Калядаванне — адзін са старажытных абрадаў беларусаў. З паганскіх часоў Каляды захаваліся як свята зімовага сонцастаяння і нараджэння новага сонца. Зараз цыкл калядных святаў адзначаюць у розных рэгіёнах з 25 чысла ў каталікоў, заканчваюцца яны абрадам "Каляда на Дуба" 21 студзеня ў Бярозаўскім раёне.
Калядоўшчыкі ходзяць з абраднымі песнямі ад хаты да хаты і за свае забавы просяць пачастункі. Асноўнымі персанажамі калядавання з'яўляюцца: каза, мядзведзь, чорт, журавель, часам салдат або цар, цыган і яўрэй. Калядоўшчыкаў нельга не прыняць. Трэба абавязкова запрасіць за стол і пачаставаць усім, чым багаты, тады і багацце будзе весціся.
Кожны персанаж грае сваю ролю. Напрыклад, каза заўсёды падае пасля танцаў ля ног гаспадара дома, і яе трэба залагоджваць, адпойваць "святой вадой", даць скрылячку сала і па абаранке на рогі. Мядзведзь-навуковец, з самой смаргонскай акадэміі, умее з чортам змагацца і грымасы розныя рабіць. Яўрэй эксперт па прысмаках, калі што "дрэнна" прыгатавана, усё забірае сабе.