцца пад лупінай, таму есці агуркі варта, не здымаючы верхняга слоя.
Дарэчы, калій, які ёсць у агурках, садзейнічае вывядзенню з арганізма вады і хлорыстага натрыю, што карысна тым, у каго хворае сэрца і ныркі.

Агурочная касметыка

З даўніх часоў нашы бабулі валодалі сакрэтамі прыгатавання касметычных сродкаў на аснове свежых агуркоў. Сок з іх асвяжае скуру, адбельвае яе і надае ёй аксамітнасць, матавасць, а таксама выводзіць вугрыстую сып, пігментныя плямы.
Каб асвятліць моцна загарэлы твар, яго праціралі нават салёным агурочным расолам.
У сярэдзіне 19 стагоддзя аўтарка гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня" Ганна Цюндзявіцкая раіла прыгатаваць "агурэчную ваду для скуры" так: "Свежыя агуркі, ачышчаныя ад лупін, наразаюць і кладуць у бутэлькі. Запоўніўшы посуд да паловы, агуркі заліваюць гарэлкай і ставяць на сонцы. Праз 12 дзён выносяць у сухі склеп. Ужываюць так: вымыты сухі твар выціраюць тонкім ручніком, намочаным у гэтай вадзе. Яна не толькі асвяжае скуру, але і ўмацоўвае вочы".
Можна зрабіць і так:
4 лыжкі здробненых свежых агуркоў з зялёнымі лупінамі настойваюць 4 гадзіны ў дзвюх шклянках кіпненю, працэджваюць і скарыстоўваюць для абмыванняў і прымочак.
Зусім не цяжка зрабіць і настойку з агуркоў для абцірання твару пры вугрыстым сыпе, пігментных плямах, тлустай себарэі.
Агуркі здрабніць блэндэрам, выціснуць сок і працадзіць яго праз марлю, дадаць двайную колькасць гарэлкі. Зліць у посуд з цёмнага шкла і шчыльна закаркаваць. Перад выкарыстаннем настойку разбаўляюць вадой (1:2).
Будзьце здаровыя і смачна есці!
Стужка навiн
0