16:54 28 сакавіка 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.58
  • EUR2.84
  • 100 RUB3.31
Галоўнае
Атрымаць кароткую спасылку
2930

Для спартыўных спаборніцтваў у музейным інтэр'еры абвясцілі дрэс-код і дэдлайн.

МІНСК, 16 сту — Sputnik. Чэмпіянат Беларусі па шахматах пройдзе ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Ідэя злучыць спорт і мастацтва не новая: упершыню яна была рэалізаваная падчас матча за сусветную карону ў 2012 годзе. Для правядзення сустрэчы была абраная Трэццякоўская галерэя — галоўны музей расійскай сталіцы. У тым жа годзе Гран-пры па шахматах адбылося ў Ташкенце, у Галерэі выяўленчага мастацтва Узбекістана. У 2013 годзе міжнародны турнір "Мемарыял Алёхіна" прайшоў у найбуйнейшых музеях — парыжскім Луўры і пецярбургскім Рускім музеі. У Беларусі натхняльнікам праекта стала старшыня федэрацыі Анастасія Сарокіна.

 "Шахматы — гэта адначасова спорт, гульня, навука, мастацтва. Гэта — асаблівыя правілы, стыль паводзін, традыцыі, культура. Нам падалося, што будзе вельмі дарэчы і арганічна — правесці чэмпіянат краіны ў музеі, дзе пануе адпаведная атмасфера. Упэўнена, гэта — "а" — дадаткова мабілізуе спартсменаў і суддзяў, і "б" — проста прыгожа ", — сказала Анастасія Сарокіна.

Яна таксама адзначыла, што праект адразу ж спадабаўся дырэктару Нацыянальнага гістарычнага музея Алегу Рыжкову, які жыва рэагуе на ўсё новае, арыгінальнае.

У дні спаборніцтваў у музеі прадставяць спецыяльную экспазіцыю "АРТэфакты гульні", дзе будуць сабраныя унікальныя прадметы, звязаныя з шахматамі, а таксама тэматычныя творы сучасных беларускіх мастакоў — Марты Шматовай, Рыгора Іванова, Алены Шлегель і Анастасіі Балыш.

Спаборніцтвы пройдуць з 17 па 28 студзеня. Удзел у іх возьмуць практычна ўсе мацнейшыя шахматысты Беларусі, у тым ліку і міжнародныя грасмейстары Уладзіслаў Кавалёў, Сяргей і Андрэй Жыгалка, Аляксей Фёдараў, Аляксей Аляксандраў, Кірыл Ступака, Анастасія Зязюлькіна, Ланіта Сцяцко, Генрыета Лагвілава, міжнародны майстар Вольга Бадзелька і іншыя.

Як распавяла Анастасія Сарокіна, у звыклых для некаторых спартсменаў швэдарах і цёртых джынсах ўдзельнічаць у цяперашніх спаборніцтвах будзе нельга — музейныя інтэр'еры абавязваюць прытрымлівацца дзелавога адзення і ні ў якім разе не спазняцца.

"Некаторыя шахматысты спачатку здзівіліся, але затым да навіны паставіліся з разуменнем. Падобныя стандарты актыўна ўкараняюцца на міжнародным узроўні, мы павінны прытрымлівацца лепшых традыцый", — падкрэсліла кіраўнік федэрацыі.

Чакаецца, што ў цырымоніі адкрыцця чэмпіянату (уваход на якую будзе па запрашальных білетах) прымуць удзел кіраўнікі Мінспорту, калегі з іншых федэрацый, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, вядомыя беларускія дызайнеры адзення.

Затое ў астатнія дні любы наведвальнік музея можа зазірнуць у залу, дзе сярод карцін і артэфактаў ходзяць канём, ставяць шах і мат. Зрэшты, аматары гэтай старажытнай гульні змогуць сачыць за ходам кожнай партыі і ў рэжыме анлайн на афіцыйным сайце Беларускай федэрацыі шахмат openchess.by.

Тэги:
Шахматы, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Мінск, Беларусь

Галоўныя тэмы