Новы замак у Гродна на адзін дзень перанёсся ў сярэдзіну XIX стагоддзя. Бліжэй да вечара яго залы напоўніліся святочным, стракатым натоўпам: элегантныя кавалеры вялі пад руку сваіх дам, граў квартэт, а наваксаваны паркет блішчаў, як люстэрка. Было чуваць шорах спадніц і смяшкі. Схаваўшыся за веерамі, абмяркоўвалі сукенкі, прычоскі, з кім давядзецца сёння станцаваць мазурку і хто ўжо знайшоў сабе vis-a-vis на кадрылю.
У балю не было жорсткай праграмы — кожная пара магла звярнуцца да распарадчыка і папрасіць абвясціць той танец, які яны жадаюць. Полькі чаргаваліся з вальсамі, мільгалі ўсмешлівыя твары, якія расчырванеліся ад танца і задавальнення. У перапынках кавалеры беглі ў буфет выпіць шклянку вады — і зноў у залу, дзе яшчэ так шмат прыгожых дам, якія чакаюць, каб іх запрасілі на танец.
Баль пад назвай "Шляхецкая ідылія" працягваўся больш за чатыры гадзіны, і бліжэй да канца многія ледзь трымаліся на нагах. Тыя, хто быў не ў сілах больш танцаваць, маглі падняцца на другі паверх, у салон, і за гульнямі, папулярнымі ў пазамінулым стагоддзі, прабавіць рэшту вечара, або прагуляцца перад замкам і зрабіць фота на памяць.