Вера Дашкевіч, Sputnik
На лёс Зыгмунта Мінейкі прыпала столькі падзей і здзяйсненняў, што хапіла б на некалькі кніг розных жанраў — ён мог бы быць героем і баевіка, і гістарычнага дэтэктыва, і вытворчай гісторыі, і сямейнай сагі.
Аднакласнік Багушэвіча і паплечнік Каліноўскага
Мінейка быў патомным шляхціцам. Яго бацькі так і не змірыліся з падзелам Рэчы Паспалітай, гадавалі дзяцей у непрыязні да царскага самадзяржаўя. Гэтыя ж ідэі луналі і ў Віленскай гімназіі, дзе вучыўся Зігмунд. Там, дарэчы, ён пасябраваў з будучым паэтам Францішкам Багушэвічам.
А потым былі артылерыйскае імператарскае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу і паўстанне Каліноўскага. Мінейкі былі ў сваяцтве з героем Крымскай вайны, знакамітым генералам Эдуардам Татлебену, які і прадставіў юнага Зігмунда патрону вучылішча — імператару Аляксандру II.
"Маленькі ліцвін на пачатку размовы быў занадта баязлівы, на прыканцы — занадта адважны. Увогуле, як і ўсе выхадцы Паўночна-Заходняга краю", — запісаў у той дзень генерал-ад'ютант.
Пецярбургскае вучылішча Мінейка не скончыў, з'ехаў на дапамогу паўстанцам Кастуся Каліноўскага. У Ашмянах пачаліся маніфестацыі. Яму, як падрыхтаванаму афіцэру, даверылі атрад паўстанцаў у роднай ваколіцы. Але сяляне разышліся па сваіх надзелах, бо якраз быў сезон сельгаспрац, у выніку ў яго засталося 28 штыкоў — іх выступ быў задушаны, а Мінейка арыштаваны.
Смяротны прысуд і Бісмарк
Мінейка, як і Каліноўскаму, пагражала смяротнае пакаранне. Пры затрыманні Зігмунда моцна збілі, таму выканання прысуду ён чакаў у турэмным лазарэце і ўвесь час даймаў наглядчыкаў просьбамі "прынесці што-небудзь пачытаць". Яму прынеслі — кнігу пад назвай "Прастытуцыя ў Парыжы". За чытаннем гэтага дзіўнага твора яго і заспеў старшыня міжнароднай камісіі, які правяраў у той час умовы ўтрымання зняволеных у расійскіх турмах. Правяральны быў уражаны выбарам смяротніка. А потым, калі яны разгаварыліся — яшчэ і яго кругаглядам, розумам ды красамоўствам.
Праз шмат гадоў Ота Фон Бісмарк — а гэта ён вывучаў расійскія турмы — згадваючы Мінейку, казаў сваім памочнікам, што нядрэнна б "пасадзіць у наш парламент аднаго паляка, якога я аднойчы бачыў у рускай турме".
Паводле адной з версій, менавіта Бісмарк настаяў на тым, каб начытанаму паляку замянілі смяротнае пакаранне катаргай.
Парыж замест катаргі і храм Зеўса
Да катаргі Мінейка так і не даехаў. Воляй лёсу яму дасталіся дакументы памерлага таварыша, асуджанага на вольнае пасяленьне. Там ён падсабраў грошай, ствараючы і прадаючы знакамітыя папяровыя кветкі — такія рабілі толькі ў яго Балванішках, — купіў дакументы і перабраўся ў Парыж.
Вучобу ў Парыжскай ваеннай акадэміі яму аплаціў Напалеон III. Мінейка стаў дыпламаваным ваенным інжынерам, будаваў дарогі, масты, пракладваў першую чыгунку ў Балгарыі, за што быў удастоены высокай турэцкай узнагароды.
А потым перабраўся ў Грэцыю і проста закахаўся ў гэтую краіну. Ажаніўся, завёў семярых дзяцей. Але працягваў будаваць і, калі трэба, ваяваць. Да прыкладу, удзельнічаў у войнах за незалежнасць Грэцыі супраць Турцыі, ад якой меў узнагароду. У той вайне ён праявіў сябе бліскучым фартыфікатарам.
Мінейка праславіўся ў Грэцыі яшчэ і як вельмі паспяховы археолаг — здолеў знайсці храм Зеўса ў Додону. Да яго археолагі беспаспяхова спрабавалі адшукаць гэты храм больш за 200 гадоў.
Алімпіяда і высокапастаўлены ўнук
Калі Афіны ў 1896 году пачалі рыхтаваць да I Алімпійскіх гульняў сучаснасці, Мінейка узначальваў Дэпартамент публічных работ. Гэта значыць па абавязку службы прымаў самы непасрэдны ўдзел у аднаўленні і будаўніцтве спартыўных аб'ектаў.
Ён асабіста, да прыкладу, курыраваў рэстаўрацыю Мармуровага стадыёна. А ў дні спаборніцтваў паспрабаваў сябе ў яшчэ адной ролі — спартыўнага журналіста, пісаў для польскіх выданняў рэпартажы пра алімпійскія спаборніцтвы.
Па сукупнасці выбітных заслуг перад краінай у 1910 годзе насуперак усім правілам іншаземцу Зігмунду Мінейка было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі з уручэннем вышэйшай ваеннай узнагароды.
Але ён унёс і яшчэ адзін — ужо апасрэдаваны — уклад у развіццё Грэцыі. Яго ўнук Андрэас Папандрэу двойчы станавіўся прэм'ерам краіны і, па сутнасці, стаў адным з заснавальнікаў сучаснай грэчаскай палітычнай сістэмы. У новым стагоддзі грэчаскі ўрад узначальваў ужо праўнук Мінейка — Георгіяс Папандрэу.
Мінейка пражыў каля 85 гадоў. У 80 яшчэ з'ездзіў у Ашмяны — развітацца з радзімай. Кажуць, перш за ўсё, прыехаўшы ў Ашмяны, ён стаў на калені і пацалаваў родную зямлю.