МІНСК, 5 вер — Sputnik. Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі 23 верасня стане пляцоўкай для касцюміраванага баля "Поры года", паведамілі Sputnik у музеі.
"Цудоўныя танцмайстры дапамогуць атрымаць асалоду ад танцавальнага мастацтва ХІХ стагоддзя пад музычнае суправаджэнне салістаў ансамбля "Вытокі", — дадалі арганізатары баля.
Музыка і бальныя танцы дапамогуць адчуць апошнюю прыгожую эпоху ў "Паўночных Афінах", як называлі сядзібу ў Залессі пры жыцці Міхала Клеафаса Агінскага.
Праграма мерапрыемства прадугледжвае тэатралізаваную сустрэчу з Агінскім і яго выбітнымі гасцямі — знакамітай піяністкай Марыяй Шыманоўскай і палкоўнікам Каралем Пшэздзецкім.
Таксама гасцей мерапрыемства чакаюць майстар-класы па касцюмах ад гісторыка моды Святланы Івановай-Кліманскай і ўрок балетнага майстэрства ад школы танцаў La Camargo.
Самыя адчайныя могуць прыняць удзел у старадаўняй уланскай гульні — "Дуэль-шампань". Перамагае той, хто падчас паядынку на шаблях расплюхае менш шампанскага з куфля.
Аматараў сэлфі чакаюць спецыяльныя фотазоны і фуршэт у знакамітай аранжарэі Агінскіх.