МІНСК, 15 сту — Sputnik. У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі з 31 студзеня па 18 лютага будзе адкрыта выстава "Great Britain", паведамілі Sputnik у прэс-службе музея.
"Гэта сумесны адукацыйны праект мастачкі Антаніны Петрыкоўскай і музея, дзе праз карціны, музейныя прадметы, кніжныя выданні можна даведацца больш пра Вялікабрытанію, яе гісторыю, культуру і мастацтва", — распавялі арганізатары.
Пейзажы Антаніны Петрыкоўскай выкананы ў рэалістычнай манеры, але пры гэтым на дзіва рамантычныя і паэтычныя па настрою, напоўнены святлом і паветрам, любоўю да старой Англіі, дзе кожны камень, дрэва, травінка маюць нейкую сваю гісторыю.
"Вялікабрытанію мастачка ўпершыню наведала ў 2003 г. і была настолькі ўражана краінай, яе гісторыяй, мастацтвам і літаратурай, што гэта стало вядучай тэмай яе жывапісу. Яе творы знаходяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і Вялікабрытаніі", — адзначылі ў музеі.
Асаблівасць "Great Britain" у тым, што некаторыя карціны можна будзе пабачыць толькт аднойчы — на выставе: мастачка мае намер перадаць у дар частку карцін арганізацыі National Trust (UK), якая займаецца захаваннем гістарычных будынкаў, помнікаў і месцаў Вялікабрытаніі.
"15 лютага наведвальнікі выставы будуць мець магчымасць сустрэцца і пагутарыць пра Вялікабрытанію з англійскім паэтам Стывенам Джэймсам Рыдам, рукапіс паэзіі якога будзе прадстаўлены ў экспазіцыі", — дадалі ў прэс-службе.