20:32 13 красавіка 2021
«Радыё Sputnik»
  • USD2.64
  • EUR3.14
  • 100 RUB3.42
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (109)
48 0 0

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра зімовы мясаед і раскрывае сакрэты моладзевых гулянак.

Нашы продкі лічылі, што чалавеку, які дрэнна і сумна правёў Масленіцу, не будзе шанцаваць на працягу ўсяго года. У народзе тыдзень, на якім сустракаюць гэта свята, называюць Мясаедам. Мясаед – перыяд часу, калі ўжываецца мясная і малочная ежа. Мясаеды бываюць у кожную пару года, але зімовы Мясаед – асаблівы!

Рыхтуючыся да мясапуснай суботы разважала, што прыгатаваць да святочнай вячэры. Справа сур'ёзная, будзем памінаць дзядоў і баб, і ўсіх, каго няма. У размове з мамай гаворка зайшла аб Мясаедзе і раптам яна ўсміхнулася і заспявала:

"Хутка, хутка мясаед, я паеду ў сельсавет.
У сельсавеце разбяруць, ухажорчыка дадуць!"
Дубровенскія бліны на Масленіцу
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Дубровенскія бліны на Масленіцу

Ды гэта ж бабуліна прыпеўка часоў калектывізацыі! Пацешна, парадкі новыя, а памяць аб народных традыцыях – стойкая, жывая.

Калісьці ад Каляд да Масленіцы быў самы спрыяльны час для вяселляў. Па першае, яшчэ не ўсе прыпасы з’едзеныя і ёсць што падаць на стол, а па другое, як пачнуцца звыклыя земляробчыя клопаты – будзе не да гулянак. Чакай тады восені, калі збяруць ураджай, а птушка і скаціна нагуляе тлушчу на свежай траўцы. Вось чаму яшчэ якіх гадоў з восемдзесят таму так важна было ўзяць шлюб менавіта ў зімовы Мясаед. Хоць сабе і з дапамогай сельсавета!

Ад старажытнасці і да сёння Масленіца – любімае народнае свята. Такі своеасаблівы антыдэпрэсант супраць існавання ва ўмовах цемры і халадэчы, калі толькі і забава, што схадзіць да суседкі "на сяло". А на Масленіцы, што ні дзень, то свята. Весяліцца трэба так, каб было ўсім чуваць. Не дарма ж у народзе казалі: "Якая ж гэта Масленіца, калі яе ніхто не чуе"! Вось і весяліліся ад душы паколькі ў межах народных традыцый можна было максімальна разняволіцца.

Бабскія розбрыкі на Масленку
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Бабскія розбрыкі на Масленку

Гуляюць усе: ходзяць адзін да аднаго ў госці, цешча афіцыйна любіць зяця, зяць частуе цешчу, бабы, намазаўшы шчокі бураком, а бровы ў сажу, куляюць у снег дагары нагамі трапіўшагася ім на сваю бяду мужычка, дзеўкі робяць набегі на хату сяброўкі-маладзіцы і трасуць яе падушкі, а тая мусіць адкупацца ад іх пачастункамі, пасля ўсе разам катаюцца на санках, бабы з’язджаюць з гары на пралках і вераць, што з гэтага будзе дужа добры лён, мужыкі катаюць жонак на санях і дораць ім падарункі… І ад усяго гэтага ў паветры зашкальвае каханнем. І ўсё гэта звязана з жаданнем наблізіць вясну з яе вечным адраджэннем плодных сіл зямлі, забяспечыць багаты ўраджай і дабрабыт у гаспадарцы. Вось такая яна Масленка.

А што ж моладзь? У моладзі свае задачы і звязаныя з імі забавы.

"Любіў хлопец дзеўку…"

Ёсць думка, што ў мінулым дзяцей жанілі бацькі, не прыслухоўваючыся да іх пажаданняў у выбары сабе пары. У большасці выпадкаў так і было, бо каханне лічылася не галоўнай падставай для жаніцьбы. Словы з народнай песні яскрава сведчаць аб гэтым: "Любіў хлопец дзеўку, любіў ды не ўзяў".

І ўсё ж бацькі былі не супраць, каб дзеці мелі магчымасць знаёміцца, сябраваць. Дарэчы для гэтага ў тагачаснай вясковай моладзі было не мала магчымасцей для знаёмства і збліжэння. Гэтаму садзейнічала ўся сістэма каляндарных святаў і абрадаў, якія былі той самай нагодай для сустрэч. Праз традыцыйныя нормы паводзін у нязмушаных абставінах хлопцы і дзяўчаты выяўлялі свае сімпатыі і антыпатыі.

Масленіца, якая звычайна адбывалася ў прадвесні, была поўная рамантычных адносін. Але моладзь сустракалася не толькі падчас абрадавых дзей і гулянняў. Таксама выглядалі жаніхоў і нявест у царкве, на базары, на вечарынках (попрадкі, вячоркі) у час сумеснай працы на талоках.

Паводле народнага меркавання, выгадным жаніхом лічыўся працавіты, спакойны, "няп’юшчы" хлопец з заможнай сям’і. Выгаднай нявестай – працавітая, здаровая дзяўчына, за якую давалі багатае прыданае: новую хату, грошы, карову, каня, пчол, зямлю.

