МІНСК, 20 кра — Sputnik. Выстава "Мастак і горад" на плошчы Якуба Коласа пройдзе ў Мінску з 27 красавіка па 9 верасня 2017 года. Сучаснае беларускае мастацтва будзе радаваць мінчан і турыстаў напрацягу чатырох месяцаў.
Паводле словаў арганізатараў, у гэтым годзе выстава пазнаёміць наведвальнікаў з 35 беларускімі мастакамі. Яна задумана як своеасаблівы зрэз сучаснага беларускага мастацтва. Сярод аўтараў народныя і заслужаныя мастакі Беларусі: Леанід Хобатаў, Уладзімір Савіч, Анатоль Бараноўскі, Зоя Літвінава, Уладзімір Зінкевіч і многія іншыя.
"Дадзены праект стаў удалым прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнерства і аздаблення горада. Мы арганізоўваем выставу па-сапраўднаму залатой калекцыі нашага жывапісу. Гэта той фундамент, на якім зараз базуецца сучаснае мастацтва", — адзначыла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама Марына Ясюк.
Адзін з удзельнікаў выставы — мастак Леанід Хобатаў падкрэсліў, што "зараз беларускае мастацтва не знаходзіцца ў ролі даганяючага. Мы смела можам казаць, што беларускае мастацтва — гэта не правінцыя. Гэта самостойная з'ява, якой патрэбна даць магчымасць выхаду на агульнаеўрапейскі культурны прастор".
"Гэты праект цікавы людзям і кожны раз атрымоўваецца розным. Раней ён задумваўся як выстава аднаго мастака. Потым мы зразумелі, што трэба паказваць проста беларускіх мастакоў, якіх ведае абмежаваны круг людзей. Такім чынам у нашым праекце з'явіліся сучасныя беларускія мастакі", — распавяла гендырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч.
Па яе словах, на плошчу Якуба Коласа будуць вынесены тыя мастакі, якія з'яўляюцца залатым фондам беларускага мастацтва. Беларускае мастацтва вельмі цікавае і заўсёды знойдзе свайго гледача.
Арганізатары выставы адзначылі, што згодна з дадзенымі, якія прадставілі ім у МУС, штодзённа праз плошчу Якуба Коласа праходзіць каля 30 тысяч чалавек. Такім чынам нескладана падлічыць, што за чатыры месяца з выставай "Мастак і горад" пазнаёміцца каля 2 мільёнаў чалавек.
Пад час адкрыцця выставы 27 красавіка пройдзе бясплатная лекцыя пра мастацтва і экскурсія па экспазіцыі ад мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча.