10:03 24 лістапада 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.55
  • EUR3.03
  • 100 RUB3.37
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
27 0 0

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра цудоўнае свята ўшанавання бабуль і дзядуль і вучыць гатаваць для іх святочны стол.

У народным календары апошнім святам гаспадарчага года лічыцца Міхайлаў дзень, які адзначаюць 21 лістапада. Канец восені для вясковага чалавека вызначаўся тым, што асноўныя палявыя работы былі ўжо завершаны і можна было крыху разняволіцца, схадзіць у госці, наведаць сваякоў, зладзіць дзецям вяселле, зрэшты сказаць "дзякуй" старэнькім бацькам. Менавіта іх было прынята ўшаноўваць у Міхайлаў дзень.

У народным усведамленні адзінокая, пакінутая без увагі блізкіх старасць успрымалася як трагедыя. Непавага, выказаная старым бездапаможным бацькам успрымалася, як вялікі грэх і загана. Таму павага і любоў да старэйшых у дзецях выхоўвалася з малку на прыкладзе бацькоў.

Навучанне паводзінам і узаемаадносінам паміж членамі сям’і адбывалася непасрэдна ў паўсядзённым жыцці. У добрай сям’і, дзе быў лад паміж бацькамі, панавалі мір, спакой і згода і паміж дзецьмі. Нездарма ж казалі: "Калі матка ведзьма, дык і дачка зелле знае".

Да старых людзей, уласных бацькоў, дзядуль і бабуль на Беларусі заўсёды ставіліся з павагай і пашанай, прыслухоўваючыся да іх парад, заснаваных на вялікім жыццёвым вопыце.

У народнай памяці засталося паданне, якое з цягам часу ператварылася ў казку пра тое, як у даўнія часы было прынята забіваць старых бацькоў. Маўляў, яны станавіліся лішнім ротам у сям’і. Жорсткі звычай перапыніў сын, які схаваў свайго бацьку насуперак волі суседзяў. У галодны год бацька падказаў сыну, што калісці накрыў страху хаты не абмалочанымі снапамі жыта, і гэта выратавала яго сям’ю ад галоднай смерці. Даведаўшыся пра сынову міласэрнасць і бацькоўскую мудрасць і іншыя людзі перасталі пазбаўляцца старэнькіх бацькоў. Як кажуць: "Людзей слухай, а свой розум май".

Узаемныя абавязкі блізкіх членаў сям’і такія як павага, паслухмянасць, дапамога і клопат аб кожным былі галоўнымі ў маральным кодэксе беларусаў. Асабліва кранальнымі былі зносіны паміж самымі старэйшымі і дзецьмі. Вядома ж, знаходзячыся ўвесь час у хаце, дзядуля з бабуляй часцей песцілі малых, чым бацькі, якія былі больш занятыя штодзённымі клопатамі.

У цяперашні час, калі сем’і часта жывуць асобна, да старэнькіх бацькоў прыязджаюць у госці. Нажаль у ХХ стагоддзі звычай наведваць бацькоў у Міхайлаў дзень з пачастункамі і падарункамі амаль забыўся. І толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя цудоўная традыцыя пачала адраджацца.

Святочны абед за агульным сталом і цёплая гутарка - цудоўны падарунак нашым любімым дзядулям і бабулям.

Булён грыбны з грэнкамі

Інгрыдыенты:

  • 30 г сушаных грыбоў
  • 1 морквіна
  • 2 цыбуліны
  • 300 г белага хлеба
  • 1 яйка
  • 1 ст лыжка сметанковага масла
  • 1 ст лыжка смятаны
  • Перац
  • Соль
  • Лаўровы ліст
  • Зеляніна пятрушкі

Як гатаваць:

Загадзя замочаныя грыбы адварыць, булён працадзіць. У грыбны адвар пакласці моркву і цыбуліну, перац, соль, лаўровы ліст, варыць да мяккасці агародніны, зноў працадзіць, закіпяціць.

Сушеные грибы
© Sputnik Людмила Янковская
Грыбы - асаблівы інгрыдыент

З белага хлеба зрэзаць скарынку, нарэзаць кубікамі. Вараныя грбы пасячы або прапусціць праз мясарубку, змяшаць з абсмажанай на масле цыбуляй, смятанай, сырым жаўтком, пасаліць і перамяшаць. Атрыманай масай намазаць грэнкі, зверху пакрыць узбітым бялком, выкласці на бляху і запячы ў духоўцы да ўтварэння румянай скарынкі.

Булён пасыпаць зеленню пятрушкі, асобна падаць грэнкі.

Качка з бульбай і чарнаслівам

Інгрыдыенты:

  • 1 невялікая качка
  • 800 г бульбы
  • 150 г чарнасліва
  • 4 ст лыжкі малака
  • 2 ст лыжкі вяршковага масла
  • Перац
  • Соль

Як гатаваць:

Падрыхтаваную тушку качкі нацерці з сярэдзіны сумессю солі з перцам і нафаршыраваць бульбяной начынкай.

Готовим фаршированную черносливом утку
© Sputnik / Людмила Янковская
Каб прыгатаваць фаршыраваную качку, спатрэбіцца няшмат інгрыдыентаў

Каб яе прыгатаваць, сырую бульбу трэба нацерці як для дранікаў на дробнай тарцы, дадаць кіпячонае малако, масла, папярэдне адвараны ў невялікай колькасці вады і дробна нарэзаны чарнасліў без костачак і перамяшаць.

Зашыць адтуліну ніткамі. Пакласці качку на нацёртую маслам бляху і запякаць у духоўцы пры 180 градусах каля 2-х гадзін, час ад часу паліваючы вытапіўшымся з яе сокам і тлушчам. З гатовай качкі выдаліць ніткі і падаць да стала гарачай.

Крохкае цукровае печыва да гарбаты

Інгрыдыенты:

  • 300 г масла
  • 200 г дробнага цукру
  • 400 г мукі
  • 2 яйкі
  • 2 ст лыжкі буйнога цукру

Як гатаваць:

200 г дробнага цукру і 300г свежага масла расцерці да белага колеру, каб маса стала падобная да смятаны, усыпаць муку, убіць яйкі, добра вымешаць на стальніцы, раскачаць і выціскаць бляшанай формачкай фігуркі, абсыпаць буйным цукрам і паставіць у цёплую печ або духоўку.

Сахар-песок и рафинад
© CC0 / Pexels
Цукровая пудра для гэтай стравы не падыйдзе, патрэбен толькі цукар

Выпякаць да ўтварэння залацістага колеру.

Збіцень

Інгрыдыенты:

  • 150 г мёду
  • 1,5–2 л вады
  • 4 ст лыжкі цукру
  • 2 бутоны гваздзікі
  • 1 ч лыжка карыцы
  • 5-6 гарошын чорнага перцу
  • 0,25ч лыжкі парашку імбіру
  • 2 ч лыжкі мяты
  • 2-3 ч лыжкі зверабою

Як гатаваць:

Мёд развесці шклянкай вады, гэтак жа развесці цукар і пракіпяціць яго. Зліць абедзве часткі, праварыць на малым агні, каб выпарылася больш вадкасці.

Банки с медом, архивное фото
© CC0 / Pixabay / Hans
Для гэтай стравы падыйдзе любы мёд

У ваду, якая засталася, пакласці прыправы, варыць іх 15-20 хвілін, зняць з агню і даць настаяцца на працягу 10 хвлін, працадзіць, уліць мядова-цукровую сумесь.

Падаваць збіцень гарачым.

Тэги:
Ларыса Мятлеўская

Галоўныя тэмы