07:30 03 снежня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.59
  • EUR3.12
  • 100 RUB3.42
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Рэканструкцыя Старога замка ў Гродне: аднаўленне ці знішчэнне? (14)
4720

Стары замак у Гродне з лямпавых паштовак дзяцінства назаўжды сышоў у гісторыю. Маштабная будоўля - рэстаўрацыяй назваць гэта язык не паварочваецца - змяніла яго аблічча, ды так, што, апынуўшыся ў нашым стагоддзі, кароль Стэфан Баторый не пазнаў бы сваё стварэнне.

Апошнія гады дзяржава ўкладвае мільёны рублёў у тое, каб захаваць для беларусаў адзінкавыя элементы нашай гістарычнай спадчыны, што яшчэ туляцца па гарадах і якім пашчасціла не быць сцёртымі дашчэнту.

Больш за ўсё спецыялісты перажываюць за лёс Старога замка ў Гродне, і не столькі з-за таго, што гэта помнік гісторыі архітэктуры і яго неабходна захаваць, паколькі так загадвае літара беларускага закона.

Адзіная ацалелая на абшарах Вялікага Княства Літоўскага рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай і Вялікага князя Літоўскага Стэфана Баторыя заслугоўвае ўвагі як месца, якое стала фактычна другой сталіцай дзяржавы, тут кароль знайшоў вечны спакой. Чаму блюзнерская рэстаўрацыя прыносіць толькі боль і расчараванне, разбіраўся калумністаў Sputnik Станіслаў Андросік.

Намалюем - будзем жыць

Будпляцоўка Старога замка зараз, як і год таму, мала падыходзіць для правядзення дыскусій пра лёсы цвярдыні Вітаўта, якая зведала радыкальныя змены, і палаца Баторыя, які рыхтуецца прыняць тую ж доля.

Таму ў лістападзе 2019 года ў Новым замку ў Гродне сабраўся круглы стол, на якім гісторыкі, археолагі, будаўнікі і чыноўнікі ад культуры абмяркоўвалі, як быць далей.

Аказалася, што першая чарга рэстаўрацыі замка выявіла сур'ёзныя памылкі ў праекце аўтарства архітэктара Уладзіміра Бачкова. Тут была і памылковая стаўка на тое, што ў эпоху Баторыя замак пераладжваў Санці Гучы, відавочны пракол з будынкам камяніцы. Пасля раскопак археолагі пацвердзілі, што яе не было на тэрыторыі замка, затое сапраўдны замкавы брук XV - пачатку XVI стагоддзя разабралі і выкінулі, каб збудаваць навадзел.

Сграфіта, уязная брама і купал над ёй папросту сталі полем бою паміж спецыялістамі і будаўнікамі з уладнай вертыкалі. Толькі падключэнне дэсанту ў выглядзе польскіх гісторыкаў дазволіла прывесці гэтыя пражэкты у хоць трохі прыстойны выгляд.

Вид из ворот на каменицу и мерную избу - абсолютно выдуманные объекты, что отчетливо видно по письменным источникам, а перед этим строительством было доказано археологами.
© Sputnik / Инна Гришук
Выгляд з варот на "камяніцу" і "мерную хату" - абсалютна выдуманыя аб"екты, што выразна відаць па пісьмовых крыніцах, а перад гэтым будаўніцтвам было даказана археолагамі.

Круглы стол па факце было складана назваць дыскусіяй, таму што апанавалі рэдка, у асноўным напружана слухалі крытыку. Мне гэта і зусім тады нагадала "маўклівы сойм", таму што стварылася ўражанне: як бы ні скончыўся сход зацікаўленых бакоў, а рашэнне ўжо прынята.

