13:07 16 чэрвеня 2021
«Радыё Sputnik»
  • USD2.49
  • EUR3.02
  • 100 RUB3.46
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Новы год - 2021 (29)
10920

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра сімвалізм любімага навагодняга дрэва і вучыць гатаваць з яго лекі.

Калісці напярэдадні Калядаў упрыгожаная цацкамі і слодыччу ялінка напаўняла водарам марознай свежасці амаль кожную хату. Чаму менавіта елка ў народных традыцыях адзін з галоўных сімвалаў зімовых свят?

Адказ на гэта пытанне хаваецца ва ўяўленнях беларусаў, якія лічылі гэта дрэва абярэгам, здольным абараняць ад нечысці. У народзе існавала паданне згодна з якім Божая Маці хавала маленькага Хрыста пад елкай ад слуг цара Ірада. Яны хацелі яго забіць і елка, апусціўшы свае калючыя галіны долу, закрыла дзіця. За гэта Бог асвяціў дрэва і прызначыў заўжды на Каляды і Вялікдзень ставіць ялінку ў хаце, або затыкаць яе галінкі за абразы.

Рождественский вертеп
© Sputnik / Виктор Толочко
Божая Маці хавала маленькага Хрыста пад елкай ад слуг цара Ірада

Дарэчы, ў беларускім народным сонніку пазначана: "Калі вам прыснілася калядная або навагодняя елка, то гэта прадракала шчаслівае жыццё або падарунак; бачыць непрыбраную елачку – да незадаволенасці, нястачы".

Ахоўныя ўласцівасці елкі, лапкі якой растуць крыж-накрыж, што на думку народа павялічвала яе моц, выкарыстоўвалі падчас асвячэння вады на Вадохрышча. У ХІХ стагоддзі на Палессі гэта тлумачылі так: "Як на Вадохрышча свецяць на Ярдані ваду, то кругом ставяць маладыя ялінкі, каб закрыць святую ваду ад усялякае нечысці, каторая, спужаўшыся, можа напашкудзіць". Лічылася, што ў асвечаную Богам елку ніколі не б’е Пярун, таму падчас навальніцы найлепей было хавацца пад гэтым дрэвам. Магчыма менавіта з гэтым павер’ем звязана традыцыя прыносіць з царквы галінку вадохрышчанскай елкі і затыкаць яе ў страху. Быццам бы гэта засцерагае хату ад удараў маланкі.

Расліны, якія мелі дачыненне да рытуалаў, лічыліся добрымі. Казалі, што Бог даў іх на патрэбу людзям і асабліва гэта тычыцца яліны. Так у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці яловыя галінкі затыкалі ў сцены хлева, засцілалі імі падлогу, каб прадухіліць з’яўленне мух, вужэй і гадзюк, падкладалі пад квактух, каб было болей куранят. Смалістае бярвенне елкі – цудоўны будаўнічы матэрыял, з яе мяккай, лёгкай драўніны здаўна выраблялі музычныя інструменты, якія вылучаліся цудоўным гучаннем. Верхнія дэкі скрыпак Амаці і Страдывары выраблены з елкі.

У народнай гаспадарцы з яе выраблляюць шкіпінар, драўняны спірт і воцат, паперу і картон, каніфоль і дзёгаць. Кару выкарыстоўваюць для апрацоўкі скур, а хвою для вырабу вітаміннай мукі на корм скату. Назіраючы за гэтым дрэвам у лесе можна прадказаць надвор’е. Калі ўзімку доўгія, сухія галінкі згінаюцца, то чакай завірухі, калі выпрасталіся, то гэта да спакойнага, роўнага надвор’я.

Рождественский венок
© CC0 / Pixabay
Калядны вянок

Елка не толькі атрыбут навагодняга свята, абярэг ад усялякай нечысці – яна, як і хвоя, лістоўніца, іншыя хвойныя расліны – дрэва-лекар. Па сваім хімічным складзе і якасцям елка вельмі блізкая да хвоі.

Даследванні паказалі, што ў ёй утрымліваюцца эфірныя алеі, дубільныя рэчывы, фітанцыды, смолы, мінеральныя солі, шырокі спектр вітамінаў і асабліва вітаміна С, якога ў хвоі столькі ж колькі і ў смародзіне і абляпісе. Супрацьмікробныя і супрацьгрыбковыя ўласцівасці елкі цяжка перацаніць. Высветлена, што фітанцыды свежых раслін больш актыўныя і павялічваюць ахоўныя сілы арганізму.

