МІНСК, 13 сту – Sputnik. YouTube заблакіраваў акаўнт пакуль яшчэ дзеючага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Адзін з найбуйнейшых сусветных відэахостынгаў далучыўся да іншых платформ, якія раней абмежавалі прысутнасць кіраўніка Белага дома ў сацыяльных сетках.
Як растлумачылі ў YouTube, рашэнне прынята "пасля дбайнай праверкі і ў святле засцярогаў пастаянна існуючай верагоднасці ўзнікнення гвалту". Выдалены апошнія запісы прэзідэнта. І выпушчана папярэджанне з-за парушэнняў палітыкі ў дачыненні да кантэнту.
Зрэшты, абмежаванне часовае. Акаўнт заблакіраваны на тыдзень. Але ў хостынгу не выключылі, што праз сем дзён блакіраванне падоўжаць на большы тэрмін.
Апроч іншага, у акаўнце Дональда Трампа адключылі каментарыі пад раней апублікаванымі відэаролікамі.
Шматлікія амерыканскія палітыкі віталі такое рашэнне YouTube. Але многія засталіся незадаволеныя мерай, назваўшы яе "мяккай". І патрабуюць ад партала зусім заблакіраваць Трампа. У адваротным выпадку абяцаюць зладзіць байкот з боку рэкламадаўцаў.
Нагадаем, раней адміністрацыя Twitter абвясціла, што назаўсёды заблакіравала акаўнт амерыканскага лідэра. Кіраўніка белага дома абвінавацілі ў падбухторванні да гвалту. Прыкладу Twitter рушылі ўслед Facebook і Instagram, там рашэнні аб блакіраванні прынялі толькі на 24 гадзіны.
Тым часам у ЗША набірае папулярнасць мессенджер Паўла Дурава. Больш за паўмільёна амерыканцаў спампавалі праграму Telegram за чатыры дні пасля таго, як акаўнты Дональда Трампа сталі недаступныя.
Папулярнасць прыкладання таксама тлумачаць адключэннем сацсеткі Parler, якой аддавалі перавагу прыхільнікі Трампа, і зменам прыватнасці WhatsApp.