Не бяда і "люты, што наробіць плюты…", абы ў хаце было добрае надвор’е

© Sputnik / Альфред МикусЛедзяшы на даху
Ледзяшы на даху - Sputnik Беларусь, 1920, 13.02.2021
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская прыадчыняе скарбонку сялянскіх метэапрагнозаў і прапануе рэцэпт старажытнай стравы.
Ваконныя шыбы мудрагеліста распісаў мароз. Мабыць гэта люты вядзе сваю гаворку з чалавекам, нагадваючы яму, што неўзабаве зіме канец і трэба спяшацца завяршыць усе запланаваныя справы. Дваццаць восем дзён прабягуць незаўважна і за гэты час сонца зробіць сваю справу. Суткі пабольшаюць амаль на дзве гадзіны і неба бы падымецца ўвыш, адкрываючы прастору для птушынага палёту. Вясна такая блізкая, што здаецца толькі адчыні дзверы і яна ўварвецца ў жыццё з подыхам цёплага ветру.

"Пытаецца люты, ці добра абуты"

Але спяшацца не варта. Сёлета люты з моцнымі маразамі і завірухамі цалкам адпавядае сваёй назве і кліматычнай норме. Нездарма ж пра гэты зімовы месяц калісьці казалі: "Пытаецца люты, ці добра абуты". Гэта цяпер прагноз надвор’я на дзень, тыдзень і месяц  нам падкажуць сіноптыкі ў тэлебарометры і інтэрнеце. А нашы продкі, назіраючы за станам прыроды, паводзінамі жывёл і раслін навучыліся складаць метэаралагічны прагноз далёка наперад.
Разважанні старога палешука: "Па-нашаму, то тагды справядлівая зіма, як снег ляжа ў Піліпаўку і марозы стаяць прынамжа хоць да Стрэчання. Тады смела едзь па сено або ў лес. Снег – ета дождж, толькі ідзе снегам затым, што мароз не дае яму да зямлі дайці дажджэм. Снег ідзе – нацца Бог сьцеле пярыну на полі, штоб жыта не памерзло; сцеле дарожку, штоб людзям было добра вазіць сена з балота. Калі ідзе снег, хаць сухі, да хаваецца ў шчылінкі і дзірачкі, або ідзе буйнымі шматкамі, то скора згіне. Калі снег на сцежках чарнее, то будзе адлега" (Ч. Пяткевіч. Рэчыцкае Палессе).
Навука прадказання надвор’я перадавалася ад пакалення ў пакаленне і шліфавалася праз усё жыццё. Гэта былі веды, неабходныя кожнаму для вядзення ўдалага гаспадарання.

