МІНСК 13 крас — Sputnik. У Мінску ў Палацы мастацтваў з 14 красавіка адкрываецца пастаянна дзеючая галерэя праекта "Арт-Беларусь".
У Беларусі ўпершыню ў рамках аднаго арт-праекта ў рамках адзінай экспазіцыі выстаўлены больш за 50 твораў беларускага мастацтва з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.
Суцін у працоўным кабінеце
Сярод экспануемых аўтараў — майстры сусветнага ўзроўню Марк Шагал, Хаім Суцін, Леон Бакст, Восіп Цадкін, Міхаіл Кікоін, Фердынанд Рушчыц, Валенцій Ваньковіч і іншыя.
Прэзентуючы ўнікальную выставу, кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка падкрэсліў, што "ўпершыню ў адкрытым доступе і на пастаяннай аснове ў Беларусі ўтвараецца кропка, дзе сабраны самыя значныя імёны беларускага мастацтва".

"Многія думаюць, што Суцін вісіць у маім кабінеце і я кожны дзень на яго гляджу. Ужо не вісіць, ён тут, Цадкін і ўсе астатнія", — пажартаваў Бабарыка.
Паводле яго слоў, усе, хто наракаў, што не можа пісаць пра Шагала, не ўбачыўшы яго на ўласныя вочы, могуць прыйсці на выставу і паглядзець.

Бясплатны wi-fi і сэлфі
Куратар карпаратыўнай калекцыі банка Аляксандр Зіменка распавёў, што "на сённяшні дзень у калекцыі банка знаходзіцца больш за 110 твораў мастацтва, тут вы бачыце крыху менш за палову".
Паводле яго слоў, пад час працы над экспазіцыяй было вырашана трохі пахуліганіць і адмовіцца ад храналагічнага прынцыпу фарміравання экспазіцыі. Выстава сабрала самыя значныя творы з калекцыі.

Аляксандр Зіменка адзначыў, што выстава накіравана на шырокага гледача, але акцэнт робіцца на моладзь у першую чаргу, для гэтага прадугледжаны максімальны інтэрактыў ад бясплатнага wi-fi да ратацыі калекцыі ў залежнасці ад каментароў і колькасці сэлфі з працамі майстроў.
Імёны, якімі варта ганарыцца
"Мы хочам паказаць, што ў Беларусі ёсць імёны, якімі варта ганарыцца. Для таго, каб атрымаць асалоду ад выдатных твораў мастацтва не трэба ехаць у Вільнюс, Маскву, Берлін, Парыж, а можна проста прыехаць у Палац мастацтваў", — падкрэсліў куратар калекцыі.

У далейшым, па яго словах, экспазіцыя выставы стане пляцоўкай правядзення самых розных культуралагічных праектаў, пачынаючы ад дэманстрацыі фільмаў, розных майстар-класаў і дыскусій, да 3D кніжнай майстэрні Францыска Скарыны, дзе можна будзе не толькі даведацца, як друкавалася першая беларуская кніга, але і паспрабаваць выканаць квэст.