МІНСК, 1 лют — Sputnik. Дзіцячае "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў Грузіі, паведамілі Sputnik у Еўрапейскім вяшчальным саюзе.
Прадстаўніца гэтай краіны 11-гадовая Марыям Мамадашвілі ў 2016 годзе стала пераможцай творчага спаборніцтва з песняй "Mzeo" ("Сонца"). Хаця не перамога юнай грузінкі стала вызначальнай пры абранні месца правядзення дзіцячага "Еўрабачання". У адрозненні ад дарослага, дзіцячы конкурс не "прывязваецца" да краіны, прадстаўнік якой стаў пераможцам.
Прымаць конкурс Грузія будзе ўпершыню. У Мінску дзіцячае "Еўрабачанне" праходзіла ў 2010 годзе.
Беларусь удзельнічае ў дзіцячым "Еўрабачанні" з моманту яго заснавання ў 2003 годзе. За 14 гадоў юныя беларусы двойчы перамагалі на конкурсе, адзін раз атрымлівалі "срэбра" і двойчы — "бронзу".
У 2016 годзе Беларусь на конкурсе прадстаўляў 12-гадовы Аляксандр Мінёнак з песняй "Музыка маіх перамог". Па выніках галасавання са 177 ачкамі ён заняў сёмае месца, аднак доўгі час Саша не выходзіў з ТОП-3.