Абяцаць - клапотная справа

Запомніліся словы начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч, якая назвала Стары замак найвялікшым здабыткам беларускай зямлі. І тут з ёй ніхто не ўзяўся спрачацца. Мы цэнім яго, таму і перажываем за тое, што з ім дзеюць "рэстаўратары" - архітэктар, які ўвасабляе за дзяржаўны кошт свае мары аб стагоддзі барока ў камені, і чыноўнікі, не здольныя прызнаць памылковасць сваіх дзеянняў.

Аднак надзея была. Год таму, прызнаючы неадназначнасць вынікаў першай чаргі рэканструкцыі замка, Алена Клімовіч клятвенна абяцала, што цяпер работы на помніку архітэктуры будуць ісці з улікам новых дадзеных гістарычнай навукі. У тым ліку, матэрыялы даследаванняў 80-х гадоў зноўку будуць крытычна перагледжаны.

Здавалася, усё ўжо пагадзіліся, што праектная прапанова архітэктара Уладзіміра Бачкова пра тое, дзе быў і як выглядаў ўваход у палац, не вытрымлівае крытыкі. Нагадаем, што наваяўлены дойлід хацеў збудаваць масіўны рызаліт (каменны парадны ганак - Sputnik) на ўваходзе, а таксама атык, у гістарычнай наяўнасці якога моцна сумняюцца сучасныя спецыялісты, ды яшчэ змяніць прызначэнне некаторых пакояў. Асабліва ўразіў момант, калі ў пакоі, дзе, як мяркуецца, паміраў кароль Стэфан Баторый, па новым праекце хацелі размясціць "клазет".

Будаваць палац ва ўсю моц

Устрывожаная грамадскасць павінна была выдыхнуць і набрацца цярпення, бо нас чакаюць археалагічныя раскопкі, зандаж сцен палаца, праца спецыялістаў з атрыманым матэрыялам і на выхадзе - сапраўднае заключэнне экспертаў аб тым, як мог выглядаць палац у эпоху Стэфана Баторыя, з якім, як ужо могуць працаваць архітэктары і рэстаўратары і які стане выдатным прыкладам аднаўлення помніка на радасць усім беларусам.

Насычаныя падзеі гарачага айчыннага лета і не менш запамінальнай восені адцягнулі усіх ад таго, што дзеецца з гісторыяй Старога замка ў Гродне. Аказваецца, без лішняй шуміхі і затрымак ужо праведзены конкурс на другую чаргу рэстаўрацыі. Напэўна, тут магла быць інтрыга, але яе не бывае, калі ў упраўлення капітальнага будаўніцтва аблвыканкама працуе бюджэтная логіка. Мільёны рублёў на "праектаванні" ўжо калісьці намаляванага архітэктарам замка асвоіць зноў "Гроднаграмадзянпраект".

Праект на другую чаргу, гэта значыць фактычна перабудову палаца Баторыя будзе рабіць не хто іншы, як незабыўны навуковы кіраўнік аб'екта Уладзімір Бачкоў.

Старый замок в Гродно
© Sputnik / Инна Гришук
Стары замак у Гродне

Ці варта казаць, што ніякіх археалагічных даследаванняў на другой чарзе будоўлі спецыялісты ў гэтым сезоне не праводзілі, не пачалася і праца па дадатковым гістарычным даследаванні замка. Чыноўнікі ад культуры вырашылі дзейнічаць у звыклым для сябе ключы - зрабіць праект рэстаўрацыі на мільёны рублёў, а калі навукоўцы абурацца тым, што яны пракруцілі, папросту заявіць, што грошы ўжо выдаткаваныя.

Хочацца думаць, што ва ўладнай вертыкалі знойдзецца чалавек, здольны ацаніць "творчасць" Бачкова ў Гродне, каб раз і назаўсёды прызнаць, што гэта ўсё было памылкай, каб пасля не сціраць яго імя, як Герастрата, з памяці.

Тэмы:
Рэканструкцыя Старога замка ў Гродне: аднаўленне ці знішчэнне? (14)
Тэги:
Стары замак, Гродна

Галоўныя тэмы