Каб усё нарэшце склалася найлепшым чынам над складаннем лёсу працавалі ўсе: бацькі, самі маладыя, сваякі, запрошаныя сваты, аднавяскоўцы.

"А ты ж маладзенькі не скупіся, за калодачку расплаціся!"

Перадвясельныя гульні моладзі ў Масленіцу

Калодка.

Як масленічная забава некаторыя з гэтых старажытных гульняў працягваюць сваё існаванне ў  святочных праграмах і цяпер. Найбольш папулярная гульня "калодка".  Калодка не столькі гульня, колькі своеасаблівы знак – напамін усім хлопцам і дзеўкам, якія адкладаюць шлюб у доўгую скрыню, паспяшацца з жаніцьбай, замужжам.

Перад запальваннем вогнішча на Масленку
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Перад запальваннем вогнішча на Масленку

Гульня заўсёды суправаджаецца жартоўнымі прыпеўкамі любоўна-шлюбнага характару. Так у Хоцімскім раёне можна было пачуць:

"А ты Масленіца – белы сыр,
А хто не жаніўся – сукін сын.
А хто ажаніўся – зыдавіўся,

А хто замуж пайшоў, тэй с ума сыйшоў".

Існавала калодка "ад дзевак" і калодка "ад хлопцаў". На Магілёўшчыне калодка "ад дзевак" уяўляла сабой кавалак нятоўстага дрэва ў 30-40 см даўжынёй, упрыгожаны стужкамі і кветкамі з рознакаляровай паперы. Падчас гульні нежанатаму хлопцу знянацку навешвалі на шыю або прымацоўвалі да нагі драўляную калодку. Цягай яе пасля, пакуль не адкупішся ад вясёлай і несуцішнай дзявоцкай і нават жаночай кампаніі. Да нядаўняга часу ў Чавускім раёне дагэтуль памятаюць гэты масленічны звычай:

"На Масленіцу хлопцам, каторыя ня жэнюцца і ўжэ ў гадах, дзеўкі калодку чапляюць на шыю. Збяруцца пяць-шэсць, здолеюць хлопца і прывяжуць калодку. А ён тады ўжо адкупляіцца".

Калодка "ад хлопцаў" іншая. У Шклоўскім раёне рабілі так:

"На Масленку весела было. Хлопцы цягалі калодку – бервяно вялікае. Украсяць бутылку цвятамі з бумагі, кругом абараначкаў нацапляюць і ленту, а адзін хлопіц абаранкі цераз плячо надзеніць, і ў хату ідуць да дзеўкі. А бервяно нясуць чалавек сем. Бервяно ў парозе кінуць, бутылку на стол, і бацька той дзеўкі, к каму прышлі, знаіць, што дзелаць: закуску на стол, шчэ й гарэлкі, а тады гуляюць, песні пяюць. А як пачастунка не даш, бервяно кінуць у хаце – выцягвай як хочаш сам".

Дарэчы, гадоў сто таму на кірмашах Віцебшчыны маглі прыспешыць і незгаворлівых нявест. Як? Ды вельмі проста. У натоўпе, непрыкметна прышпільвалі да спадніцы ганарліўкі  сапраўднага салёнага селядца проста з бочкі! Вось такія забавы.

Выкраданне лялькі.

З кавалка тканіны рабілася лялька і ставілася на двары ў хлопца. Потым дзеўкі кралі яе і неслі ў двор дзяўчыны, якую кахаў хлопец. Гэта азначала, што хутка паміж імі павінна быць вяселле.

Цягаць доўбню*.

Дзяўчаты выкрадалі доўбню з той хаты, дзе жыў нежанаты  хлопец. Прывязвалі да яе абору (шнур ад лапця) і цягнулі па зямлі ў суседнюю вёску.  Іншы раз чаплялі да воза. Калі хлопцы заўважалі, то стараліся выхапіць доўбню ад выкрадальніц.

Лічылася, што хлопец паедзе сватацца ў тую вёску, дзе знаходзіцца доўбня.

Група дзяўчат выкрадала на чыім-небудзь двары доўбню, абносіла яе вакол вёскі і накіроўвалася ў суседнюю. Там яны яе хавалі.

Гэта рабілася для таго, каб у суседняй вёсцы дзяўчаты сядзелі як доўбні, а іх хутка ўзялі добрыя хлопцы.

Але пакінем у баку чытаць аб сямейнах-любоўных клопатах моладзі і ўспомнім, што час падысці да стала, на якім красуюцца жоўценькія і круглыя блінцы. Яны так нагадваюць цёплае вясновае сонейка!

Несумнай вам Масленкі, сябры!

*Доўбня – гэта спецыяльнае метровае паленка, з аднаго боку патончанае для зручнасці трымання ў руках. Яе выкарыстоўваюць пры колцы тоўстых дроў, б’ючы па абуху сякеры.

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (109)
Тэги:
Ларыса Мятлеўская, этнограф, Вяселле, моладзь, Гульні

Галоўныя тэмы