16-17 снежня ў вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці мясцовыя жанчыны правялі абрад пераносу Варварынскай свечкі. Традыцыя гэта жаночая, і прысутнасць мужчыны пры гэтым забараняецца. Свечка сімвалізуе вобраз святой, таму дапускаюцца да працэсу яе пераапранання толькі жанчыны — удзельніцы свячнога саюза.
Са слоў гісторыка Зміцера Скварчэўскага, захаваліся згадкі пра свячныя саюзы яшчэ ў ХІІ стагоддзі, і ёсць падставы меркаваць, што абрад вельмі старажытны і першапачаткова сімвалізаваў культ агню.
Цікава, што абрад распаўсюджаны не толькі на этнічнай тэрыторыі Беларусі, але і ў месцах пражывання беларусаў (у Сібіры, напрыклад). На дадзены момант абрад Свечка застаўся толькі ў некалькіх раёнах Усходняй Беларусі, хоць існуюць звесткі пра бытаванне абраду на Брэстчыне, Мядзельшчыне, Барысаўшчыне.