17:57 16 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
Лёгкаатлет Міхаіл Крываносаў

Міхаіл Крываносаў – уладальнік першага алімпійскага медаля БССР

© Sputnik/ Леонид Доренский
Асоба
Атрымаць кароткую спасылку
35 0 0

На алімпійскі п'едэстал беларус узышоў з другой спробы, усталяваўшы перад гэтым пяць сусветных і з дзесятак рэкордаў Савецкага Саюза.

Вера Дашкевіч, Sputnik.

Беларускія спартсмены ўпершыню прыехалі на Алімпіяду ў 1952 годзе. Гульні праводзіліся ў Хельсінкі і былі першымі для савецкіх атлетаў. За год да гэтага МАК прызнаў Нацыянальны алімпійскі камітэт СССР і тым самым даў дабро на ўдзел.

Сярод сямі беларусаў, якія ўвайшлі ў савецкую зборную, быў і кідальнік молата Міхаіл Крываносаў. У Хельсінкі ён застаўся без медаля, затое на наступнай Алімпіядзе 1956 года ў Мельбурне ўзяў "серабро", якое прынята лічыць першай безумоўнай алімпійскай узнагародай беларускіх спартсменаў.

Капітан, які не адбыўся

Наогул ураджэнец Крычава Міхаіл Крываносаў марыў пра мора — хацеў паступіць у мараходку, нават прыехаў пасля заканчэння школы ў Ленінград і падаў дакументы ў марскую вучэльню, але не прайшоў па конкурсе. У выніку апынуўся ў Падмаскоўі ў дзядзькі, які ўзначальваў Малахаўскі тэхнікум фізкультуры.

А потым былі ўжо інстытут фізкультуры ў Мінску і шматлікія перамогі на розных турнірах. У 1950-м Крываносаў — чэмпіён і рэкардсмен рэспублікі, у 1952 — стаў лепшым у СССР, у 1954 — скарыў Еўропу, усталяваўшы пры гэтым ужо сусветны рэкорд.

За наступны перадалімпійскі год Крываносаў абнаўляў сусветны рэкорд яшчэ пяць разоў. Але ззаду яго ўжо падпіраў амерыканец Гаральд Коналі.

Усё вырашылі сантыметры

Дуэль двух лепшых на той момант кідальнікаў молата скончылася перамогай амерыканца. Усё вырашылі сантыметры — молат Коналі ў адной са спроб паляцеў далей на 16 сантыметраў.

У беларуса яшчэ заставалася магчымасць палепшыць вынік, але яго апошнюю спробу не залічылі. Ён парушыў правілы — выскачыў падчас кручэння молата з кола, а гэтага рабіць было нельга. Потым былі здагадкі, што беларус спатыкнуўся, заблытаўшыся ў нагавіцах-шараварах, у якіх тады выступалі спартсмены. Але суддзі засталіся непахісныя.

На Гульні ў Рым у 1960 году Крываносаў ужо не патрапіў, хоць першапачаткова і планаваў. Перашкодзіла траўма, якую сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Мельбурне атрымаў на адной з сілавых трэніровак.

Ад Крываносава да Мяньковай

Крываносаў "заразіў" кіданнем молата Валерыя Варанцова, які ў сваю чаргу выхаваў алімпійскую чэмпіёнку Пекіна-2008 Аксану Мянькову.

У адзін са сваіх прыездаў на радзіму ў Крычаў прызёр Алімпіяды Крываносаў прыйшоў у мясцовую школу і па просьбе фізрука паказаў хлапчукам, як ён усталёўвае рэкорды. Варанцоў быў якраз сярод тых хлапчукоў.

"Памятаю, Міхаіл Пятровіч з аднаго абароту кінуў молат, які пераляцеў праз футбольнае поле школьнага стадыёна, упаў і зламаў лаўку. Нас гэта незвычайна ўразіла — вось гэта сіла, вось гэта кідок. На наступны дзень уся дзятва ўжо шукала прыдатныя для молата дэталі. Цагліны, камяні, жалязякі прывязвалі да дроту. Аднойчы хтосьці знайшоў кавальскі молат, яго таксама прыстасавалі для гэтай мэты і кідалі, кідалі. Натуральна, што як толькі ў Крычаве адкрылася секцыя па лёгкай атлетыцы, мы ўсе дружна ў яе запісаліся", — распавёў заслужаны трэнер Беларусі.

Тэги:
Алімпійскія гульні-2016, Хельсінкі
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы