10:21 21 кастрычніка 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.56
  • EUR3.02
  • 100 RUB3.29
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
Калядны пост: каталікі і праваслаўныя рыхтуюцца да Нараджэння Хрыстова (11)
12420

Смачныя рэцэпты з рыбай са старажытнай кнігі рэцэптаў чытайце ў чарговай падборцы Sputnik - і спрабуйце прыгатаваць!

Кніга Алены Малахавец "Падарунак маладым гаспадыням, або Сродак да памяншэння расходаў у хатняй гаспадарцы", якая змяшчае да 1500 рэцэптаў і каштоўных парад, убачыла свет амаль 160 гадоў таму. У савецкія часы яна была абвінавачана ў "буржуазнасці" і "дэкадэнцтве" - напэўна, савецкаму чалавеку не часта даводзілася гатаваць, напрыклад, супы з віна і піва

У падборцы рэцэптаў Sputnik мы прапануем пазнаёміцца са стравамі з рыбы.

Фаршыраваны шчупак

1,5-2 кг свежага шчупака ачысціць, разрэзаць на вялікія кавалкі, пасаліць і пакінуць на 1 гадзіну. З кожнага кавалка асцярожна зрэзаць мяса з косткамі, выбраць іх, мяса дробна пасячы з 1 цыбулінай, пасаліць, дадаць молатага перцу. Дробна нарэзаць пятрушку, 2 цыбуліны, 1 сцябло сельдэрэю, лук-парэй, пасаліць, дадаць каля 15 зерняў перцу, 3-4 шт. лаўровага ліста, палачку карыцы, 5 шт. гваздзікі, чвэрць чайнай лыжкі шафрана, заліць вадой і варыць.

Калі булён закіпіць, апусціць у яго фаршаваную рыбу так, каб яе ледзь пакрыла, паставіць на моцны агонь, уліць паўшклянкі халоднай вады. Сачыць, каб рыба не прыгарэла і варыць так хвілін 10, здымаючы шумавінне. Падліць яшчэ паўшклянкі вады і паступаць так кожныя 10 хвілін на працягу гадзіны. Пакласці рыбу на страву, абліць процеженным і даведзеным да кіпення соусам, у які некаторыя дадаюць палову сталовай лыжкі мёду і палову шклянкі разынак.

Катлеты са шчупака, судака і інш.

Ачысціць, пасаліць 1,5-2 кг шчупака ці судака, выняць косткі; мяса дробна пасячы, можна нават растаўчы, дадаць чвэрць або палову французскай булкі, у залежнасці ад вагі рыбы, папярэдне памачыўшы яе ў вадзе або юшцы і выціснуць. Уліць 2 лыжкі алею, пасаліць, паперчыць, дадаць чвэрць чайнай лыжкі маціса (мушкатовага цвету) размяшаць, зрабіць катлеты, абкачаць іх у муцэ або сухарах, сатэйнік ці патэльню вышмараваць алеем, пакласці катлеты, пасыпаць іх дробна насечанай зелянінай пятрушкі, дробна нарэзаным лімонам, накрыць пергаментнай паперай, змазанай маслам і накрыўкай, паставіць у духоўку на 10 хвілін або абсмажыць катлеты на патэльні.

Падліўкі для падачы:

1) Соус з салёных агуркоў

3-6 салёных агуркоў нарэзаць даўгаватымі невялікімі кавалачкамі, 1 лыжку падсмажанай у алеі мукі закіпяціць з 2-3 лыжкамі сланечнікавага, макавага або гарчычнага алею, з дробна насечанай зелянінай пятрушкі, 2 шклянкамі булёна, ½ шклянкі агурочнага расола, можна дадаць трохі грыбнага булёна і паленага цукру. Давесці да кіпення.

Зажинки в Жоровке 2019
© Sputnik Альфрэд Мікус
Соўс з расолам асабліва спадабаецца тым, хто пасля свята на наступны дзень даядае тое, што засталося з багатага стала

2) Соус з вішань

¾ шклянкі пюрэ з вішань падсмажыць у 1,5 шклянках булёна з-пад печанай буйной рыбы, пакласці палову палачкі карыцы, 5-6 тоўчаных гваздзік, цукар па гусце, закіпяціць, працерці скрозь сіта, уліць 1-2 чаркі хераса або мадэры.

3) Соус з лука з кменам

5-6 цыбулін разрэзаць, абліць 2-3 шклянкамі кіпеню, разварыць, працерці скрозь сіта. Лыжку падсмажанай мукі падсмажыць яшчэ ў 2 лыжках гарчычнага алею, змяшаць з працёртым соусам, дадаць 1,5 лыжкі кмену і паленага цукру, закіпяціць некалькі разоў.

Карп смажаны або печаны

Ачысціць карпа ад лускі, разрэзаць уздоўж, вымыць, разрэзаць на часткі, надрэзаць у некалькіх месцах хрыбет, пасаліць. Калі соль распусціцца, выцерці дасуха сурвэткай, абкачаць кожны кавалак у муцэ, падсмажыць у гарачым алеі з абодвух бакоў. Калі смажыцца цэльны, падсмажыць з абодвух бакоў, а потым тушыць у духоўцы паўгадзіны.

Падліўкі для падачы:

1) Соус з грэцкіх арэхаў

Узяць поўную чайную лыжку гатовай сарэптскай гарчыцы, дадаць 20 свежых тоўчаных грэцкіх арэхаў, соль па гусце, лыжку аліўкавага або гарчычнага алею, лыжку сухой стоўчанай булкі, 0,5 шклянкі воцату, змяшаць, развесці вадой, якую давялі да кіпеня з лукам і спецыямі па гусце, размяшаць, абліць рыбу прама перад падачай.

2) Соус з лімонам

½ шклянкі мукі размяшаць з 2-3 лыжкамі гарчычнага або аліўкавага алею, развесці 2,5 шклянкамі рыбнага булёна, дадаць лімонную цэдру, кіпяціць, памешваючы, пакуль не згусне, працадзіць, уліць лімоннага соку з ½ лімона, чарку хераса, 2-3 лыжкі цукру, пасаліць, перад падачай падцяпліць.

Лешч фаршаваны кіслай капустай

2-3 шклянкі кіслай капусты спаласнуць у вадзе, выціснуць. 2-3 лыжкі масла падсмажыць з дробна нарэзанай цыбулінай, пакласці капусту, падсмажыць, паперчыць, пасаліць, можна дадаць 2-3 вычышчаных і дробна нарэзаных яблыка, размяшаць, нафаршаваць ачышчаную і нацёртую соллю рыбу, зашыць, пакласці на вышмараваную алеем патэльню, пасыпаць рыбу мукой, абліць яе алеем і паставіць у духоўку, перыядычна паліваючы падліўкай.

Тэмы:
Калядны пост: каталікі і праваслаўныя рыхтуюцца да Нараджэння Хрыстова (11)
Тэги:
Рэцэпты

Галоўныя тэмы