Народная медыцына выкарыстоўвае маладыя верхавінкі з пупышкамі і маладыя насенныя шышкі, якія ўтвараюцца на канцах галінак. Менавіта ў іх утрымваецца найбольшая колькасць карысных рэчываў. Нарыхтоўваюць маладыя верхавінкі з пупышкамі ў маі, а няспелыя  шышкі і смалу – ад чэрвеня да верасня.

Прэпараты з елкі стымулююць імунную сістэму, здымаюць стому, дапамагаюць нармалізаваць нервовую сістэму пасля перанесенага стрэсу і цяжкай хваробы, паляпшаюць сон і страваванне, паскорваюць загойванне ран і апёкаў, лечаць скураныя і многія іншыя захворванні.Дзякуючы вялікай колькасці аскарбінавай кіслаты, караціну і хларафілу, хвоя елкі рэгулюе абмен рэчываў. Дзякуючы моцнаму супрацьмікробнаму дзеянню адвар з яловых галінак і шышак цудоўны сродак прафілактыкі і лячэння прастудных захворванняў. Ім лечаць ангіну, пнеўманію, хранічны танзіліт, ларынгіт, бранхіт, фарынгіт, гаймарыт і рыніт.

Настой з яловых шышак

Інгрыдыенты:

  • 40 г няспелых шышак
  • 200 мл вады

Як гатаваць і ўжываць:

Здробненыя шышкі заліць вадой і кіпяціць трыццаць хвілін, зняць з агню і даць пастаяць пакуль не астыне да 35 градусаў. Адціснуць і добра працадзіць адвар, паласкаць горла 5-6 разоў на дзень пакуль не палепшае. Гэты ж настой капаюць у нос па 4-5 кропель у абедзве наздры. Добра яго выкарыстаць і пры інгаляцыі.

Беларускія знахаркі не ведалі хімічнага складу раслін, але іх багаты вопыт лячэння людзей узімку падказваў, што пры недахопе ў арганізме вітаміну С дапамогуць не толькі лісце і ягады маліны, абляпіхі, журавін, але і хвоя елкі.

Хваёвы настой

Інгрыдыенты:

  • 250 хвоі
  • 250 мл вады

Як гатаваць і ўжываць:

Хвою здрабніць нажніцамі і заліць шклянкай кіпятку. Павольна кіпяціць 20 хвілін, зняць з агню і даць пастаяць пакуль не астыне. Працадзіць і піць у 2-3 прыёмы напрацягу дня.

Акрамя насычэння арганізму вітамінам С такі напітак з хвоі добра чысціць кроў ад таксічных рэчываў. Працягласць лячэння настоямі індывідуальны для кожнага і арганізм сам падкажа, калі трэба спыніцца. Каб умацаваць імунітэт і дапамагчы пры прастудзе можна  выкарыстаць і хвою, сабраную зімой.

Другі варыянт хваёвага настою

Інгрыдыенты:

  • 4 ст лыжкі зімовай хвоі
  • 3 шклянкі вады
  • 2 ч лыжкі лімоннай кіслаты або яблычнага воцату
  • Мёд па смаку

Як гатаваць і ўжываць:

Хвою здрабніць нажніцамі і заліць астуджанай кіпячонай вады. Настойваць у цёмным месцы 3 дні. Працадзіць, дадаць лімонную кіслату, а лепей яблычны воцат і піць па 1/2 шклянкі 2 разы на дзень разам з мёдам. Настой захоўваць у лядоўцы.

Каб захаваць здароўе дзёснаў і прадухіліць парадантоз дастаткова жаваць не глытаючы кіславатую на смак ігліцу, а яловая смала, ужываная такім жа чынам дапаможа справіцца з захворваннямі насаглоткі.

Каб быць прыгожай у святочную ноч, з яловай хвоі раю прыгатаваць касметычную маску для твару. Яна цудоўна аднаўляе скуру, стымулюе работу эпітэлія і разгладжвае маршчыны.

Маска з яловай хвоі

Для прыгатавання маскі трэба ўзяць некалькі сталовых лыжак свежай яловай хвоі і добра расцерці іх так, каб выпусцілі сок, дадаць у хваёвую масу крыху аліўкавага алею і нанесці сумесь на папярэдне ачышчаную і разагрэтую парам скуру, накрыць твар цёплым ручніком і паляжаць так 20 хвілін. Акуратна зняць ігліцу і апаласнуць твар цёплай вадой.

Супрацьпаказанні

Лячэнне елкай не кожнаму карысна. У некаторых хворых яно можа выклікаць абвастрэнне астмы і нават мігрэнь. Ужыванне настояў і напіткаў з елкі не паказана пры страўнікавых захворваннях, а празмерныя дозы небяспечныя для нырак.

Тэмы:
Новы год - 2021 (29)
Тэги:
Ларыса Мятлеўская, Новы год

Галоўныя тэмы