16:00 19 лістапада 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.05
  • EUR2.26
  • 100 RUB3.21
Бульбяная салата

Посцім смачна: бульбяная салата з часнаком

© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Стыль жыцця
Атрымаць кароткую спасылку
7430

Сытымі за стол не сядалі, а пра чалавека, які прагаладаўся, казалі, што ў яго "свежы рот": разам з калумністам Sputnik Ларысай Мятлеўскай прыгатуем салату, якую баіцца грып.

Нашы продкі лічылі, што ненажэры будуць пакутаваць на тым свеце, і тым не менш, як выпадала нагода, елі, як кажуць, у запас. Маўляў, еш, пакуль рот свеж, няхай лепш пуза лопне! Так любіў прыгаворваць мой дзед, частуючы свайго брата абедам. Дзед ганарыўся кулінарным майстэрствам сваёй Іванаўны, якая не выхвалялася смачнымі стравамі, а проста ставіла іх на стол. Асабліва шчыравала бабуля каля печы ўзімку.

Зімовыя стравы беларускай кухні абумоўлены тым, якія з назапашаных прадуктаў ёсць у гаспадыні і ці ўваходзяць у меню сям’і посныя стравы. Не гледзячы на тое, што цяпер вёска жыве іначай і можна купіць тое-сёе ў краме або аўталаўцы, ў лютым большасць вяскоўцаў прытрымліваецца традыцыйных для гэтага месяца страў. Дарэчы меню ў лютым смачнае і разнастайнае, паколькі ўключае ў сябе стравы з мяса, малака, яек і агародніны. Але ў гэтым годзе сюды дадаліся посныя стравы. Пра іх гаворка.

Яшчэ да нядаўняга часу старэйшае пакаленне беларусаў строга прытрымвалася царкоўнага календара, у якім пазначаліся дні посту. Колькасць харчовых прадуктаў была абмежаванай, і гаспадыня павінна была размеркаваць іх так, каб сям’я не была галоднай да новага ўраджаю. Напрыклад, ужыванне мяса абмяжоўвалася Мясаедам, які доўжыўся ў залежнасці ад даты Вялікадня чатыры — дзевяць тыдняў ад Вадохрышчаў да мясапуснага тыдня ўключна, пасля якога надыходзіў сырны тыдзень – Масленіца. Працягласцю Мясаеда найперш цікавіліся гаспадыні, бо ад гэтага залежала большае ці меншае спажыванне мяса і сала – прадуктаў, якія больш патрэбны падчас летніх работ, чым зімою.

Вёска ў лютым
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Вёска ў лютым

Сёлета Мясаед быў кароткі, таму калі зазірнуць у вясковы кубелец, то там яшчэ можна пабачыць як ад Каляд ляжыць у солі роўнымі пластамі духмянае ад часнаку і кмену сала, каўбасы, рабрынкі. Ёсць там і костачкі на сытныя баршчы ды крупнікі, а на гарышчы ў адмысловым кашы паціху падсыхаюць кумпяк і павяндліца. Шмат з гэтых прысмакаў трапіць на стол у Вялікдзень. Але аб гэтым пазней, а цяпер надышоў час Вялікага посту, і з рацыёну выключаны мяса, малочныя стравы і яйкі.

Посныя стравы смачныя і разнастайныя, але першы тыдзень посту, так званая першая седміца, час найбольш строгага ўстрымання. Уставы кляштараў прадпісваюць у гэтую сядміцу не ўжываць нават алею. Гэта так званае сухаядзенне. Ну, хто можа, той можа. І тым не менш, нават Царква, арыентуючыся на сучаснага свецкага чалавека, прапануе яму падчас посту ўжываць стравы, якія ўтрымваюць у сабе алей.  Прапаную вам прыгатаваць посную страву з майго кулінарнага сшытка, у якім большасць рэцэптаў запісана ад маёй бабулі Алены Іванаўны Грамовіч. Салата, якую мы прыгатуем, не толькі пажыўная, але і карысная, паколькі дапаможа нам у барадзьбе з авітамінозам і ўсялякімі вострымі рэспіраторнымі захворваннямі. Пачынаем?

Бульба з часнаком: салата

  • 1 кг бульбы
  • 1 цыбуліна
  • 1 галоўка часнаку
  • 0,5 шклянкі вады
  • соль
  • зеляніна

Бульбу адварыць у мундзірах (шынялёх), пастудзіць і пачысціць. Часнок пачысціць і патаўчы ў ступцы, развесці халоднай гатаванай вадой. Накрышыць кубікамі бульбу, дадаць здробненыя цыбулю і часнок, соль, перамяшаць, выкласці на талерку і пасыпаць здробненай зелянінай. Калі такой няма, то выкарыстаць сушаную пятрушку або кроп, цім'ян.

Бульбяная салата з часнаком
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Бульбяная салата з часнаком

Заўвага. Калі захочаце зрабіць невялікую порцыю салаты, то і цыбулі з часнаком дадаць трэба памяркоўна і не лішнім будзе тут алей. Я люблю сланечнікавы з пахам семак, а са спецый абрала сушаны цім'ян, зялёны часнок, які ўдала расце на маім падваконніку, і зялёны кроп, набыты ў краме.

Смачна есці і памятайце, што ў пост не варта злавацца і рабіць дрэнныя ўчынкі. Добрага вам настрою. Жадаю быць здаровымі і да сустрэчы!

Тэги:
салата, посныя стравы, бульба, Рэцэпты, Беларусь

Галоўныя тэмы