Гаспадарскія прыкметы

Аб надвор’і кожны ў сям’і разумеў і ведаў столькі, колькі яму дазваляў узрост, жыццёвы вопыт і патрэбы, звязаныя з працоўнай дзейнасцю. Напрыклад, малому было вядома: кот ускочыў на прыпек, то будзе мароз, свойская гусь стаіць на адной назе і дзюбу хавае пад крыло, то будзе холад. Гаспадыня падпаліла ў печы і дровы "весела гараць", то будзе мароз, пайшла ў клець па салёны кумпяк, а на ём з’явіліся бы кроплі расы, то і да суседкі не хадзі пытацца – будзе дождж або адліга. Нават музыкі, узяўшы ў рукі свае інструменты па іх стане меркавалі, ці варта ісці ў суседнюю вёску, каб іграць на вячорках. Яны заўважалі: "Калі струны на скрыпцы вельмі апускаюцца, то гэта на дождж, а зімою на адлігу. На пагоду або на мароз шкура на бубне сама напружаецца".
Беларуская выпечка - Sputnik Беларусь, 1920, 31.01.2021
Не ўсе калачы "цёртыя" або як выглядае беларускі аналаг знакамітай стравы
Але найбольшыя метэаралагічныя веды былі ў гаспадара. Ён павінны быў дакладна ўяўляць сабе, калі пачынаць сяўбу розных культур, каб пасля атрымаць найлепшы ўраджай ад кожнай, калі пачынаць касцьбу і колькі назапасіць сена і іншых кармоў для жывёл, каб перажыць зіму. Вядома ж лета збірае, а зіма праядае. У народзе так і казалі: "Зіма – з вялікай глоткай, усё паесць".
Тыя, хто рабіў прагнозы надвор’я, звычайна абапіраліся на народны каляндар. Усе святы і прысвяткі кожны ведаў на памяць. Так, калі ў пачатку лютага на Аксінню-паўзімніцу мяло, то лічылася, што зіма працягнецца і жывёле можа не хапіць кармоў. Гаспадару гэта было пэўным папярэджаннем размеркаваць сена так, каб хапіла да першай травы ў полі. У Маларыцкім раёне казалі: "Калі на Аксені мяце, то ўвесь корм падмяце". Вызначыць надвор’е дапамагалі нябесныя свяцілы. На Палессі, назіраючы за месяцам, калісьці казалі, што калі маладзік "задраў рогі ўгору", то цэлы тыдзень будуць крэпкія марозы. Калі ж месяц, як казала шляхта, будзе ў "лісінай шапцы" (мае вакол сябе круг) будзе вецер, снег або дождж. І яшчэ:
  • Калі ўзімку сонца чырванейшае і яснае, чым звычайна, а да таго і вецер вее ад усходу ці поўначы – будзе востры мароз.
  • Сонца варожыць пагоду, калі ўсходзіць ясна і калі неба ноччу было пагодным.
  • Краснае неба, калі сонца заходзіць – да марозу.
  • З’ява "слупоў" каля сонца ўлетку значыць добрае надвор’е, а зімою – маразы.
Па народных назіраннях вострыя маразы ў лютым да кароткай зімы і гарачага лета. Сухое і марознае надвор’е прадракае гарачы жнівень, што паспрыяе жніву. Частыя снегапады – да сакавітай травы на пашы: "Як нападае снег – так будзе расці ўлетку трава".

Ці "схадзіць на сяло"?

Удзень пагодны, а ўночы марозны люты загадвае селяніну не толькі працаваць, але і адпачываць. Напярэдадні Грамніц у народным календары пазначаны Дзень трох свяціцеляў: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златавуста. Па ўсталяваўшайся завядзёнцы жанчыны мелі нагоду для адпачынку. Было забаронена жлукціць, мыць бялізну і прасці. Затое можна было "схадзіць на сяло", што азначала пайсці па навіны да суседкі пакуль гаспадар завіхаецца каля двара. Праўда выправу ў людзі магло сапсаваць кепскае надвор’е. У народзе казалі: "Люты наробіць плюты"*.
*Плюта або плюгоцька – слата.
На Гарадзеншчыне ў Дзятлаўскім раёне можна было пачуць: "На дварэ плюгоцька – дош са снегам. Такая плюгоцька найшла, ні выйсці. Плюта на дварэ такая, нікуды ісці не хочацца". А ў Драгічынскім, зірнуўшы ў вакно, жанчына казала: "Такая плюта взялась, што гочы заліплюе снігом. Трэці дэнь на дворі такая плюта, шо й собаку з будкы ны выгнаты". Ну, то калі так, то гаспадыня, дастаўшы гарачае з печы клікала ўсіх абедаць: "З печы, з полу ўсе да столу"!
Да вашай увагі рэцэпт смачнай народнай стравы
Цяляціна адварная з квашанымі яблыкамі.
З чаго гатаваць:
  • 800 г цяляціны з косткамі,
  • 1 кг квашаных яблыкаў,
  • 0,75 шклянкі смятаны,
  • 1 ст лыжка мукі,
  • 1 ч лыжка сметанковага масла,
  • соль.
Як гатаваць. Мяса прамыць, заліць гатаванай падсоленай вадой, варыць на слабым агні пад накрыўкай.
Калі мяса амаль гатова, пакласці пачышчаныя ад костачак і скуркі, нарэзаныя долькамі яблыкі і разварыць іх.
Мяса выняць, аддзяліць ад костак, нарэзаць кавалкамі. Булён з яблыкамі працерці праз сіта, заправіць яго мукой, падсмажанай на масле і разведзенай ахалоджаным булёнам, даць закіпець, дадаць смятану, соль.
У атрыманы соус пакласці кавалкі мяса. Падаць з сітным хлебам.
Заўвага гаспадыні. Калі няма квашаных яблыкаў, замест іх можна ўзяць свежыя  кіслых гатункаў. Найлепей для гэтай стравы прыдасца "антонаўка".
Смачна есці!
Стужка навiн
0